У Гомельскай вобласці адкрыты новы паклад нафты
Фантанны прыток атрыманы на Рэчыцкім радовішчы ў выніку бурэння разведачнай свідравіны на глыбіні 2.826-2.870 метраў, паведамляе прэс-цэнтр прадпрыемства. Пачатковы дэбіт свідравіны склаў амаль 100 тон нафты ў суткі.
Новы паклад выяўлены на этапе даразведкі ўжо распрацаваных радовішчаў пры асваенні ланска-старааскольскага гарызонту. Бурэнне свідравіны планавалася зыходзячы з вынікаў навукова-даследчых
пошукаў маладых вучоных «БелНДПІнафты» (навукова-даследчы інстытут ВА «Беларуснафта») і было пачатае ў жніўні 2014 года. Праектная глыбіня свідравіны па ствале
склала 2 875 метраў.
Паводле аператыўных падлікаў, патэнцыяльныя геалагічныя запасы новага пакладу складаюць 1048 тыс. тон, з іх тыя, што здабываюцца, — 315 тыс. тон.
Ідзе падрыхтоўка да пастаноўкі гэтых запасаў на дзяржаўны баланс, а таксама іх уцягванне ў распрацоўку Рэчыцкага радовішча. Плануецца бурэнне чатырох здабыўных і адной нагнятальнай
свідравіны.
«Адкрыццё новага пакладу пацвярджае, што пры ўсёй вывучанасці геалогіі Рэчыцкага радовішча яго рэсурсная база не да канца вычарпаная, — гаворыцца ў паведамленні прэс-цэнтра
прадпрыемства. — Акрамя таго, гэта стала ўдалай пробай сіл сумеснага беларуска-італьянскага праекта — першай эшалоннай буравой устаноўкі «Дрылмек» —
«Сейсматэхніка», прызначанай для кустовага бурэння».
БелаПАН