У Барысаве на заводзе «Агрэгаты» чакаецца звальненне 216 рабочых
Чытач Barysau.by Дзмітрый Х. даслаў дакумент, падпісаны Андрэем Лобачам, дырэктарам завода "Агрэгаты". Напрацягу 2014 года на прадпрыемстве павінна адбыцца «аптымізацыя» колькасці працоўных ў бок яе радыкальнага змяншэння. Амаль кожны сёмы работнік ААТ «БЗА» будзе адпраўлены на вуліцу.
Скарачэнне закране падаўляльную большасць аддзелаў і цэхаў. Такім чынам, на заводзе «Агрэгаты» з 1420 работнікаў да канца года павінны застацца 1 204. Звальненні будуць адбывацца штомесячна.
Нагадаем, што прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч у інтэрв'ю праграме «Карціна свету» на тэлеканале «РТР-Беларусь»заявіў, што краіне патрэбна беспрацоўе. «Мы шмат гаворым аб адказнасці дырэктара, галоўнага канструктара — гэта ўсё зразумела. Але калі сотнямі з прадпрыемства звальняюцца за парушэнне працоўнай і вытворчай дысцыпліны і потым пераходзяць на другі бок вуліцы і уладкоўваюцца на новае прадпрыемства — так быць не можа. Павінен быць рынак працы. Калі той жа рабочы не будзе адчуваць дыхання ў патыліцу — ён абавязкова будзе працаваць дрэнна. Прынамсі, не заўсёды якасна».
Адказваючы на пытанне вядучага праграмы Юрыя Казіяткі, ці патрэбна беспрацоўе, Мясніковіч заявіў: «Патрэбна». 3–4%, па яго словах, гэта нармальна, паведамляе БелаПАН. «Калі мы гаворым аб рынкавых адносінах, то павінен быць рынак працы. І наймальнік на рынку працы мае права выбіраць лепшых», —
канстатаваў прэм'ер-міністр.