«У сувязі з санкцыямі ЕС». Буйная брытанская анлайн-крама больш не працуе з Беларуссю
Карыстальнікі ASOS заўважылі, што пры спробе зрабіць заказ нельга выбраць Беларусь як краіну для дастаўкі. Аказалася, сэрвіс часова не пастаўляе тавары ў нашу краіну — з-за санкцый Еўрасаюза.
Пры спробе выбраць Беларусь як краіну для дастаўкі на сайце ASOS пішуць: «Sorry, the delivery options are currently unavailable» (На жаль, варыянты дастаўкі ў цяперашні час недаступныя).
Журналісты Citydog напісалі ў службу падтрымкі і спыталі, у чым справа. Там адказалі: «У сувязі з санкцыямі ЕС мы больш не можам дастаўляць заказы ў Беларусь, на жаль».
ASOS — брытанская анлайн-крама адзення і касметыкі. Кампанія была заснавана ў 2000 годзе ў Лондане і ў першую чаргу была арыентавана на моладзь. Вэб-сайт прадае больш за 850 брэндаў, а таксама свой уласны асартымент адзення і аксесуараў.
Назва ASOS першапачаткова пазначала фразу «As Seen On Screen» са слоганам «купляй тое, што бачыш у кіно і па тэлевізары», бо крама займалася продажам адзення знакамітасцяў (напрыклад, яна прадавала чырвоную скураную куртку Брэда Піта з фільма «Байцоўскі клуб»). У цяперашні час магазін факусуецца на продажы моднай вопраткі і аксесуараў.