За суткі польскія памежнікі не ўпусцілі 200 уцекачоў з тэрыторыі Беларусі

Былі затрыманыя 7 нелегальных мігрантаў. Усе яны — грамадзяне Ірака.

fda11690_8714_4ead_b759_cb0cad784d6b_w1023_r1_s.jpg


Супрацоўнікі памежнай службы Польшчы прадухілілі 200 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Польшчай з тэрыторыі Беларусі, расказала прэс-сакратарка Памежнай службы Анна Міхальска.

— Функцыянеры затрымалі сем нелегальных мігрантаў. Усе яны грамадзяне Ірака. Акрамя таго, за дапамогу ў нелегальным перасячэнні мяжы былі затрыманыя двое грамадзян Польшчы і грамадзянін Сірыі з нямецкім відам на жыхарства. Задачай мужчын было забраць нелегальных мігрантаў з мяжы і завезці іх, хутчэй за ўсё, углыб Польшчы, а нават у Германію, — цытуе прэс-сакратарку Радыё Свабода.

Памежная служба паведамляе, што за жнівень было зафіксавана 3,5 тысячы спробаў незаконнага перасячэння польскай мяжы з Беларусі. Было затрымана амаль 1000 уцекачоў. Год таму, у жніўні, памежнікі не фіксавалі спробаў перасячэння польскай мяжы з Беларусі.