У Беларусі абяцаюць запусціць аналаг Booking і Airbnb

Гэтым летам у Беларусі чакаецца запуск сэрвісу браніравання жылля для падарожнікаў, аналагічнага Booking і Airbnb, якія спынілі працу ў нашай краіне. Сэрвіс ствараюць на базе сайта «Белкрай».

343f8c4e5e3730df213f50310795031b.jpeg


Па словах заснавальніка «Белкраю» Барыса Якавіты, на яго сайце ўжо рэалізавана анлайн-браніраванне экскурсій. Ёсць і раздзел з аграсядзібамі, але толькі ў выглядзе звычайнага каталога, яго стварылі шэсць гадоў таму і не развівалі. Пасля сыходу з беларускага рынку Booking і Airbnb стваральнікі «Белкраю» зразумелі, што з'явілася магчымасць заняць вызваленую нішу, распавёў officelife.media Якавіта.

Цяпер, кажа Якавіта, каманда ўжо працуе над паўнавартасным сэрвісам анлайн-браніравання, у якім уладальнікі змогуць наладжваць каляндар занятасці і кошты, а турысты змогуць рэзерваваць і аплачваць жыллё. Запусціць сэрвіс плануецца да пачатку ліпеня.

Нагадаем, пасля пачатку вайны ва Украіне міжнародныя сэрвісы Booking і Airbnb спынілі прадастаўленне магчымасці па здачы і з'ёму гатэляў, кватэр, сядзіб і астатняга жылля ў Расіі, а таксама ў Беларусі, якая лічыцца памагатым краіны-агрэсара.