Толькі 4 з 100 турыстаў, што прыехалі ў Беларусь у мінулым годзе, былі не з Расіі

Доля расійскіх турыстаў у Беларусі склала 96%. За апошні час істотна змяніліся кірункі адпачынку і саміх беларусаў, і інтарэсы замежных гасцей, што прыехалі ў нашу краіну.

_belarus_babrujsk_szpacyr_2023_fota_novy_czas__6__logo.jpg

Па меры аднаўлення турызму пасля пандэміі расце колькасць замежнікаў, якія наведваюць Беларусь, а таксама жыхароў Беларусі, якія адпачываюць за межамі краіны, пішуць Вашы грошы. 

У 2023 годзе колькасць турыстаў і экскурсантаў, якія арганізавана наведалі Беларусь, склала 233 тысячы чалавек. Гэта адразу ў паўтара раза больш, чым годам раней.

З іншага боку, узрасла і колькасць беларусаў, якія жадаюць адпачыць за мяжой. Такіх Белстат налічыў 501 тысячу чалавек. Аднак, для параўнання, у дапандэмійным 2019 годзе аналагічны паказчык дасягаў амаль мільёна.

Глядзіце таксама

За апошні час істотна змяніліся кірункі адпачынку саміх беларусаў, а таксама інтарэсы замежных гасцей. Так, калі на піку ўязнога арганізаванага турызму ў Беларусь у 2019 годзе доля расійскіх турыстаў і экскурсантаў была каля 54%, то ў 2023 годзе ўжо 96%! Выходзіць, толькі 4 з 100 гасцей Беларусь у мінулым годзе былі не з Расіі.

Закрыццё авія- і чыгуначнага злучэння ў заходнім і паўднёвым кірунку, візавыя складанасці, вайна ў рэгіёне змянілі турыстычныя патокі беларусаў. Калі ў 2019 годзе Расію выбірала 16% турыстаў і экскурсантаў з Беларусі, то ў 2023 годзе ўжо 27%. 

Глядзіце таксама

Папулярныя раней у беларусаў краіны Балгарыя і Грэцыя згубілі турпаток. Грэцыю цяпер выбірае 2% беларускіх турыстаў замест 3%, Балгарыю — 0,1% замест 5%. Затое выраслі такія кірункі, як Грузія — з 1,8% да 6%, ААЭ — з 0,8% да 13%. 

Ваенныя дзеянні спынілі турызм ва Украіне. Між тым, яшчэ 2019 годзе там адпачывала 15% беларускіх турыстаў.

Такія радыкальныя перамены ў карціне тыповага адпачывальніка беларусаў і замежных турыстаў, якія выбіраюць Беларусь, мусяць перафарматаваць сферу адпачынку і забаў. І гэта наўрад ці пойдзе галіны на карысць.

З аднаго боку, беларусы па-ранейшаму будуць імкнуцца праводзіць адпачынак па-за краінай, толькі выбіраць для гэтага стануць іншыя даступныя варыянты — як па грошах, так і па лагістыцы.

З іншага боку, арыентацыя толькі на расійскага турыста ў доўгатэрміновай перспектыве не прынясе беларускай туріндустрыі ні грошай, ні развіцця. Без заходніх гасцей будзе станавіцца ўсё менш жадаючых дакрануцца да савецкай спадчыны, што пануе ў нашай краіне, а заможны расійскі турыст знойдзе спосабы адпачыць у ЕС, на Блізкім Усходзе або ў Азіі.

Глядзіце таксама


Глядзіце таксама

Нагадаем, як пісаў НЧ, у мінулым годзе расіяне страцілі цікавасць да «картачных» і шопінг-тураў у Беларусь, якія былі вельмі папулярныя яшчэ ў 2022 годзе.