«Stadler» можа сысці з Беларусі
Сусветны прамысловы гігант рыхтуецца перанесці вытворчае падраздзяленне ва Украіну.
Украінскія СМІ пішуць пра тое, што швейцарская кампанія «Stadler» рыхтуецца перанесці ва Украіну сваё вельмі магутнае вытворчае падраздзяленне, створанае ў папярэднія гады ў Беларусі. Цяпер беларуская «дачка» «Stadler» дасягнула 20% сусветнага аб'ёму выпуску гэтай міжнароднай карпарацыі — гэта другі па маштабе завод швейцарскай групы.
Аднак у мінулым годзе кампанія сутыкнулася ў Беларусі з праблемамі: швейцарскія праваабарончыя арганізацыі запатрабавалі, каб кампанія «Stadler Rail» і яе кіраўнік цалкам дыстанцыяваліся ад людзей, якія захапілі ўладу ў Беларусі. Цяпер у кампаніі паўсталі яшчэ і эканамічныя праблемы, звязаныя з увядзеннем санкцый — яны могуць цалкам паралізаваць вытворчасць.
У гэтай сітуацыі ўсё выглядае так, што кіраўніцтва канцэрна «Stadler» вырашыла стварыць вытворчую пляцоўку ва Украіне — у гэтым годзе кампанія актывізавала ўсе кантакты з суседняй краінай. Не выключана, што «Stadler» плануе перанесці туды магутнасці завода ў Беларусі, дзе рызыкі для вядзення бізнесу сталі занадта высокімі.
На заводзе ў Фаніпалі цяпер працуюць 1500 чалавек. Агульны аб'ём швейцарскіх інвестыцый у беларускі праект дасягнуў 100 млн. еўра.
belaruspartisan.by