Што і каму мы вінаватыя

Мы ўсе камусьці штосьці вінаватыя, і ў першую чаргу ўладзе. Яна ў нас, як вядома, «народная», і вось мы — кожны паасобку і ўсе разам — увесь час ёй штосьці вінаватыя. А калі хто-небудзь з нас з сябрам вырашыць адкрыць фірму або, не дай Божа, зарэгістраваць грамадскую арганізацыю, то нашы абавязкі пачынаюць нарастаць, бы снежны ком, які коціцца з гары. Тут ужо пальцаў на руках і нагах не хопіць, каб пералічыць усе дзяржаўныя структуры, гатовыя ў любы момант уварвацца да нас з нахабствам крэдытораў.



5ef698cd9fe650923ea331c15af3b160.jpg

Мы ўсе камусьці штосьці вінаватыя, і ў першую чаргу ўладзе. Яна ў нас, як вядома, «народная», і вось мы — кожны паасобку і ўсе разам — увесь час ёй штосьці вінаватыя. А калі хто-небудзь з нас з сябрам вырашыць адкрыць фірму або, не дай Божа, зарэгістраваць грамадскую арганізацыю, то нашы абавязкі пачынаюць нарастаць, бы снежны ком, які коціцца з гары. Тут ужо пальцаў на руках і нагах не хопіць, каб пералічыць усе дзяржаўныя структуры, гатовыя ў любы момант уварвацца да нас з нахабствам крэдытораў.
Калі я чытаю заявы беларускіх чыноўнікаў, то ў памяці неяк самі сабой рэгулярна ўсплываюць радкі паэта Ігара Губермана:
Паўсюль абавязкі: мужчынскі, сужонскі,
грамадзянскі, сваяцкі, сяброўскі,
абавязак гонару, сумлення, пяра,
і крэдытораў да...

Возьмем хаця б любы выступ А. Лукашэнкі. Напрыклад, яго мінулагодняе — па сутнасці праграмнае — пасланне. Я спрабаваў лічыць, колькі ж разоў там згадваецца слова «павінен», але збіўся падлічваць. Прывяду толькі некалькі выпадкова абраных выказванняў: «Грамадства павінна дапамагаць дзяржаве ствараць…», «Моладзь павінна вучыцца браць на сябе адказнасць…», «Прадпрымальнік павінен не проста прадпрымаць, а рабіць, здзяйсняць, ствараць», «Мы не загінем. Гэта павінны ведаць усе», «Колькасць насельніцтва Беларусі, у перспектыве, павінна ўзрасці як мінімум у тры разы!», «Усё павінна быць танна…», «Законатворчасць павінна ісці ў нагу з часам…», «Эканоміка павінна ісці сінхронна і паралельна стварэнню сацыяльных умоў на сяле».
Такім чынам, камусьці абавязаныя ў нашай краіне не толькі моладзь, прадпрымальнікі і іншыя групы насельніцтва, аднак і такія абстрактныя паняцці, як «законатворчасць» і «эканоміка». За апошняй абавязак цягнецца яшчэ аж з брэжнеўскіх часоў, калі яна мусіла была быць эканомнай. Цікава, колькі з тых часоў на яе абавязак набегла працэнтаў!
Усё пуцём
Але лічыць чужыя прыбыткі ў нас не прынята, мы і свае пасля 2 студзеня не паспяваем пералічваць. Эканамісты сцвярджаюць, што дэвальвацыя была непазбежнай. Магчыма. Я не эканаміст, а таму спрачацца не збіраюся. Але я наіўна спадзяваўся, што, правёўшы дэвальвацыю, улада хаця б папросіць у нас прабачэння. Замест гэтага вышэйшае кіраўніцтва пачало спасылацца на патрабаванні Міжнароднага валютнага фонду. Але пры чым тут МВФ са сваімі патрабаваннямі! Няўжо гэта ён давёў наш нацыянальны гонар («беларускую эканамічную мадэль развіцця») да каматознага стану? Аднак гэтых «жулікаў з МВФ» з рэспублікі яшчэ ў 1996 годзе выгналі!
Прыхільнікам жа «мадэлі» хацелася б нагадаць фрагмент з выступу А. Лукашэнкі на ўрачыстай прэзентацыі гэтай самай «мадэлі» ў сакавіку 2002 года: «Усё, што сёння мы маем у эканоміцы, у сацыяльнай і іншых сферах, вынік таго, што мы ўсе гэтыя гады ішлі сваім шляхам, мы жылі сваім розумам. Мы не слухалі «дактароў» з Міжнароднага валютнага фонду, якія прапісвалі лекі, больш небяспечныя за саму хваробу». Прарочыя словы. Вось ужо, сапраўды, «усё, што сёння мы маем у эканоміцы», у сваю чаргу, мае нас, і, калі меркаваць па дынаміцы, з кожным днём усё ў больш вычварнай форме.
Дэвальвацыя беларускага рубля, натуральна, прывяла да росту цэнаў, і справа тут не толькі ў тым, што шматлікія тавары прадпрымальнікі купляюць за валюту. Стаўкі арэнднай платы ў Беларусі даўно ўжо ўстанаўліваюцца ў еўра. Плацяць прадпрымальнікі, праўда, у рублях, але па курсу. У еўра ж таксама вылічваецца і адзіны падатак для іпэшнікаў.
Цэны мусяць…
Няцяжка здагадацца, што ў краіне ўсеагульнага абавязку цэны не змаглі апынуцца ўбаку. З вяршыні «вертыкалі ўлады» іх ні з кім не ўзгодненую самадзейнасць аператыўна заўважылі і тут жа заклікалі да парадку. Вось як гэта зрабіў прэм’ер-міністр Сідорскі падчас аднаго са сваіх студзеньскіх выступаў: «Ва ўмовах дэвальвацыі расійскага рубля, украінскай грыўні, беларускага рубля цэны аб’ектыўна павінны ўзняцца. Але я як кіраўнік урада стаю на той пазіцыі, што цэны мусяць улічваць не толькі дэвальвацыю, але і адэкватна рэагаваць на зменлівыя знешнія рынкі. На знешніх рынках цяпер назіраецца падзенне цэнаў на вуглевадароды ў разы. Таму і прадукцыя вытворцаў-перапрацоўнікаў гэтай сыравіны павінна таннець. Пакуль гэтага не адбываецца, бо яны выпрацоўваюць рэсурсы дакрызіснага перыяду… Цэны мусяць максімальна рэагаваць на выклікі рынку. А на рынку ідзе паніжэнне цэнаў на асноўныя сыравінныя рэсурсы».
Пасля такога кшталту растлумачэння шматлікія дзяржкантралёры забыліся пра тое, што яшчэ 18 снежня Лукашэнка ў інтэрв’ю дзяржаўным СМІ абяцаў «ногі ламаць тым, хто ходзіць туды па дзесяць разоў невядома чаго», ды кінуліся «туды» (на рынкі і ў крамы) наводзіць парадак з цэнаўтварэннем. Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. 15 студзеня намеснік дырэктара дэпартамента цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі Курыльчык паведаміў журналістам, што «адна з індывідуальных прадпрымальнікаў на рынку «Ракаўскі» ў беларускай сталіцы завысіла цану на грушы (Бельгія) на 30% звыш дапушчальнай мяжы». Яшчэ адзін абуральны выпадак быў зафіксаваны з нагоды цаны на капусту пекінскую. Яна апынулася завышаная аж на 37%!
У гэтай сувязі службовец нагадаў пра памеры штрафаў, якія спаганяюць за падобную самадзейнасць. Ён таксама прыстрашыў парушальнікаў цэнавай дысцыпліны пазбаўленнем ліцэнзій.
Ці патаннела пасля гэтага капуста пекінская, мне не вядома, але вернемся да разваг спадара Сідорскага. Чалавек ён інфармаваны, а таму ў курсе, што «на знешніх рынках цяпер назіраецца падзенне коштаў на вуглевадароды ў разы». Адтуль, напэўна, вынікаюць яго надзеі на паніжэнне цэнаў на прадукцыю «вытворцаў-перапрацоўнікаў гэтай сыравіны» ў Беларусі. Самы галоўны прадукт, які вырабляецца з вуглевадароднай сыравіны, — гэта бензін. Але чамусьці кошты на яго адмаўляюцца «максімальна рэагаваць на выклікі рынку».
Грошы — на бочку!
Цікава, ці ведаюць пра гэта ў адпаведным дэпартаменце Міністэрства эканомікі, або там цяпер занятыя выпісваннем штрафаў прадпрымальнікам, якія гандлююць на рынках. Цэны на бензін у нас вызначае дзяржава. Я думаю, што рашэнні па гэтым пытанні прымаюць далёка не другарадныя чыноўнікі. Не ці час ужо некаторых з іх пазбавіць «ліцэнзіі»?
Наогул, бацька эканамічнай навукі Адам Сміт у свой час і не падазраваў, што праз 235 гадоў пасля выхаду яго фундаментальнай працы «Багацце народаў» у Еўропе яшчэ будзе існаваць дзяржава, вышэйшыя чыноўнікі якой разважаюць пра цэны ў катэгорыі абавязку. Нічога не ведаў класік і пра абавязак прадпрымальнікаў «не проста прадпрымаць, а рабіць, здзяйсняць, ствараць». Яго прыклад з булачнікам, які пячэ булкі не з пачуцця абавязку перад пакупнікамі, а з жадання атрымаць прыбытак, даўно стаў хрэстаматыйным. Аднак у Беларусі ён дагэтуль не засвоены.
Сёння з высокіх трыбун у нас стала модна разважаць пра «сацыяльную адказнасць бізнесу». Аўтарам такіх разваг варта было б перачытаць артыкул 1 «Закона аб прадпрымальніцтве», які, як мне вядома, ніхто яшчэ не адмяняў: «Прадпрымальніцтва (прадпрымальніцкая дзейнасць) — самастойная, ініцыятыўная дзейнасць грамадзян, накіраваная на атрыманне прыбытку або асабістага прыбытку і якая ажыццяўляецца ад свайго імя, на сваю рызыку і пад сваю маёмасную адказнасць або ад імя і пад маёмасную адказнасць юрыдычнай асобы (прадпрыемства)».
Чыноўнікі ў нас — людзі творчыя, але, у адрозненне ад усіх астатніх грамадзян рэспублікі, яны нікому нічога не абавязаныя. Наадварот, ім вінаватыя ўсе, а прадпрымальнікі — у першую чаргу. З гэтага вынікае і размова пра «сацыяльную адказнасць бізнесу». У перакладзе з мовы насельнікаў высокіх дзяржаўных кабінетаў на мову, зразумелую простым смяротным, гэтае азначае, што прадпрымальнікі па першым патрабаванні мусяць неаспрэчна пералічваць указаныя чыноўнікамі сумы грошай на ўказаныя чыноўнікамі ж мэты.
А для тых, каму маё тлумачэнне паняцця «сацыяльная адказнасць бізнесу» падасца непераканаўчым, я ў чарговы раз працытую вядомае выказванне самага галоўнага беларускага чыноўніка: «З прыватнікам размаўляць заўсёды лягчэй. Яму сказаў — ён зробіць. Таму што, па вялікім рахунку, рызыкуе ў адваротным выпадку страціць сваю ўласнасць». Такая, на жаль, на сённяшні дзень азбука выжывання беларускіх прадпрымальнікаў, а разам з імі і ўсіх нас.