Рэформа ЖКГ на фоне крызісу

Кожны год з прыходам зімы і пачаткам ацяпляльнага сезону на першы план выходзіць праблема аплаты камунальных паслуг. Асабліва з улікам пераходу на максімальна магчымае пакрыццё камунальных выдаткаў насельніцтвам.

povyshenietarifovnavoduvtadzhikistanesvyazannososnizheniemkursasomonikdollaru.jpg

Ужо абвешчана пра чарговае павышэнне камунальных тарыфаў са студзеня 2017 года. У сувязі з чым варта разабрацца, што ж у выніку прынясе беларусам гэта няспешная рэформа. Пачнём з негатыўных наступстваў.

Наступства першае — малазабяспечаныя апынуцца за мяжой беднасці

Жыллёва-камунальныя паслугі можна параўнаць з прадуктамі першай неабходнасці. Невыпадкова доля выдаткаў на ЖКГ у розных слаёў насельніцтва супадае з выдаткамі на набыццё хлеба і хлебабулачных вырабаў. Як вядома, рост коштаў на прадукты першай неабходнасці мацней за ўсё закранае малазабяспечанае насельніцтва.

Паводле дадзеных за 2015 год, выдаткі на жыллёва-камунальныя паслугі ў сукупных выдатках малазабяспечаных хатніх гаспадарак Рэспублікі Беларусь складалі 11,1%. Гэта амаль у два разы больш, чым у сярэднім па краіне. Такія сем’і на камунальныя плацяжы выдаткоўвалі прыкладна столькі, колькі на набыццё ўсіх нехарчовых тавараў разам узятых.

Працэнт расходаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў агульнай суме выдаткаў хатніх гаспадарак Рэспублікі Беларусь у 2010–2015 гадах. Крыніца: Белстат

Працэнт расходаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў агульнай суме выдаткаў хатніх гаспадарак Рэспублікі Беларусь у 2010–2015 гадах. Крыніца: Белстат

Павелічэнне ўдзельнай вагі камунальных плацяжоў у агульнай суме выдаткаў беларускіх хатніх гаспадарак назіраецца з 2012 года. У гэтым го­дзе тэндэнцыя працягнулася, і па выніках 9 месяцаў камунальныя выдаткі перавысілі 7%. Улічваючы ацяпляльны сезон, можна напэўна сцвярджаць, што ў 2016 годзе будзе адзначана найбольшая ўдзельная вага камунальных плацяжоў у сукупных выдатках хатніх гаспадарак за апошнія сем гадоў.

Наступства другое — пераход на самаакупнасць ставіць пад удар гаспадаркі са зношанай матэрыяльна-тэхнічнай базай

Правядзенне падобных рэформаў вылучае асаблівыя патрабаванні да стану матэрыяльна-тэхнічнай базы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэта важна для мінімізацыі страт, не звязаных з канчатковым спажываннем паслуг.

Камунальная інфраструктура кожнага раёна, жылога квартала мае розны ўзровень зносу. Ад гэтага залежыць, напрыклад, верагоднасць прарыву цеплатрас, водаправодаў, што, у канчатковым рахунку, адбіваецца на агульным сабекошце аказання жыллёва-камунальных паслуг. На сённяшні дзень выдаткі, не звязаныя з канчатковым спажываннем, кампенсуюцца за кошт бюджэтных сродкаў.

1462518198_848642995.jpg.png.jpg

Пераход на поўную самаакупнасць правядзе тлустую рысу паміж тымі камунальнымі гаспадаркамі, якія своечасова паспелі абнавіць зношаную інфраструктуру, і тымі, каму па якіх-небудзь прычынах гэта не ўдалося. Апошнія пры наяўнасці адзіных тарыфаў на паслугі ЖКГ будуць асуджаныя на стратную працу. Гэта прывядзе да немагчымасці своечасовага абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы ў далейшым. А значыць, што ў перспектыве мы атрымаем выразны падзел на шчасныя і няшчасныя кварталы.

Каб не пераплачваць за камунальныя паслугі, давядзецца панесці дадатковыя выдаткі на лічыльнікі

Адно з ключавых правілаў бізнесу кажа, што нельга кіраваць тым, што немагчыма вымераць. Апошнія падзеі паказваюць, што беларускія камунальнікі да гэтага часу так і не навучыліся аб’ектыўна вымяраць сабе­кошт аказання паслуг.

Для таго, каб зразумець, чаму так адбываецца, прапаную зірнуць на суадносіны камунальных тарыфаў, што субсідуюцца дзяржавай, да памераў тарыфаў, якія прадугледжваюць поўнае пакрыццё выдаткаў.

Суадносіны тарыфаў, што субсідуюцца дзяржавай, да велічыні тарыфаў, якія прадугледжваюць поўнае пакрыццё выдаткаў, на канец 2016 года, %. Крыніца: Белстат

Суадносіны тарыфаў, што субсідуюцца дзяржавай, да велічыні тарыфаў, якія прадугледжваюць поўнае пакрыццё выдаткаў, на канец 2016 года, %. Крыніца: Белстат

Розніца ва ўзроўні кампенсацыі выдаткаў на вываз цвёрдых камунальных адходаў і цеплавую энергію складае прыкладна адзін да шасці. Прычым размеркаванне ўзроўню кампенсацыі выдаткаў мае адну важную заканамернасць: чым менш страты, не звязаныя з канчатковым спажываннем паслуг, тым большая частка выдаткаў пакрываецца насельніцтвам.
Прасцей за ўсё кантраляваць працэс вывазу цвёрдых адходаў і пастаўкі прыроднага газу. У выніку тут узровень кампенсацыі затрат падняўся ўжо вышэй за 75%.

Горш атрымліваецца кантраляваць страты ў сістэме водазабеспячэння і каналізацыі. У выніку ў гэтай сферы пакрыццё расходаў знаходзіцца на ўзроўні 40%.

Самая складаная сітуацыя ў сістэме цеплазабеспячэння. Выдаткі на цеплавую энергію нясталыя і залежаць ад умоў надвор’я. Спецыфіка паслугі мае на ўвазе непазбежную страту цяпла да моманту спажывання. Пры гэтым лічыльнікі цеплавой энергіі пакуль ёсць толькі ў некаторых. У выніку ўзровень пакрыцця выдаткаў на цеплазабеспячэнне пакуль знаходзіцца толькі на ўзроўні 15,6%.

241487_1.jpg

Лагічна выказаць здагадку, што пераход на максімальную кампенсацыю выдаткаў на цеплавую энергію будзе суправаджацца масавай устаноўкай адпаведных лічыльнікаў. На жаль, іх устаноўка значна складанейшая, чым лічыльнікаў вады ці газу, што ў выніку адбіваецца на выніковай цане.
Але далёка не ўсё так дрэнна, як можа здацца. У пераходзе да максімальнай кампенсацыі камунальных выдаткаў насельніцтвам не менш станоўчых бакоў, чым адмоўных.

Першы станоўчы вынік — сабекошт жыллёва-камунальных паслуг зменшыцца

Кажучы пра тое, што частка аплаты паслуг ЖКГ пакрываецца за кошт дзяржаўнага бюджэту, трэба разумець, што канчатковым плацельшчыкам усіх камунальных выдаткаў усё роўна з’яўляецца насельніцтва. Асаблівасць толькі ў тым, што яно аплачвае іх праз падаткі.

Гэта значыць, што жыхары павінны быць зацікаўленыя ў скарачэнні сабекошту паслуг ЖКГ. Аднак сёння пры фінансаванні жыллёва-камунальнай сферы за кошт дзяржаўнага бюджэту гэтага не адбываецца. Прычына палягае ў так званым «эфекце падзелу выдаткаў». Сутнасць гэтага псіхалагічнага эфекту заключаецца ў тым, што насельніцтва толькі тады будзе старанна сачыць за сабекоштам аказання камунальных паслуг, калі пачне плаціць за іх з уласнай кішэні.

Гэты працэс пацвярджае дынаміка кошту жыллёва-камунальных паслуг за апошнія пяць гадоў.

Тарыфы на камунальныя паслугі па стане на снежань 2010 года і снежань 2015 года, $ па курсе Нацбанка Рэспублікі Беларусь. Крыніца: Белстат, Нацбанк

Тарыфы на камунальныя паслугі па стане на снежань 2010 года і снежань 2015 года, $ па курсе Нацбанка Рэспублікі Беларусь. Крыніца: Белстат, Нацбанк

Нягледзячы на павелічэнне працэнта кампенсацыі кошту камунальных паслуг насельніцтвам, у апошні пяць гадоў назіраецца скарачэнне тарыфаў на камунальныя паслугі ў доларавым выразе. Тарыф на ацяпленне скараціўся ў тры разы, гарачае водазабеспячэнне патаннела ў два з паловай разы, значна скараціліся тарыфы на газазабеспячэння і каналізацыю. Трохі павялічыўся толькі тарыф на тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў.
Гэта сведчыць аб тым, што павелічэнне працэнта кампенсацыі камунальных выдаткаў насельніцтвам пакуль ажыццяўляецца не за кошт павелічэння тарыфаў, а за кошт зніжэння сабекошту аказання паслуг.

Другі станоўчы вынік — разгрузіцца расходная частка дзяржаўнага бюджэту

Скарачэнне падатковых паступленняў вымушае праводзіць секвестр бюджэтных выдаткаў. У сувязі з гэтым рэформа сферы ЖКГ прыйшлася да часу. Вызваленыя сродкі можна накіроўваць на падтрымку іншых бюджэтных сфер, якія маюць вострую патрэбу ў фінансаванні.

За апошнія два гады расходы на жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва ў кансалідаваным бюджэце Рэспублікі Беларусь скараціліся з 8,5% да 6,4%. Прычым большую частку гэтай сумы сёння складае жыллёвае будаўніцтва.

Расходы на жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва ў кансалідаваным бюджэце Рэспублікі Беларусь у 2010–2015 гады, %. Крыніца: Мінфін

Расходы на жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва
ў кансалідаваным бюджэце Рэспублікі Беларусь у 2010–2015 гады, %. Крыніца: Мінфін

Па выніках першага паўгоддзя 2016 года ўдзельная вага расходаў на жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва ў кансалідаваным бюджэце краіны склала толькі 4,9%. Вызваленыя сродкі былі накіраваны ў адукацыю і сацыяльную палітыку. Дадзены факт можна ацаніць толькі станоўча, паколькі відавочна, што бюджэтныя сродкі ў камунальнай сферы траціліся неэфектыўна.

Трэці станоўчы вынік — бюджэтныя выдаткі на ЖКГ стануць сацыяльна справядлівымі

Найбольшую выгаду ад субсідавання камунальных выдаткаў здабываюць тыя, хто валодае вялікай колькасцю квадратных метраў нерухомасці. Найбольшую частку з іх складаюць забяспечаныя сем’і. У выніку дзейсную сістэму можна ахарактарызаваць фразай «біты нябітых вязе». У сувязі з чым скарачэнне бюджэтнага фінансавання жыллёва-камунальнай сферы паспрыяе больш справядліваму размеркаванню бюджэтных сродкаў.

_12104711_b.jpg

Важным крокам у гэтым кірунку з’яўляецца таксама ўкараненне сістэмы безнаяўных жыллёвых субсідый. Гэта дазволіць накіроўваць сродкі менавіта тым, хто ў іх больш мае патрэбу.
У завяршэнне неабходна адзначыць, што дадзеная рэформа наспела ўжо даўно. Калі б яна была рэалізавана на некалькі гадоў раней, то негатыўныя наступствы былі б не такія прыкметныя і да сённяшняга дня ўжо пераадолены. Правядзенне рэформы ЖКГ на фоне крызісу павышае сацыяльныя рызыкі. Ці атрымаецца іх з поспехам пераадолець, пакажа час.