Субсідыі на камуналку: дзе і колькі?
Як вядома, у Беларусі з казны аплацяць частку сумы ў жыроўцы ў тым выпадку, калі яна будзе перавышаць 20% прыбытку гарадской сям’і ці 15% сельскай. А як кампенсуюць аплату камуналкі ў іншых краінах?
Украіна
Пачнём са складанай сістэмы выдзялення субсідый — украінскай. Справа ў тым, што там не ўстаноўлена выразнай рысы, каб атрымаць права на дапамогу ад дзяржавы. Усё залежыць ад двух фактараў: даходу сям’і і колькасці жыхароў у кватэры. То бок, калі ў нас для прадастаўлення субсідыі бяруць у разлік сукупны даход сям’і і правяраюць, якую працэнт займаюць лічбы ў жыроўцы, дык ва Украіне звяртаюць увагу на сярэдні даход на кожнага чалавека ў сям’і. Чым менш прыходзіцца грошай на аднаго чальца сям’і, тым большая сума падтрымкі ад дзяржавы.
Пры аднолькавым даходзе на чалавека больш атрымае тая сям’я, дзе больш людзей.
Напрыклад, сям’я з двух чалавек мае прыбытак у 10 700 грыўняў (каля 821 беларускага рубля). Гэта дзве сярэднія ўкраінскія зарплаты. За кватэру прыходзіць рахунак у 3070 грыўняў. Калі верыць спецыяльным калькулятарам, дык гэта мінімальная сума (каля 30% прыбытку), для якой гэтай сям’і даецца дапамога ад дзяржавы. Праўда, вельмі маленькая — усяго 1,11 грыўні. Сітуацыя мяняецца кардынальна, калі, напрыклад, у мужа і жонкі з’явілася дзіця. У гэтым выпадку пры тых жа лічбах у жыроўцы і ранейшым даходзе сям’і даплацяць 1024 грыўні. Другое дзіця павялічыць гэту суму яшчэ на 500 грыўняў. Іншымі словамі, сям’і з двума дзецьмі «спішуць» палову камунальных плацяжоў.
Дарэчы, у кастрычніку 2016 года Кабінет міністраў Украіны дазволіў аплачваць камунальныя паслугі ў растэрміноўку, што таксама павінна дапамагчы малазабяспечаным грамадзянам.
Расія
У Расіі сістэма прадастаўлення жыллёвых субсідый таксама няпростая. Па-першае, іх могуць атрымаць сем’і, якія расходуюць на аплату камунальных паслуг больш за 22% ад сярэдняга даходу сям’і. Аднак гэтая лічба можа мяняцца ў залежнасці ад рэгіёна, напрыклад, у Маскве парог складае 10%.
Па-другое, формула разліку ўлічвае плошчу кватэры і колькасць тых, хто пражывае. Таксама сума кампенсацыі будзе залежаць ад суадносін сярэдняга даходу на чальца сям’і і пражытачнага мінімуму. Чым больш гэтая розніца, тым вышэй падтрымка.
Калі па даходах вы падыходзіце, дык паглядзяць на памер кватэры. Калі плошча жылога памяшкання занадта вялікая, дык, хутчэй за ўсё, у выплаце будзе адмоўлена. Нарматывы такія: для самотнага грамадзяніна — не больш за 33 квадратныя метры; для сям’і з двух чалавек — не больш за 42; для сям’і з трох і больш чалавек — па 18 квадратных метраў на кожнага. Калі ва ўласнасці некалькі кватэр, то кампенсацыю часткі аплаты за «камуналку» можна атрымаць толькі для адной з іх.
Для аналагічнай сям’і з двума дзецьмі, якую мы разглядалі на прыкладзе Украіны, у Маскве можна атрымаць субсідыю ў памеры 8550 расійскіх рублёў (прыкладна 260 беларускіх) пры суме ў жыроўцы амаль у 9700 (295) рублёў. Гэта значыць, дзяржава пакрые амаль 90% налічанай платы, калі сям’я з двух чалавек жыве прыкладна на 400 долараў.
Усяго ў Расіі карыстаюцца сацыяльнай падтрымкай па аплаце камунальных паслуг 4,2 мільёна сем’яў (7,5%).
Польшча
У Польшчы таксама ёсць субсідаванне жыллёва-камунальных паслуг. Яно называецца «Жыллёвая прыбаўка». Яе даюць адзінокім асобам і сем’ям, месячны ўзровень даходаў якіх ніжэй за мінімальную зарплату ў Польшчы — 1355 злотых (гэта каля 635 беларускіх рублёў). Пры гэтым жылая плошча для аднаго чалавека не павінна перавышаць 35 квадратных метраў, двух чалавек — 40, трох — 45, чатырох — 55, для кожнага наступнага чалавека дадаюцца чарговыя 5 «квадратаў».
Сума дапамогі ў кожным выпадку розная. Напрыклад, для самотнага чалавека, які атрымлівае 1200 злотых (562 рублі) і жыве ў памяшканні плошчай 35 квадратных метраў, плацячы пры гэтым за камунальныя паслугі 420 злотых (197 рублёў), жыллёвая прыбаўка складзе прыкладна 240 злотых, гэта значыць амаль 60% ад агульнай сумы «камуналкі».
Латвія ды іншыя
У Латвіі прэтэндаваць на дапамогу ў пакрыцці выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі можна, калі пасля аплаты рахункаў за кватэру, газ і электрычнасць на руках застаецца сума, меншая, чым гарантаваны мінімальны даход — 49,8 еўра.
У іншых жа еўрапейскіх краінах такога паняцця, як жыллёвыя субсідыі, не існуе. Там у асноўным можна атрымаць дапамогу ў аплаце арэнды. Хоць часцяком плата за ЖКП уваходзіць у яе памер.
Так, напрыклад, адбываецца ў Францыі. Там адмысловы дзяржорган, так званы «Фонд сямейнай дапамогі», вяртае частку выдаткаванай на арэндную плату сумы. Памер дапамогі залежыць ад некалькіх фактараў: кошту арэнды, плошчы і тыпу жылля, колькасці тых, хто пражывае, узросту, сямейнага становішча, заработнай платы або стыпендыі (для студэнтаў).
Падобная сістэма дзейнічае ў Германіі і іншых дзяржавах. Скажам, немцы для атрымання дапамогі ад дзяржавы павінны зарабляць у месяц, за вылікам страховак і медыцынскіх расходаў, не больш за: 870 еўра на аднаго чалавека, 1190 еўра — на дваіх, 1450 еўра — на трох, 1900 еўра — на чатырох, 2180 еўра — на пецярых. Бацька ці маці, якія самастойна выхоўваюць дзіця, для атрымання дапамогі павінны зарабляць менш за 1320 еўра на месяц.