Пуцін даручыў перавесці разлікі за газ у расійскія рублі. Тлумачым, навошта.
Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія будзе прадаваць газ за расійскія рублі. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе ва ўрадзе.
Пуцін адзначыў, што за апошнія тыдні Захад перакрэсліў давер да долара і еўра.
«За апошнія некалькі тыдняў, як вы ведаеце, шэрагам заходніх краін былі прынятыя нелегітымныя рашэнні па так званай замарозцы расійскіх актываў, і гэты “калектыўны Захад” фактычна падвёў рысу пад надзейнасцю сваіх валют — пра гэта таксама мы ўжо казалі — перакрэсліў давер да гэтых валют. І ЗША, і ЕС абвясцілі, у прынцыпе, сапраўдны дэфолт па сваіх абавязацельствах перад Расіяй. І цяпер у свеце кожны ведае — так падазравалі, а цяпер ведае кожны, што абавязанні ў доларах і еўра могуць быць не выкананыя», — сказаў ён, паведамляе прэс-служба Крамля.
Таму Пуцін мяркуе, што пастаўляць расійскія тавары ў ЕС і ЗША і атрымліваць аплату ў доларах і еўра не мае сэнсу.
«Мною прынята рашэнне ў самы кароткі час рэалізаваць комплекс мер па пераводзе аплаты: пачнем з гэтага — нашага прыроднага газу, які пастаўляецца ў так званыя недружалюбныя краіны, — за расійскія рублі», — сказаў ён.
Пуцін адзначыў, што кантракты з «недружалюбнымі краінамі» павінны быць адкарэктаваныя, каб валютай плацяжу быў расійскі рубель. Ён даручыў даць адпаведныя дырэктывы «Газпрому».
«Змены закрануць толькі валюту плацяжу, якая будзе зменена на расійскі рубль. Прашу ўрад даць адпаведную дырэктыву “Газпрому” па ўнясенню змяненняў у дзеючыя кантракты. Пры гэтым усім замежным спажыўцам павінна быць прадастаўлена магчымасць здзяйсняць неабходныя аперацыі, і трэба стварыць для іх зразумелую, празрыстую працэдуру правядзення плацяжоў, уключаючы набыццё расійскіх рублёў на нашым унутраным валютным рынку. Прашу Банк Расіі сумесна з урадам у тыднёвы тэрмін вызначыць парадак ажыццяўлення такіх аперацый», — сказаў ён.
А цяпер — навошта.
Па факце гэта азначае, што цяпер еўрапейцы павінны прадаваць гэтак патрэбныя ў цяперашніх умовах расійцам еўра і купляць за яго рублі. І гэта будзе рабіцца праз расійскія банкі. Зыходзячы з цяперашніх коштаў на газ, аб'ёмы «канверсіі» могуць скласці да 400 млрд еўра. Адмовіцца ад расійскага газу ЕС у 2022-23 гг проста не можа.
Тым не менш, па-першае, газавыя кантракты, як правіла, двухбаковыя, то-бок, «указа цара» тут недастаткова, трэба яшчэ жаданне што-тое памяняць у другі боку. Не пастаўляць жа газ у ЕС расійцы не могуць, бо для іх гэта крыніца валюты.
Па-другое, рашэнне РФ прадаваць газ за рублі эквівалентна 100-працэнтнаму продажу выручкі ад экспарту газу. Безумоўна, гэта падтрымае «на плыву» расійскі рубель, аднак у той жа час цалкам перакрые валютныя паступлення «Газпрому» і «Раснафце» (калі да яе дойдзе справа). А значыць, пра пастаўкі заходняга мадэрнізацыйнага абсталявання (чытай — развіцця газавай галіны) можна забыцца.
Што тычыцца нафты, то РФ у нафтаздабычы АПЕК займае 12-13% і не з'яўляецца асноўным прадаўцом нафты, таму прэтэндаваць на цэнаўтварэнне ў рублях РФ не зможа — хіба што з часам дысконт паміж нафтай маркі brent і расійскай urals дасягне 30-50%. Гэта значыць, усе кантракты будуць у доларах, кошт будзе ўсталёўвацца ў доларах, а потым пакупніку трэба будзе бегчы кудысьці на ўнутраны рынак РФ шукаць рублі (дарэчы, не факт, што сродкі пакупніка там не арыштуюць) і толькі потым плаціць.
У такіх варунках прасцей наогул адмовіцца ад urals, што, верагодна, і будзе зроблена.