Ці змогуць беларусы купіць добры падарунак на Новы год?
У крамах радыкальна скараціўся асартымент. Адны тавары трапілі пад санкцыі і контрсанкцыі, іншыя зніклі з рынку праз тое, што розныя брэнды з-за вайны ва Украіне сышлі з беларускага рынку, трэція сталі ахвярай коштавага рэгулявання.
Нават афіцыйныя прафсаюзы вымушаныя былі прызнаць, што асартымент у крамах значна звузіўся, а тавары — падаражэлі.
Людзі скардзяцца, што любімая фарба да валасоў «падскочыла» амаль да 30 рублёў, прыдатны і правераны часам шампунь зусім знік з продажу. Такая ж гісторыя з парфумай: зразумела, што якасны і дарагі водар будзе трымацца даўжэй, але ў цяперашніх абставінах — выбар паміж «танны» і «ніякага». Швейцарскі шакалад «імпартазамясцілі» цукеркамі з Турцыі і ААЭ, такімі ж дарагімі, але зусім не такімі смачнымі.
У СССР калісьці жартавалі, што выйсце ёсць, і яно — на мяжы. І цяпер гэтым выйсцем актыўна карыстаюцца прадпрымальныя грамадзяне. Праўда, цяпер — на новым, высокатэхналагічным узроўні.
«Новыя чаўнакі»
Прадпрымальнікі, якім улада абрэзала магчымасці развіцця тым жа кантролем коштаў, дый проста людзі, якім хочацца атрымаць адносна танны, але якасны і звыклы тавар, вымушана ператвараюцца ў «новых чаўнакоў». Краіна паціху вяртаецца ў канец 1980-х, калі для закупак тавару ездзілі не на аптовыя базы, і прадавалі іх не на рынках, а маталіся ў Польшчу і Турцыю, і прывозілі адтуль тавары бауламі. І, адпаведна, прадавалі іх у першую чаргу не на рынках, ва ўласных палатках і шапіках (яны з'явіліся крыху пазней), а ў асноўным «з рук у рукі».
Менавіта гэтая схема пачала працаваць у Беларусі цяпер. Праўда, ужо не проста «з рук у рукі» (дарэчы, памятаеце, была суперпапулярная газета з такой назвай, дзе змяшчаліся прыватныя аб’явы аб куплі-продажы-арэндзе?), а з дапамогай вайбер-чатаў і тэлеграм-каналаў.
І гэтая схема працуе, варта толькі скарыстацца пошукам таго ж Тэлеграма.
Напрыклад, ёсць такая група пад назвай «Тавары з Польшчы», у якой больш за 33 тысячы ўдзельнікаў. За суткі ў ёй з'явілася больш за 4,5 аб'яў аб продажы тавараў, якія людзі прывезлі з-за мяжы. Асартымент таго, што ў ёй прадаецца, вельмі ўражвае: ад гарбаты і кавы да электронікі. Прычым па правілах групы аб'яву можна падаць не часцей разу ў суткі, а аб'явы без цаны — выдаляюцца.
У групе можна купіць усё, што патрапіла пад санкцыёнку (напрыклад, крэмы NIVEA), або сышло з рынку ці ніколі на ім і не прысутнічала (тавары з IKEA). Геаграфія групы — уся краіна, ад Брэста да Оршы, ад Гродна да Гомеля. Прычым, цэны даволі прымальныя. Напрыклад, 150 грамаў нямецкага шакаладу прапануюць па 7 рублёў, 300-грамовая плітка — за 12 рублёў. 3,5 рубля каштуе стограмовая плітка шакаладу Milka.
За балгарку Bosh просяць 110 беларускіх рублёў, 25 рублёў — спадніца-клёш з замшу H&M, крамы якой пайшлі нядаўна з Беларусі. Можна купіць і кажух таго ж брэнда, за яго просяць 150 беларускіх рублёў.
Дарэчы, такога ж тыпу кажух H&M, які ў групе прадаюць за 150, я бачыла месяцы паўтары таму ў польскіх крамах, і ён сапраўды каштаваў у раёне 60-70 долараў. Гэта значыць, прадаўцы, як правіла, кошт не задзіраюць. Праўда, ёсць і іншыя, якія загінаюць цану нават да большай, чым у крамах, але заўсёды ёсць выбар — купляць ці не.
Падарунак «пад заказ»
А калі вам трэба нешта спецыфічнае, што вы ўбачылі ў польскай краме, і вам вельмі захацелася гэта купіць, але ў вас няма візы, ёсць цалкам сабе цікавая і перспектыўная група «Дастаўка тавараў РП РБ». Там ужо дастаткова шмат аб'яў людзей, якія могуць забраць ваш тавар з Польшчы ці Літвы і прывезці ў Беларусь.
Таксама ў групе можна размясціць аб'яву з тым, што вы хочаце купіць за мяжой. Хтосьці, у каго ёсць магчымасць прывезці вам тавар, возьме гэта там і даставіць у РБ.
Ужо прапануюць прывезці бытавую тэхніку або электроніку з Літвы ці Польшчы (смарт-гадзіннікі, ноўтбукі, тэлевізары, робат-пыласос і гэтак далей) і даставіць у самыя кароткія тэрміны тавары з Zalando, Zara, H&M, Bershka, Stradivarius і іншых крам. Ёсць аб'явы аб перавозцы аўта-, мота- і велазапчастак.
А вось просяць прывезці беларусы пакуль не вельмі дарагія рэчы, кшталту красовак, корму для жывёлаў, касметыку і бытавую хімію. Часам сустракаюцца аб'явы з просьбай прывезці Xbox.
Пасля, думаю, гэтая тэма будзе развівацца. Таму што цяпер няма праблем купіць тавар у польскім інтэрнэт-краме, аплаціўшы яго з карткай Беларусі. А ўжо потым можна дамовіцца з перавозчыкам аб дастаўцы.
Групы аб таварах з-за мяжы ў тэлеграме не адзінкавыя. У групе «Тавары з Еўропы» ўдзельнікаў крыху менш — 25 тысяч. Схема працы такая ж, як і ў «Таварах з Польшчы». А ёсць і спецыялізаваныя групы — напрыклад, аб леках, БАДах, вітамінах.
Ценявая эканоміка
Такім чынам, прадпрымальнікі не памерлі і нават не выйшлі папаліць. Яны проста перайшлі «ў цень», — у той самы цень, адкуль многія з іх пачыналі сваю дзейнасць. Праўда, цяпер гэтая дзейнасць, як ужо гаварылася, на новым узроўні — не ўзроўні газетных аб'яў кшталту «куплю-прадам», а ўзроўні груп у Тэлеграме і інтэрнэце.
Цяпер яны падымаюць эканоміку, але эканоміку не Беларусі, а Польшчы, купляючы там тавары. А вось з эканомікай Беларусі складаней: наўрад ці падатковая служба можа нешта прад'явіць людзям, якія размяшчаюць прыватныя аб'явы аб продажы ў падобных групах. Бо гэта фармальна не прадпрымальніцкая дзейнасць: людзі проста пазбаўляюцца ад рэчаў, якія для іх альбо «не падышлі», альбо аказаліся «лішнімі».
А чаму яны іх везлі з Польшчы ў «лішніх» аб'ёмах? Навошта чалавеку 30 цюбікаў зубной пасты? Дык пандэмія ж! Ніхто не здзіўляўся, калі грэчку з цукрам па 20 кілаграм куплялі, цяпер і зубной пасце не здзіўляйцеся...
Цікава, які будзе падатковы недабор менавіта пасля замаразкі коштаў і сыходу «ў цень» прадпрымальнікаў?