Непатрэбны бюджэт

Бюджэт краіны штогод не выконваецца, яго структура не змяняецца, і ягонае абмеркаванне ў Палаце прадстаўнікоў праводзіцца дзеля праформы. Адзінае, дзеля чаго існуе бюджэт, — паказваць асноўныя эканамічныя тэндэнцыі ў дзяржаве.



images23.jpg

Шэраг вядомых беларускіх эканамістаў на пасяджэнні экспертнага клуба ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўчынілі своеасаблівы «мазгавы штурм» беларускага бюджэту–2014, дзеля таго, каб вызначыць, у якіх напрамках ідзе развіццё краіны. Гэтыя напрамкі не даюць падставаў для аптымізму.

Бюджэт будзе карэктавацца

Прыняцце беларускага бюджэту ператварылася ў стандартную бюракратычную працэдуру. Па меркаванні кіраўніка Цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, яшчэ ў 1994 годзе была зробленая «матрыца беларускага бюджэту», і з тых часоў ён прымаецца па адных і тых жа правілах і параметрах. «Хіба што перастаўляюцца асноўныя лічбы, кшталту знешняга доўгу, касуюцца адны падаткі, уводзяцца іншыя, змяняецца колькасць лабістаў, але ў асноўным бюджэт застаецца ў гэтай матрыцы», — лічыць Раманчук.

Па меркаванні эканаміста Льва Марголіна, пра няважнасць бюджэту сведчаць і апошнія крокі дзяржавы. Ужо пасля прыняцця бюджэту, пачаліся размовы пра тое, што памер адзінага падатку для прадпрымальнікаў у Мінску будзе павялічаны на 40%. Відавочна, што за Мінскам пойдзе і ўся краіна. Але павышэнне гэтага падатку ніяк не запланаванае беларускім бюджэтам!

Хто заплаціць?

Асобна Яраслаў Раманчук спыніўся на тым, хто фармуе бюджэт. Аказваецца, бюджэт фармуем мы з вамі — выплатамі падаткаў, збораў і штрафаў.Так, не здзіўляйцеся — колькасць грошай ад штрафаў, якія павінныя быць сплочаныя за 2014 год, таксама ўжо запісана ў бюджэце. То бок, парушаў ты альбо не, але ў бюджэце гэтыя грошы ўжо запланаваныя, і адвярцецца ад штрафу «ні за што» наўрад ці атрымаецца.

Грамадзяне сваімі падаткамі і іншымі выплатамі фармуюць 93% бюджэту! Гэта пры тым, што ў нас большасць прадпрыемстваў і фактычна ўся зямля знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці. Дзяржава настолькі неэфектыўна распараджаецца ўласнасцю, што за кошт свайго прыбытку пакрывае толькі 7% бюджэту!

Рэальна, адзначае эканаміст Барыс Жаліба, беларускі бюджэт фармуецца не за кошт наўпроставых падаткаў, а за кошт ускосных. Гэта, найперш, падатак на дададзеную вартасць, — той самы ПДВ, які плаціць кожны чалавек, набываючы тавар у краме. Гэта акцызы на алкаголь, тытунь, паліва, і гэтак далей — таксама плаціцца людзьмі. Падатак на прыбытак стаіць у графе падаткаў ледзьве не на апошнім месцы. Фактычна гэта азначае, што ў нас амаль няма прыбытковых прадпрыемстваў, вытворчасць падае, а беларуская дзяржаўная эканоміка працуе ледзьве не ў «мінус».

Несацыяльны бюджэт

Ні пра якую сацыяльную скіраванасць бюджэту–2014 казаць не даводзіцца, мяркуе эканаміст Барыс Жаліба. Ён падлічыў, што на такі параметр, як «агульнадзяржаўныя выдаткі» і фінансаванне сілавога блоку ўлады, прыходзіцца каля 33% сёлетняга бюджэту. У той час, як на сацыяльныя выдаткі — толькі каля 27%.

Гэтая тэндэнцыя прасочваецца на працягу апошніх пяці гадоў. Штогод выдаткі на сілавыя структуры і ведамствы растуць, а на медыцыну, адукацыю, спорт і фізічную культуру, культуру ўвогуле — скарачаюцца. Дык пра якую ж сацыяльную дзяржаву ў гэтым выпадку можна казаць?

Як адзначыў Раманчук, у бюджэце–2014 на функцыянаванне дзяржаўнага апарату пойдзе 43% ад ВУП Беларусі. Гэта сведчыць пра тое, што аніякага развіцця беларуская эканоміка не атрымае: утрымліваць столькі чыноўнікаў — вельмі вялікі цяжар. Нягледзячы на запланаванае скарачэнне дзяржчыноўнікаў на 25%, бюджэтныя выдаткі на чыноўніцтва не толькі не знізіліся, але і ўзраслі!

Напрыклад, Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце атрымае ў гэтым годзе 75 мільярдаў беларускіх рублёў. Упраўленне справамі прэзідэнта — 1 трыльён 332 мільярда рублёў. Да прыкладу, увесь апарат Савету міністраў, то бок увесь беларускі ўрад цалкам, «ацэнены» ўсяго ў 60,8 мільярда рублёў.

У бюджэце закладзеныя сродкі на ўтрыманне апарату свабодных эканамічных зонаў, якія, па ідэі, павінныя самі зарабляць грошы на сваё ўтрыманне. 4,5 мільярда рублёў атрымае адміністрацыя яшчэ не створанага беларуска-кітайскага тэхнапарку пад Смалявічамі. Хай сабе прэзідэнт і крытыкуе пастаянна Акадэмію навук, але 1,5 трыльёна рублёў на «яйкагаловых» не шкада. Але чаму і за што афіцыйна недзяржаўнае грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі» атрымае з бюджэту 1,6 мільярда рублёў?

Выдаткі не туды

У той час, як эксперты абмяркоўвалі беларускі бюджэт, прыйшла чарговая навіна — дзяржава павялічыла сваю долю ў статутным фондзе ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» на 2,8 трыльёна рублёў, тым самым павялічыўшы сваю долю ў статутным капітале да 94,52%. Між тым, Яраслаў Раманчук лічыць гэтую структуру ледзьве не асноўным «монстрам», які высмоктвае грошы з беларускага бюджэту.

Фактычна, Банк развіцця быў створаны для выканання патрабаванняў Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка, якія патрабавалі ад дзяржавы адмовіцца ад звышкрэдытавання беларускай эканомікі. Дзяржава ў адказ стварыла «фармальна недзяржаўнае» ААТ, у якое скіроўвае грошы і якое, у сваю чаргу, «фармальна незалежна» крэдытуе беларускія прадпрыемствы.

Па словах Раманчука, штогод на такія крэдытныя праграмы траціцца 13–15 мільярдаў долараў (не рублёў!). А эфектыўнасць такой падтрымкі — нуль. Усе дзяржпраграмы ў мадэрнізацыі ільнопрамысловасці, дрэваапрацоўцы і гэтак далей да выніку так і не прывялі. А такіх дзяржпраграм у нас — 78 штук, падкрэсліў Раманчук, і ўсе фінансуюцца з бюджэту.

Бюджэт «для дзядзі»

Бюджэт–2014 паказвае, у якім крызісе беларуская эканоміка. У той час, як мы імкнёмся ўзяць, дзе гэта толькі магчыма, новыя крэдыты, нас ужо, падаецца, пасадзілі ў «даўгавую яму».

На абслугоўванне знешніх і ўнутраных пазыкаў у беларускім бюджэце на 2014 год запланавана выдаткаваць 31 трыльён рублёў. У той жа час, на фізкультуру і спорт, нягледзячы на Чэмпіянат свету па хакеі, выдзелена 839 мільярдаў рублёў, на культуру і мастацтва — 613 мільярдаў рублёў, на ўсю медыцыну — 26 трыльёнаў рублёў. То бок, абслугоўванне доўгу зараз патрабуе больш выдаткаў, чым медыцына.

Што рабіць?

Каб беларускі бюджэт адпавядаў сапраўдным нашым патрэбам, па меркаванні эканамістаў, трэба не проста перастаўляць лічбы з адной калонкі ў іншую: трэба карэнным чынам ламаць самую структуру гэтага бюджэту. З самім дакументам нічога не зробіш — ён ёсць такі, які ёсць. А іншага бюджэту ў нас не будзе, пакуль не будзе іншай эканамічнай палітыкі. Тады, можа быць, будзе і нармальны бюджэт.