Нафтагазавыя абцугі для Беларусі

Расія фактычна дала зразумець, пры якіх умовах Беларусь можа разлічваць на аднаўленне паставак бязмытнай нафты ў поўным аб'ёме. Першая і галоўная з гэтых умоў — адмовіцца ад транзіту экспарту праз краіны Балтыі.

putin_rossijskij_haz_karikatura_putin_cartoon.jpeg

Другая — не пазбаўляць прыбыткаў «Газпрам», то бок купляць газ па прапанаванай цане, без «самадзейнага» вызначэння коштаў на яго.

На мінулым тыдні вакол «нафтагазавых» узаемаадносін Мінска і Масквы ішла сапраўдная візантыйская інтрыга. Беларускія чыноўнікі лічылі, што пра ўсё ў Маскве ўжо дамовіліся: 16 лютага віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што дакумент «па нафце і газу» можа быць падпісаны на наступным тыдні: «Праект пратаколу знаходзіцца на разглядзе ў кіраўніцтва РФ».

Аднак у першыя ж дні сакавіка ўсё перавярнулася. Спачатку — 2 сакавіка — Расійская Чыгунка (РЖД) абвясціла пра тое, што павялічвае да 50% зніжку на перавозкі нафтапрадуктаў з беларускіх НПЗ у парты Санкт-Пецярбурга. А на наступны дзень «Газпром» заявіў, што з 1 студзеня 2017-га расійскі газ для Беларусі каштуе 141,1 долара за 1 тысячу кубаметраў — гэта даражэй ранейшага кошту на 6,81%.

Атрымліваецца, высілкі беларускіх перамоўшчыкаў, якія дамагаліся паніжэння кошту газу, далі адваротны эфект. Зараз пытанне толькі ў тым, ці «прабачыць» Расія тую запазычанасць за газ, што ўжо маецца, і ці адновіць пастаўкі нафты, калі Беларусь пагадзіцца пераключыць свае экспартныя патокі з партоў Прыбалтыкі на Ленінградскую вобласць.

Газ — даражэй

Пра ліст намесніка старшыні «Газпрама» Валерыя Голубева міністру энергетыкі Расіі Аляксандру Новаку, з якога вынікае, што расійскі прыродны газ для Беларусі падаражэў, РБК паведаміла 3 сакавіка. Прычым сам ліст датаваны 25 студзеня 2017-га.

Атрымліваецца, што беларускія перамоўшчыкі па пастаўках энерганосьбітаў з Расіі больш за месяц вешалі локшыны на вушы Лукашэнку і ўсёй краіне, запэўніваючы, што «практычна пра ўсё дамовіліся», і цяпер Беларусі за газ давядзецца плаціць менш. А пастаўкі бязмытнай нафты неўзабаве «адновяцца ў поўным аб’ёме». На практыцы жа аказалася, што спажыўцы газу ў Беларусі цяпер будуць штогод плаціць амаль на 80 мільёнаў долараў больш. Лічба ў маштабах дзяржавы невялікая, але яна паказала крах усіх газавых перамоў беларускага ўрада.

Нагадаем, што Беларусь з вясны мінулага года плаціць за спажываемы расійскі газ толькі «справядлівы» кошт у 107 долараў (як паведаміў Лукашэнка падчас «вялікай размовы» 3 лютага), абгрунтоўваючы гэта ранейшымі дамоўленасцямі аб пераходзе да роўнапрыбытковых коштаў на газ. Але «Газпрам» лічыў цану газу Беларусі ў 2016 годзе па $132 за тысячу кубаметраў. Вынікам такога разрыву стала запазычанасць каля 600 мільёнаў долараў (на сёння), якую Беларусь адмаўляе. З-за гэтага з другой паловы мінулага года Расія ўсё больш скарачае пастаўкі ў Беларусь бязмытнай нафты.

Ва ўжо згаданым лісце міністру энергетыкі Расіі Валерый Голубеў падрабязна тлумачыць, чаму кошт газу для саюзнай краіны не можа быць «роўнапрыбытковым», насуперак аргументам Мінэнерга Беларусі. Пры гэтым, аднак, кошт газу для Беларусі нават пасля падаражання застаецца ніжэй за сярэднееўрапейскі, і нават за сярэдні для СНД. Па словах іншага намесніка кіраўніка «Газпрама» Аляксандра Мядзведзева, сярэдні кошт экспарту ў Еўропу ў 2017 годзе вырасце да 180–190 долараў за тысячу кубаметраў (у 2016 годзе было $167). Па яго ж словах, «сярэднеўзважаны кошт паставак у краіны СНД і Балтыі ў 2016 годзе склаў $152 за 1 тысячу кубаметраў».

У «Газпраме» не хаваюць таго, што пастаўкі газу беларускім спажыўцам улічваюць у тым ліку неабходнасць вяртання інвестыцый «Газпрама» ў беларускі газавы рынак. Галоўнай з іх было набыццё долі (другіх 50%) у «Белтрансгазе» за $5 мільярдаў у 2011 годзе.

Транзіт — танней

«Расійская Чыгунка» 2 сакавіка на сваім сайце апублікавала рашэнне павялічыць з 25% да 50% зніжку на перавозкі нафтапрадуктаў у цыстэрнах са станцый Барбараў і Наваполацк Беларускай чыгункі ў кірунку прыпартовых станцый Паўночнага Захаду РФ (Усць-Лугі і Прыморск). Гэта прамы і відавочны пасыл беларускім нафтаперапрацоўшчыкам: станцыя Барбараў абслугоўвае Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, а поруч са станцыяй Наваполацк размешчаны другі беларускі НПЗ — «Нафтан».

Расія даўно імкнецца перавесці плынь экспарту беларускіх нафтапрадуктаў у свае парты. Сёння практычна ўвесь транзіт беларускіх нафтапрадуктаў у Еўропу ідзе праз парты Літвы (Клайпеда) і Латвіі (Вентспілс, Рыга) — яны нашмат бліжэй. Пра маштабы можна казаць па тым факце, што для Латвіі Беларусь — другі па значнасці транзітны партнёр пасля Расіі (17% ад агульнага грузаабароту транспартнай сістэмы краіны). Для Літвы Беларусь і наогул першы па важнасці партнёр: доля беларускай грузаплыні ў агульнай структуры перавалкі праз Клайпедскі порт складае 40% і ўвесь час расце.

Але ў Маскве вераць, што паніжэнне тарыфаў дасць стымул для пераводу беларускага бензіну і дызпаліва з прыбалтыйскіх партоў у расійскія. Першае паніжэнне тарыфаў (на 25%) адбылося ў кастрычніку 2016-га, але эфекту не дало. Зараз жа новая зніжка для беларускіх кампаній-экспарцёраў падмацоўваецца яшчэ і палітычным ціскам на Мінск. Гэта і шматлікія публічныя прэтэнзіі да беларускай візавай палітыкі, і абмежаванні па транзіту замежных грамадзян праз Беларусь («прыкрыццё» мяжы), і тэлеперадачы пра «беларускі нацыяналізм». Але ж збольшага ціск Расіі рэалізуецца праз эканоміку — тут дастаткова толькі ўзгадаць яўна інспіраваныя Крамлём дзеянні Данкверта, якія так раздражняюць беларускае кіраўніцтва.

Інтрыгі дадае тое, што Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў 2012 годзе, сустракаючыся ў Мінску з губернатарам Ленінградскай вобласці Аляксандрам Драздзенкам, заявіў, што гатовы перанакіраваць грузаплыні беларускага экспарту з партоў Літвы і Латвіі ў парты Ленінградскай вобласці. Аднак кіраўнік Беларусі свайму слову гаспадар: захацеў — даў, захацеў — забраў. Перанакіравання так і не адбылося, бо лагістыка ў кірунку партоў Літвы і Латвіі нашмат больш выгадная для беларусаў. Ды і самі гэтыя краіны заўжды ідуць насустрач беларускім экспарцёрам. У сваю чаргу, беларускае дзяржпрадпрыемства «Беларуская нафтавая кампанія» плануе набыць уласны тэрмінал для перавалкі вадкіх грузаў у Рыжскім вольным порце.

Цугцванг, або абодва горш

Колькасць візітаў у Маскву асноўнага газавага перамоўшчыка Беларусі, віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі, так і не перайшла ў якасць. Хаця перамовы пра ўрэгуляванне нафтагазавай спрэчкі ідуць ужо год, на саступкі дагэтуль не пайшоў ні адзін з бакоў. Беларускі ўрад патрабуе амаль двухразовага паніжэння кошту на газ, расіяне не згаджаюцца і патрабуюць выплаты набранага абавязку. Сам жа абавязак дасягнуў ці то $550 мільёнаў (версія міністра энергетыкі РФ Аляксандра Новака), ці то 600 мільёнаў долараў (версія віцэ-прэм’ера РФ Аркадзя Дварковіча).

Увосень 2016-га Мінск і Масква амаль дамовіліся наконт паніжэння для Беларусі кошту на газ і кампенсавання страт «Газпраму» з расійскага бюджэту. Пра гэта нават публічна абвясціў Лукашэнка. Але далей адбылася нейкая цёмная гісторыя, і перамовы зноў зашлі ў тупік. Зараз выйсці з гэтага тупіку, верагодна, можна будзе ў выпадку, калі Беларусь насамрэч пераарыентуе свой экспарт з партоў Літвы і Латвіі на Ленінградскую вобласць. Але гэтае сур'ёзнае палітычнае рашэнне для Мінска.

Па-першае, прыбраць беларускі экспарт з партоў Літвы і Латвіі — значыць траціць некаторае паляпшэнне адносін з Еўрасаюзам. Бо Вільнюс і Рыга, натуральна, паставяць у Брусэлі пытанне аб тым, што Беларусь — не самастойная краіна, а робіць усё пад дыктоўку ды ў інтарэсах Расіі.

Па-другое, перавесці транзіт у расійскія парты — сама па сабе няпростая менеджарская задача. І, нарэшце, самае галоўнае: замена прыбалтыйскага транзіту расійскім рэзка падвысіць і палітычную, і эканамічную залежнасць афіцыйнага Мінска ад Крамля. Бо і РЖД у любы момант зніжкі можа адмяніць, і грузы могуць у расійскім порце «па тэхнічных чынніках» затрымацца. Прасцей кажучы, перавод беларускага экспарту ў расійскія парты — рэч нашмат больш небяспечная для беларускага суверэнітэту, чым вучэнні «Захад–2017».

Які выбар зробіць беларускае кіраўніцтва, пакажа час.