Мінэканомікі сфармавала для продажу спіс з 800 прадпрыемстваў
Міністэрства эканомікі сфармавала пералік з 800 прадпрыемстваў для магчымага продажу нацыянальным і замежным інвестарам. Пра гэта 13 лютага на пасяджэнні Савета міністраў заявіў міністр Мікалай Снапкоў. Паводле яго слоў, гэтыя прадпрыемствы не адпавядаюць "нават сутнасці дзяржаўнага прадпрымальніцтва і ўдзелу ў эканоміцы".
У прыватнасці, у спіс увайшлі малыя прадпрыемствы да 100 чалавек, прадпрыемствы з доляй дзяржавы менш як 50% і неплацежаздольныя. "З гэтага спісу выключаныя горадаўтваральныя і
прадпрыемствы, па якіх дадзена пераважнае права аблвыканкамам і гарвыканкамам ў набыцці акцый", — сказаў міністр, паведамілі ва ўрадзе.
Мікалай Снапкоў адзначыў, што на гэтых прадпрыемствах працуе 7% занятых, яны забяспечваюць 6% выручкі і 2% прыбылі ў агульным аб'ёме па краіне. "Трэба сканцэнтраваць намаганні на
развіцці дамінуючых прадпрыемстваў, якія сапраўды заслугоўваюць дзяржаўнага кіравання. І ў сувязі з гэтым аптымізаваць структуру дзяржаўнай уласнасці", — дадаў ён.
Паводле яго слоў, трэба сфармаваць прапановы па гэтых прадпрыемствах, "па найбольш аптымальнай іх рэалізацыі", і прадставіць іх прэзідэнту для падтрымкі такога падыходу.