МАП ацэніць сітуацыю з прымусовай працай у Беларусі
Камітэт па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) 6 чэрвеня дасць заключэнне адносна сітуацыі з прымусовай працай у Беларусі.
Пра гэта было заяўлена па выніках разгляду беларускага пытання на пасяджэнні камітэта ў межах 105-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе 2 чэрвеня, паведамляе прэс-служба Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).
Афіцыйная ўрадавая дэлегацыя на чале з міністрам працы і сацыяльнай абароны Мар'янай Шчоткінай 2 чэрвеня прадставіла камітэту краінавы даклад, у якім адхіліла абвінавачанне ва ўжыванні прымусовай працы ў Беларусі.
Падставай для таго, каб разглядаць беларускае пытанне ў кантэксце гэтай канвенцыі, сталі асобныя палажэнні дэкрэтаў прэзідэнта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", № 9 "Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці", № 18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у непаспяховых сем`ях" і закона № 104-3 ад 4 студзеня 2010 года "Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх".
Увагу МАП таксама прыцягнулі дэкрэты прэзідэнта № 29 "Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносінаў, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны" і № 5 "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый".
Як зазначае прэс-служба БКДП са спасылкай на свайго старшыню Аляксандра Ярашука, які прысутнічае на канферэнцыі ў якасці віцэ-прэзідэнта Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, беларускае пытанне "выклікала вострую дыскусію" сярод прадстаўнікоў урадаў, аб`яднанняў наймальнікаў і прафсаюзаў, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні камітэта.
У сваю чаргу ўрады Азербайджана, Венесуэлы, Індыі, Казахстана, Кітая, Кубы, Расіі і Туркменістана, а таксама прафсаюзы Венесуэлы і Малайзіі ўсталі на бок беларускіх уладаў.
Прэзідэнт КПР Барыс Краўчанка станоўча ацаніў адмену дэкрэта прэзідэнта № 9 "Аб мадэрнізацыі ў дрэваапрацоўчай прамысловасці". Разам з тым ён з трывогай адзначыў, што захоўваюць дзеянне дэкрэты № 3 і № 5, заявіўшы, што "можна казаць не толькі пра асобныя факты, але пра ўвядзенне цэлай сістэмы, якая ўзнаўляе практыку прымусовай працы [у Беларусі] і якая робіць яе нормай".
"Цяпер урад Беларусі прыкладае пэўныя намаганні для фактычнага замацавання шэрагу адыёзных нормаў у галіне прымусовай працы са згаданых указаў кіраўніка выканаўчай улады ў нацыянальнае працоўнае заканадаўства. Мы салідарныя з пазіцыяй Камітэта экспертаў, які настойвае на неабходнасці поўнага выкаранення падобных практык у працоўнай сферы Беларусі", — сказаў Краўчанка.
Ад імя КПР Краўчанка заклікаў урад Беларусі адкарэктаваць заканадаўства, "не адпаведнае палажэнням канвенцыі № 29, у адпаведнасці з заключэннем Камітэта экспертаў".
Доўгія гады Беларусь знаходзілася ў спісе МАП з 25 дзяржаў, дзе сістэматычна парушаюцца правы працоўных. Пачынаючы з 2000 года на сесіях Міжнароднай канферэнцыі працы ставілася пытанне аб парушэннях Беларуссю канвенцый № 87 і № 98, якія тычацца правоў працоўных аб`ядноўвацца ў прафсаюзы і ўдзельнічаць у калектыўных працоўных перамовах. У 2004 годзе Камісія па расследаванні МАП выдала беларускаму ўраду рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі з правамі працоўных і прафсаюзаў, аднак значная частка гэтых рэкамендацый дагэтуль не выкананая.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН