Пашукайце ў кішэні

Улады, відавочна, застылі на месцы. Яны не ведаюць, што рабіць з эканомікай. Становішча людзей, тым часам, усё пагаршаецца. У сувязі з гэтым вельмі цікава, што нам распавядуць на чарговым Усебеларускім сходзе.

Фота з сайта 5sfer.com

Фота з сайта 5sfer.com


Як высветлілася, справаздачу перад народам рыхтуе нязломны Міхаіл Мясніковіч. Ён жа з’яўляецца і кіраўніком міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016–2020 гады. У інтэрв'ю праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1» Міхаіл Уладзіміравіч раскрыў таямніцу «залатога ключыка», які можа забяспечыць эканамічны рост краіны.

 

Чыноўнік, у прыватнасці, заявіў: «Мы выступаем за беспазыкавы плацежны баланс краіны, за збалансаванае развіццё. У якасці прыярытэтаў — занятасць, экспарт і інвестыцыі».

 

Паводле яго слоў, разлікі гавораць пра тое, што рэальна за пяцігодку можна выходзіць на аб'ёмы валавога ўнутранага прадукту ў 110–115%, экспарту — 120–125%. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва — у межах 9,5—11% пры росце прадукцыйнасці працы па ВУП — 11–15%.

 

А вось за кошт чаго мы дасягнем гэтых вышыняў? Па словах Мясніковіча, нам «патрэбна новая эканоміка і новыя прадпрыемствы, а для гэтага, безумоўна, патрэбны інвестыцыі». Дзе іх узяць, Мясніковіч не ведае: «Рэальна іх няма. Бюджэт не можа сабе дазволіць. Прыбытку ў дзейных прадпрыемстваў няма. Банкаўскія крэдыты бедныя і дарагія», — канстатаваў ён. Паводле разлікаў урада, дэфіцыт абаротных сродкаў ацэньваецца ў 8,4 мільярда долараў. «Значыць, гэтых сродкаў таксама няма», — сказаў Мясніковіч.

 

Гэта вельмі трывожны званочак для шараговых насельнікаў Беларусі. Бо, паводле падлікаў таго ж урада, прыкладна такая сума знаходзіцца ў насельніцтва «ў панчохах». Імаверна, што ўлада будзе спрабаваць выцягнуць з грамадзян іх зберажэнні.

 

Што праўда, Мясніковіч знайшоў адзін спосаб выхаду з крызісу. Праўда, да яго гэты спосаб знайшлі ўсе цывілізаваныя краіны сто гадоў таму. Паводле кіраўніка Савета Рэспублікі, забяспечыць выкананне прагнозных паказчыкаў «можна за кошт актыўнага развіцця прыватнага сектара і новых прадпрыемстваў». «Для гэтага трэба разняволіць дзелавую ініцыятыву людзей», — адзначыў ён.

 

Мясніковіч расказаў, што міжведамасная рабочая група ўнесла і ўрад падтрымаў пытанне аб неабходнасці вызвалення малых і сярэдніх прадпрыемстваў у вытворчай сферы, створаных у 2016–2017 гадах, на два гады ад усіх падаткаў, акрамя абавязковых страхавых плацяжоў.

 

Малайчына, Мясніковіч! Пра спрыяльныя ўмовы для малога бізнесу і вызваленне новых прадпрымальнікаў ад падаткаў ужо гадоў дзесяць кажуць незалежныя эканамісты. З гэтымі прапановамі яны ўжо ўсім плеш праелі.

 

Няблага было б старшыні Савету Рэспублікі патлумачыць, як гэта будзе дзейнічаць ва ўмовах указу №222, наконт якога таксама ўжо надакучыла казаць, што ён забівае прыватны бізнес. Варта было б і ўзгадаць, што перадвыбарчая праграма Аляксандра Лукашэнкі прадугледжвала мараторый на новыя падаткі ажно на пяць гадоў, і распавесці, чаму гэта не выконваецца. А калі кажам пра занятасць (прыярытэт паводле Мясніковіча), то і прадэманстраваць 50 тысяч новых працоўных месцаў, якія нам абяцалі ў абмен на павышэнне пенсійнага ўзросту.

 

Праўда, гэта нас не выратуе. Па звестках Міністэрства эканомікі, зараз 20 тысяч чалавек працуюць на прадпрыемствах, якія праходзяць працэдуру банкруцтва. Яшчэ 470 тысяч — на прадпрыемствах, якія знаходзяцца ў складаным фінансавым стане. То бок, усяго пад пагрозай звальнення каля паўмільёна людзей.

 

Між тым, ужо сёння, па тых жа афіцыйных лічбах дзяржаўных цэнтраў занятасці, на адну вакансію прэтэндуюць чатыры чалавекі. Каб патрапіць першымі ў кабінет да кансультанта па працаўладкаванні, звольненыя працоўныя займаюць чаргу перад цэнтрам занятасці за 2 гадзіны да яго адкрыцця, з шасці раніцы. Прычым адзначаецца, што заробкі на прапануемых вакансіях знізіліся ў сярэднім на 20%, а колькасць шукальнікаў працы павялічылася з мінулага года ў чатыры з паловай разы.

 

Зразумела, з гэтым трэба нешта рабіць. Міністэрства працы задумалася над падвышэннем дапамогі па беспрацоўі, якое зараз максімальна складае дзве базавыя велічыні — 21 долар у эквіваленце. Пры тым, што максімальную дапамогу атрымліваюць не ўсе, сярэдняя «беспрацоўная» дапамога складае 13 долараў. У планах пакуль гучаў арыенцір — замяніць памер базавай велічыні памерам бюджэту пражытачнага мінімуму (цяпер 1 699 430 рублёў, або 85 долараў). Гэта значыць, прапануецца рост прыкладна ў 4 разы.

 

Але ж гэтыя грошы трэба аднекуль узяць! А ў нас, паводле Мясніковіча, у бюджэце грошай няма.

 


hole_in_pocket_1058806_500x335.jpg


Цікавую думку на гэты конт выказаў старэйшы даследчык CASE-Беларусь Уладзімір Валетка. Паводле яго падлікаў, максімальны памер дапамогі варта ўсталяваць не ў адзін, а ў два бюджэты пражытковага мінімуму. Гэта, па-першае, каля 50% ад сярэдняй заработнай платы — то бок, дастаткова добры ўзровень дапамогі па беспрацоўі. І ў той жа час на гэта спатрэбіцца 0,2% ВУП краіны.

 

Па словах Валеткі, сёння не менш за 4% ВУП траціцца на падтрымку малаэфектыўных (чытай — стратных) прадпрыемстваў. Калі гэтыя 0,2% ВУП для беспрацоўных выцягнуць з дзяржпадтрымкі стратных прадпрыемстваў, то задача цалкам вырашальная.

 

Засталося толькі пралічыць, наколькі павысіцца тое самае беспрацоўе, калі замест 4% падтрымкі стратных прадпыемстваў мы дадзім ім 3,8%.

 

Як паказвае прыклад прапановы Валеткі, насамрэч, грошы ў дзяржавы ёсць. Толькі выкарыстоўваюцца яны неэфектыўна. Таму трэба пашукаць, дзе яны знікаюць, і накіраваць туды, дзе яны патрэбныя.

 

Будзем спадзявацца, што першай ластаўкай у гэтым кірунку з’яўляецца адмена сумнавядомага дэкрэта №9, які забараняў працоўным звальняцца з мадэрнізаваных дрэваперапрацоўчых прадпрыемстваў. Указ пра тое, што гэты дэкрэт страціў моц, падпісаны Лукашэнкам 27 мая. «Мадэрнізацыя», у выніку якой мадэрнізуемыя прадпрыемствы пагалоўна апынуліся ў стратных, каштавала нам дорага. Значыць, яна скончаная. І гэта таксама зэканомленыя грошы.

 

Так што, калі добра пашукаць, сродкі, як высвятляецца, можна знайсці і ў дзіравай кішэні.