Літва: для працягу перавалкі ўгнаенняў Мінск павінен «змяніць паводзіны»
Міністр транспарту Літвы Марус Скуодзіс заявіў, што мінскі рэжым павінен змяніць сваю палітыку, каб транзіт калійных угнаенняў праз літоўскую тэрыторыю не спыняўся.
«Санкцыі былі ўведзеныя не дзеля санкцый. Рэжыму трэба толькі змяніць сваё паводзіны, каб [...] транзіт працягнуўся», — сказаў Скуодзіс журналістам у Клайпедзе.
«Я не хачу, каб [транзіт] спыняўся, але гэта залежыць ад іншага боку. Мяч знаходзіцца на другім баку, і ім проста трэба зрабіць пэўныя крокі», — дадаў ён.
Міністр сумняецца, піша Reform.by, што перавалка ўгнаенняў спыніцца адразу пасля ўступлення ў сілу санкцый у наступным месяцы, паколькі «ёсць пэўныя ўмовы перадаплаты» і іншыя абставіны.
Па словах Скуодзіса, працяг транзіту залежыць ад двух ключавых фактараў: банкаў і магчымых змяненняў санкцыйнага рэжыму.
«Па-першае, ці дазволяць банкі плацяжы, таму што санкцыі ЗША не распаўсюджваюцца наўпрост, напрыклад, на літоўскія юрыдычныя асобы», — сказаў ён, дадаўшы, што «буйныя банкі ўжо выказаліся». Міністр таксама адзначыў, што і ЕС, і ЗША могуць зрабіць больш жорсткімі ці іншым чынам змяніць свае санкцыі.
Скуодзіс прызнаў, што ўгнаенні складаюць значную частку грузаў, што апрацоўваюцца ў Клайпедзе, і грузаў, якія перавозяцца па чыгунцы ў Літве, але не ўдакладніў, як літоўскі бізнес можа пацярпець ад больш жорсткіх санкцый.
Раней Скуодзіс выказваў меркаванне, што пасля ўвядзення санкцый ЗША ў дачыненні да «Беларуськалія», якія ўвойдуць у дзеянне з 8 снежня, банкі могуць адмовіцца праводзіць плацяжы за паслугі транспартавання калійных угнаенняў, што будзе азначаць прыпыненне транзіту. У Клайпедскім порце выказвалі асцярогі з нагоды магчымага скарачэння дзяржаўных інвестыцый і абвастрэння ўнутранай канкурэнцыі на фоне страты беларускіх грузаў. Порт Клайпеды працягвае пакуль перавалку беларускіх калійных угнаенняў, аднак ён ужо страціў нафтапрадукты і азотныя ўгнаенні з Беларусі.