Літоўцы чакаюць прыток пакупнікоў з Беларусі
З-за барацьбы з імпартам у Беларусі яшчэ больш жыхароў нашай краіны стануць прыязджаць у Літву за пакупкамі.
Пра гэта кажуць літоўскі гандляры, піша ru.DELFI.lt са спасылкай на
мясцовую газету Verslo zinios.
Беларускі ўрад рыхтуе пакет мер, якія павінны кардынальна скараціць паток імпартных тавараў на рынак краіны. Перш за ўсё гэта тычыцца аўтамабіляў, адзення і абутку, тэлевізараў і халадзільнікаў.
Літоўскі бізнэс не бачыць у гэтым вялікіх пагроз, паколькі мала экспартуе гэтых тавараў у Беларусь.
"Гэта не навіна, проста рынку яшчэ раз нагадваюць, што беларускі ўрад не мяняе сваёй устаноўкі працягнуць праграму мадэрнізацыі і замены імпарту, каб абараніць такім чынам унутраных
вытворцаў", — адзначыў аташэ Літвы па пытаннях камерцыі ў Рэспубліцы Беларусь Відмантас Вярбіцкас.
Па словах кіраўніка віленскага гандлёвага цэнтра Panorama Бірутэ Каланавайце, з-за абмежаванняў на імпарт у Літву можа прыязджаць больш беларусаў для здзяйснення пакупак. "Скарачэнне
асартыменту заўсёды прыцягвае людзей сюды, да таго ж, для іх Вільня — гэта заходняя культура, і ўжо па гэтай прычыне яны сюды едуць. Ну а наведвальнік Panorama — гэта
беларус з высокімі даходамі, які прыязджае не толькі купіць адзенне, але і правесці час у рэстаранах, гасцініцах", — сказала Каланавайце.