Крызіс і новая спажывецкая мадэль
Рэальныя прыбыткі насельніцтва працягваюць падаць, і беларусы старанна эканомяць. Але сёння гаворка ідзе нават не пра эканомію, а пра рэформу мадэлі спажывання. Яна ўсё больш падобная на «ліхія 90-я».
Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)
Назад у будучыню
Калі год таму жыхары нашай краіны эканомілі, адмаўляючыся ад абедаў у кавярнях і дарагой касметыкі, то зараз людзі вымушаныя больш сур’ёзна перакройваць сямейны бюджэт. У выніку ён робіцца ўсё больш падобны на бюджэт, які мы мелі ў 90-х гадах. Прычым, з характэрнымі для таго часу перакосамі: нашы суайчыннікі гатовыя эканоміць на ежы, транспарце, адпачынку і вопратцы. Але не гатовыя скараціць спажыванне спіртнога і цыгарэт. Аўтар гэтых радкоў за мінулы месяц шмат гутарыў з людзьмі ў розных кутках Беларусі — і ўсе яны распавядалі, як жывуць і выжываюць у крызіс. Дакладней — як зжываюцца з ім.
Адразу адзначу некалькі асноўных тэндэнцый. Практычна ніхто не пачаў эканоміць на камунальных паслугах. Затое амаль усе адзначалі: з-за рэзка пацяжэлых «жыровак» яны зараз вымушаныя моцна эканоміць на чымсьці іншым. Аднак пры гэтым мала хто паменшыў выдаткі на алкаголь і цыгарэты. Хіба што сталі купляць менш якасны тавар: шмат хто жаліўся, што «даводзіцца паліць усялякую брыдасць» і «нармалёвае піва занадта дарагое — мачу даводзіцца піць».
Есці або не есці
Нават у параўнанні з мінулым годам — таксама крызісным — нашмат больш жыхароў Беларусі пачалі эканоміць на ежы. «Я сабе толькі раз на месяц, з пенсіі, купляю сасіскі паласавацца. Звычайная ежа — кашы ды тварог. З такімі коштамі на камуналку, як зараз, з ежай асабліва не разгонішся, — распавядае мінская суседка-пенсіянерка. — Гэта яшчэ добра, што не прыходзіцца дапамагаць дзецям: абедзве дачкі ў Ленінградзе жывуць, абедзве там замуж добра выйшлі, усё ў іх у парадку».
Калі праведзенае ў чэрвені 2015-га даследаванне МАСМІ паказала, што кожны чацвёрты беларус (25,4% апытаных) тады эканоміў на прадуктах харчавання, то зараз выдаткі на ежу, на думку сацыёлагаў, скараціла 70% насельніцтва. З іх больш за палову — значна. У шэрагу раёнаў Беларусі карціна зусім сумная, як на пачатку 90-х: якасныя прадукты ўспрымаюцца як раскоша, аснова рацыёну — макароны, бульбачка і сланечнікавы алей. Мяса з’яўляецца на стале, толькі калі прыходзяць госці. Каб заўважыць гэта, не абавязкова хадзіць па кватэрах і зазіраць у лядоўні, досыць паназіраць за пакупнікамі ў краме, паглядзець на іх кошыкі на касе. Або проста пагаварыць з людзьмі.
«Я не памятаю ўжо, калі рыбу ела. Зараз нават селядзец нейкіх незразумелых грошай каштуе. Ямо ў сям’і ўсё больш бульбачку, ды яшчэ грэчку — добра, што яна падабаецца і дзецям, і мужу. А з мяса толькі курыцу раз на тыдзень бяру, — распавядае забяспечаная, па мясцовых мерках, жыхарка Пінска Васіліса. — Часам купляю шакаладку: пацешыць дзяцей, калі адзнакі добрыя, ды сябе папесціць. Але гэта нячаста».
Звярніце ўвагу: усё часцей у падобных расповедах гучаць словы «папесціць», «паласавацца» і іншыя з таго жа шэрагу. Такія словы — маркеры беднасці. Калі пажылая жанчына з пенсіі «песціць» сябе курыным мясам або «ласуецца» сырам — гэта значыць, што ў паўсядзённым жыцці яна практычна недаядае. Гэта значыць, што аснова яе звычайнага рацыёну — хлеб і крупы. Шмат якія з такіх слоў часта гучалі на пачатку 90-х, але потым, збольшага, сышлі з мовы. А зараз вяртаюцца.
І калі ў гаманцы аказваецца грошай трохі больш звычайнага або ёсць жаданне пацешыць дзяцей — людзі дазваляюць сабе «папесціцца ласункамі», «пацешыць дзяцей яблычкамі».
«Пакупнікоў менш не становіцца, а вось абарот зваліўся вельмі моцна. Людзі перайшлі на таннейшыя прадукты. Хоць бываюць усплёскі — нядаўна актыўна скуплялі цукар, па 10–15 кілаграмаў. Таму што пайшлі чуткі, што падаражэе, — распавядае прадавец звычайнага мінскага гастранома непадалёк ад Трактарнага заводу. — Але пасля такіх усплёскаў яшчэ большы правал, таму што эканомяць. Зусім мала рыбы купляюць, мяса таксама нашмат менш, чым раней. У большасці грошай няма, бяруць субпрадукты і самыя танныя каўбасы. Каву і гарбату купляюць імпартныя, але самыя танныя, — яшчэ год таму гэта не было так прыкметна. Амаль не купляюць гародніну — побач, ля метро, у бабулек тое ж самае танней».
Добрасумленная галеча
Беларусы не толькі змяняюць свой рацыён, але і ў цэлым без наракання ўспрымаюць агульнае пагаршэнне якасці жыцця. Напрыклад, яны практычна не скарацілі выдаткі на аплату лекаў і добрасумленна аплачваюць камунальныя выдаткі. Хоць на апошнім усё ж імкнуцца эканоміць. «Я ўжо два гады як электрычны імбрык на антрэсолі закінуў. А дастаў адтуль звычайны жалезны, — распавядае мужчына гадоў 50-ці, мой спадарожнік у цягніку Гомель—Мінск. — Таму што ад электрычнага лічыльнік круціцца як шалёны. А за газ плаціш фіксаваны кошт, лічыльнік пакуль не дадумаліся паставіць».
Людзі паўсюль адзначаюць: яны нашмат меней наведваюць кавярні, рэстараны, нават недарагія закусачныя — узяць з сабой на працу або ў дарогу некалькі бутэрбродаў нашмат эканомней.
Што тычыцца медыцыны, то тут сітуацыя дваістая. З аднаго боку, беларусы не сталі выдаткоўваць менш грошай на лекі: напрыклад, пераходзіць з замежных пігулак на іх беларускія аналагі. З іншага — значна скараціўся попыт на платныя медыцынскія паслугі. Мая далёкая сваячка літаральна з сорамам прызналася, што ўпершыню ў сталым веку пайшла не да платнага стаматолага, а ў мясцовую бясплатную паліклініку.
Падобная сітуацыя і ў галіне дагляду за прыгажосцю. Шмат хто пераходзіць на айчынныя гелі для душа, шампуні для валасоў і іншыя падобныя прадукты. «Упершыню пагаліўся з пенай «Модум», апынулася амаль нармалёва, — дзеліцца ўражаннямі сусед, студэнт. — Заўсёды галіўся з пенай «Jillette», а зараз яна дурныя грошы каштуе».
У салонах прыгажосці — ды і ў звычайных цырульнях — наведвальнасць прыкметна звалілася, таксама знізіўся сярэдні чэк і паменшыўся попыт на дадатковыя паслугі. Часам падобная эканомія проста зашкальвае. Цырульніца Яна ў Слоніме скардзіцца: «Шмат людзей прыходзяць стрыгчыся з бруднай галавой. Бачна, што не мыліся дзён пяць. Прапаноўваеш памыць — адмаўляюцца, бо даражэй выйдзе. Тлумачыш, што брудную галаву стрыгчы нельга, — пачынаюць крычаць, што, маўляў, ці ведаю я, колькі яны за гарачую ваду плацяць. Зусім людзі дайшлі!».
Багатыя таксама эканомяць
А што сапраўды радыкальна памянялася, дык гэта мадэль адпачынку. Паездкі за мяжу зноў сталі раскошай, затое рэзкае ажыўленне назіраецца на лецішчах. «Мы трымаемся дзякуючы сталым кліентам, і ўсе астатнія, наколькі я ведаю, таксама, — прызнаецца Ганна Валер’еўна, менеджар кампаніі-тураператара. — Нават у сезон павелічэнне рэкламы не дае эфекту. Калі ў людзей няма грошай на адпачынак за мяжой, то колькі рэкламы ні давай — сэнсу нуль. Пры гэтым унутраны турызм таксама не расце. Для нашых людзей унутраны турызм — гэта паехаць у Маладзечна да цешчы. Яны арганічна не разумеюць, як можна плаціць грошы турфірме за паездку па Беларусі, калі гэта толькі не экскурсія ў Мір і Нясвіж».
Прынята лічыць, што ў крызіс багатыя багацеюць, а бедныя — бяднеюць. Але цяпер у Беларусі імкнуцца эканоміць і, здавалася б, вельмі забяспечаныя людзі. Напрыклад, зараз яны імкнуцца наймаць «шматфункцыянальны» хатні персанал. Калі патрэбная нянька — то абавязкова з функцыямі хатняй прыслужніцы, або хатняя прыслужніца з навыкамі кухара і гэтак далей. Ад такога падыходу выйграюць сапраўды добрыя працаўнікі, якія могуць прэтэндаваць на надбаўку за шматпрофільнасць.
Пры гэтым канкурэнцыя рэзка вырасла. «Інтэрнэт літаральна кіпіць ад аб’яў жадаючых падпрацаваць нянькай або хатняй прыслужніцай, рэпетытараў таксама з лішкам, — дзеліцца сваім досведам 25-гадовая Марына. — Я ўладкоўвалася хатняй прыслужніцай, уладкавалася за месяц, але атрымліваю нашмат менш, чым разлічвала. Таму што хатнюю прыслужніцу, кухара, кіроўцу замяніць вельмі проста. Вось з нянькай складаней — там і рэкамендацыі патрабуюцца, і наогул вартую даверу знайсці няпроста. І заробак у нянькі вышэй, бо калі яна незадаволеная — гэта абавязкова адаб’ецца на дзіцяці».
Што нас чакае далей
Эканоміць беларусам давядзецца яшчэ не адзін год. Як гэта будзе выглядаць? Наўрад ці людзі будуць яшчэ больш эканоміць на ежы. Але дакладна можна сказаць, што пойдзе ўніз нерухомасць — танней будуць каштаваць як кватэры на другасным рынку, так і арэнда жылля. У чарговы раз знізяцца аб’ёмы будаўніцтва, бо сабекошт новай кватэры ўжо зараз амаль такі ж, як кошт кватэры на рынку. Часцей будуць купляцца бюджэтныя смартфоны, шмат хто будзе змяняць свае тарыфныя планы на больш танныя. Многія адмовяцца ад штодзённага выкарыстання ўласных аўтамабіляў, перасядуць на грамадскі транспарт.
З іншага боку, узрасце попыт на розныя навучальныя курсы, асабліва па тых прафесіях, попыт на якія будзе заўжды, — напрыклад, кухара, цесляра ці электрыка. І ўсім давядзецца круціцца і шукаць падпрацоўкі альбо другую працу.