Крызіс — час варушыцца

Крызіс — гэта час не толькі «зацягваць паясы», але і варушыцца, змяняцца, дзейнічаць. Гэтага вымагаюць абставіны. І на тыдні ў нас шмат аптымістычных навінаў. Праўда, трэба глядзець, ці ўвасобяцца яны ў жыццё.

2b3cf5_de2f2fbff8314727becc8e877f2dd7bd_mv2.jpg

Інтэрнэт-выданне Digital.report, напрыклад, лічыць, што Беларусь нечакана змяняе вектар эканомікі. Замест бульбы, мяса і малака мы ўваходзім у сферу высокіх тэхналогіяў. Пакуль што — на ўзроўні распрацоўкі.

Згодна выданню, «выручка ад экспарту ІТ-паслуг у некалькі дзясяткаў мільярдаў долараў і лакальныя прадстаўніцтвы буйных карпарацый — гэта ўжо не мары, а рэальнае развіццё беларускага ІТ-бізнесу. Насуперак скептыкам, у Беларусі тэхналагічны цуд не проста магчымы, ён ужо адбываецца. Паводле даследаванняў агенцтва Ernst&Young, краіна ўжо цяпер лічыцца «самай прывабнай краінай для ІТ-кампаній».

Такія перспектывы выданне малюе таму, што ў краіне «распрацоўваецца самы маштабны за ўсю гісторыю заканадаўчы акт, які павінен раптоўна ператварыць краіну з аграрнай рэспублікі ў сапраўдную Мекку для ІТ-кампаній. Паводле разлікаў аўтараў законапраекта, праз некалькі гадоў у Беларусі адкрыюцца офісы Microsoft, Oracle, Facebook і іншых карпарацый».

Сапраўды, зараз ІТ-сфера ў Беларусі развіваецца шалёнымі тэмпамі. Пад дахам Парку высокіх тэхналогій працуе 30 тысяч чалавек з заробкам у сярэднім 2000 долараў у месяц, і з 2015 года ён плаўна прырастае на 5% штогод.

Аптымізму дадае тое, што ўжо цяпер Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы сярод краін Усходняй Еўропы па сукупным сярэднегадавым тэмпе росту экспарту кампутарных паслуг — 133% супраць 129%, напрыклад, у Польшчы.

«Заканадаўчы акт, які спее ў нетрах урада і профільных ведамстваў, сапраўды, можа вывесці Беларусь на новую эканамічную арбіту і ператварыць у вялікую Крамянёвую даліну», — аптымістычна дадае Digital.report. Аднак у нашых варунках прыняцце заканадаўчага акту — гэта, хутчэй, знак трывожны, чым станоўчы. Можа стацца так, што замест прэферэнцый айцішнікі атрымаюць «сацыяльную нагрузку». Але будзем аптымістамі.

Цікавая навіна прыйшла са шматпакутнага нафтагазавага рынку. «Укртранснафта» і «Гомельтранснафта Дружба» на тыдні падпісалі пагадненне пра супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне для эфектыўнага выкарыстання сістэмы магістральных нафтаправодаў «Дружба» на ўчастку Мазыр — Броды. «Пагадненне, у прыватнасці, вызначае парадак дзеянняў украінскага і беларускага бакоў па забеспячэнні безаварыйнай працы нафтаправода і ўсіх яго збудаванняў, уліку нафты, каардынаванне рэжымаў перапампоўкі нафты», — гаворыцца ў паведамленні «Укртранснафты».

У той жа час віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка на пляцоўцы Беларускага прамысловага форуму заявіў, што не выключае паставак у Беларусь нафты, альтэрнатыўнай расійскай, ужо ў гэтым годзе. А старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка паведамляў пра распрацоўку магчымасцяў дыверсіфікацыі паставак нафты ў Беларусь: «Не ў піку Расіі, але дыверсіфікацыя заўсёды з’яўляецца дадатковай падушкай бяспекі для эканамічнай устойлівасці любой галіны».

Будзем спадзявацца, што гэтыя распрацоўкі рэальна выгадныя. Бо інакш навошта тады ўкладаць грошы ў безаварыйную працу Мазыр — Броды?

Раней Беларусь закупляла пробныя партыі нафты ў Венесуэле і Азербайджане, сёлета ўпершыню закупіла нафту ў Іране. Яна танкерам была дастаўлена ў Адэсу, адкуль па нафтаправодзе паступіла на Мазырскі НПЗ. Праўда, дыверсіфікацыі перашкаджаюць два моманты: альтэрнатыва Расіі далёка і дорага (з улікам перавозкі). Але, магчыма, мы знайшлі нешта бліжэй і танней?

У той жа час першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны адзначыў маленькі, але поспех той дыверсіфікацыі, пра якую нам ужо гадоў 15 як праелі ўсе мазгі. Паводле яго дадзеных, яшчэ два гады таму ў нас прыкладна 44–45% складаў экспарт у Расійскую Федэрацыю. Зараз — 37–38%. «Гэта значыць, мы гаворым пра дыверсіфікацыю структуры экспарту беларускай эканомікі, якая, безумоўна, дае плён», — адзначыў ён. І дзякуючы гэтай дыверсіфікацыі, у першым квартале 2017 года Беларусь атрымала станоўчае сальда гандлёвага балансу тавараў і паслуг, у той час як у мінулым годзе сальда за квартал было мінусавае.

Пра што казаць? Пра тое, што два гады скарачэння экспарту ў Расію — гэта два гады крызісу. Не забываем пра газавыя, нафтавыя і харчовыя войны з нашым «асноўным саюзнікам». Бачна, экспарцёры пачалі варушыцца і рэальна шукаць новыя рынкі збыту. І адшукалі, прычым такія, якія плацяць, і плацяць добра, зважаючы на станоўчае сальда экспарту.

Чаму не рабілі раней? Крызісу не было, варушыцца было не трэба.

І яшчэ пару аптымістычных навін. Нягледзячы на драконаўскую ініцыятыву наконт курыльшчыкаў (пра яе мы пісалі ў мінулым нумары), у Беларусь можа вярнуцца кампанія Philip Morris International (PMI). Раней, у 2007-м, кампанія закрыла прадстаўніцтва ў Беларусі з-за складанасцяў у перамовах з беларускім урадам і гродзенскай тытунёвай фабрыкай «Нёман» аб ліцэнзійнай вытворчасці цыгарэт. Зараз PMI разглядае магчымасць вяртання вытворчых магутнасцяў на «Нёман». Віцэ-прэзідэнт па карпаратыўных пытаннях афіліяваных кампаній у Расіі Сяргей Сліпчанка пацвердзіў, што ў кампаніі бачаць «камерцыйную перспектыву ў тым, каб аднавіць вядзенне бізнесу ў Беларусі пасля перыяду часовай адсутнасці».

А значыць, беларусы перастануць купляць «Marlboro» ў Расіі, што адначасова і дыверсіфікацыя таксама.

Выгаду можна атрымаць нават з глабальнага пацяплення. Беларускія навукоўцы правялі праверку на выкарыстанне ва ўмовах Беларусі гатункаў вінаграду, якія можна вырошчваць у прамысловых маштабах. Аграрыі ўключылі ў рэестр шэсць гатункаў, прызначаных у якасці сыравіны для вытворчасці віна. На вінаградніку на Піншчыне яны ўжо ўступілі ў поўнае плоданашэнне на плошчы 30 гектараў. Так што, калі не Францыю па віну абгонім, дык хоць Малдову.

Такім чынам, крызіс — гэта яшчэ і магчымасці. Галоўнае — з розумам імі скарыстацца.