Крэдыт МВФ: калі і дадуць, то не раней другой паловы 2017 года
Беларускія ўлады ўсё яшчэ лічаць магчымым прадастаўленне Беларусі $3,5 млрд. крэдыту МВФ, але не разлічваюць на гэтыя грошы раней другой паловы 2017 года пры ўмове, што паміж фондам і Мінскам усё зрасцецца, як трэба.
Як заявіў прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў у інтэрв’ю Reuters, перамовы з фондам ідуць канструктыўна: засталося ўзгадніць такія складаныя пытанні як тарыфная палітыка ў ЖКГ і рэфармаванне дзяржсектара эканомікі.
«Супярэчнасцяў у частцы канцэптуальных падыходаў няма. Гаворка ідзе больш пра тэрміны. Мы за больш плыўную дынаміку змены, а партнёры — за больш стромкую. Мяркуем, што ўжо вясной-летам мы будзем гатовыя прапанаваць далейшыя меры гэтага ўдасканалення», — заявіў Кабякоў.
Восенню 2015 года ўрад і Нацбанк РБ былі ўпэўненыя, што канца года падпішуць з МВФ мемарандум і атрымаюць жаданы крэдыт. Але рэзкае рашэнне Лукашэнкі ў лістападзе таго ж года павярнуць ўзад прынятыя захады ў сферы рэфармавання тарыфнай палітыкі ЖКГ вярнула адносіны МВФ і РБ у зыходную кропку і адклала пытанне прадастаўлення новага крэдыту Беларусі на няпэўны час.
«Мы хочам рабіць пераўтварэнні, якія неабходна рабіць, якія мы бачым і па якіх мы згодныя з МВФ. Але яны павінны адбывацца з адэкватнай хуткасцю, без цяжкіх сацыяльна-эканамічных наступстваў для грамадзян», — апраўдвае Кабякоў дзеянні Лукашэнкі.
Беларусь мае вострую патрэбу ў знешнім фінансаванні і ўжо ў снежні бягучага года можа быць вымушаная выкарыстоўваць ЗВР на абслугоўванне знешняга доўгу. Магчымае экстранае пагашэнне газавага доўгу ў $425 млн. зусім праб’е небяспечны пралом у «сховішчах» Нацбанка.
Прэм’ер спрабуе захаваць спакойны твар і сцвярджае, што крэдыт МВФ патрэбен краіне пастолькі-паколькі. «Сутнасць праграмы — даць $ 3,5 млрд, якія мы маглі б пакласці ў ЗВР і іх не чапаць», — сказаў Кабякоў.
Беларусь да гэтага часу не атрымала чарговы (трэці) транш крэдыту ЕФСР у $300 млн.
Паводле АФН