Краіна амартызаваных капальнікаў траншэй

У самым галоўным будынку краіны 19 снежня самыя галоўныя людзі краіны разбіраліся з наяўнасцю ў краіне капальнікаў траншэй. Больш не было каму. 

fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg


Згодна з дакладам профільнага віцэ-прэм'ера Леаніда Зайца, аб'ём меліярацыйных работ у бягучым годзе да паказчыка 2021 года патроіўся. Удзельнікам нарады варта б узрадавацца, але нечакана з месца паступіла рэпліка: «Патроілі. Але што мяне здзіўляе, зыходзячы з вашых пісанняў: усё паламана, усё зламана, з сотні капальнікаў траншэй толькі адзін працуе і іншае, і іншае. Ратаваць трэба меліярацыю як галіну. А як жа ў тры разы павялічылі за гэты год? Вы што, рыдлёўкамі капалі траншэі? Ці вы хочаце выдаць жаданае за сапраўднае?». 

А цяпер задачка з зорачкай. Паводле даных урада, у краіне маецца 101 капальнік траншэй, з якіх 99 цалкам амартызаваныя. Заданні па аднаўленні меліярацыйнай тэхнікі на самым высокім узроўні ставіліся неаднаразова. Пры ўмове, што рамонт абыходзіцца ў два-тры разы танней, чым новыя машыны, варта разлічыць, колькі членаў урада будуць арыштаваныя, «калі ў красавіку месяцы не пачнуць працаваць гэтыя ўсе капальнікі траншэй, якія там павінны быць на ўліку»?  

Ну як, слабо?

Колькасць тых, хто адкінуў капыты, пераваліла за 100 тысяч

«Эканоміка — гэта аснова. Будзе эканоміка — усё астатняе мы вырашым». Залатыя словы, сказаныя ў патрэбны час у патрэбным месцы залатым чалавекам. Але для таго, каб капнуць глыбей, нам спатрэбіцца выказванне яшчэ аднаго аўтарытэтнага мысляра, чые помнікі дагэтуль упрыгожваюць цэнтральныя плошчы ўсіх беларускіх гарадоў: «Улік і кантроль — вось галоўная эканамічная задача... Улік і кантроль, паўсюдны, усеагульны, універсальны — у гэтым сутнасць сацыялістычнага пераўтварэння... Улік і кантроль могуць быць толькі масавымі». 

Да чаго прыводзяць пралікі пры арганізацыі ўліку і кантролю, прадэманстравала нарада па пытаннях развіцця Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі і правядзення меліярацыі 19 снежня. Цытую па прэс-рэлізе: 

«Скажы шчыра, ты падпісаў тое, што табе падсунулі, ці сам палічыў?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы ў прэм'ер-міністра. 

«Кожны, вядома, не правяралі», — адказаў Раман Галоўчанка

«Дык не падпісвай тое, што не правяраў. Паклікай іх і скажы, як можна з сотняй, якія няспраўныя, у тры разы павялічыць аб'ёмы. Гэта ж на паверхні».

Калі кола абавязкаў прэм'ер-міністра абмежаваць кантролем за станам капальнікаў траншэй, якіх у краіне на 19 снежня 2023 года налічвалася 101 адзінка, то за прызнанне «кожны, вядома, не правяралі» варта спытаць па ўсёй строгасці. Але ў краіне, у якой кіраўнік дзяржавы адказвае за ўсё, такое звужэнне зоны адказнасці для кіраўніка ўрада ўявіць складана. 

Возьмем, для прыкладу, не менш актуальную тэму падзяжу жывёлы. Гаварыць пра рост паказчыка па экспаненце я б не спяшаўся, тым не менш, у 2021 годзе адкінулі капыты 102,8 тысячы галоў, а ў 2022 годзе – 111 тысяч. Тэндэнцыя, аднак.  

Нават калі згадаць, што ў Беларусі прэм'ер-міністры праходзяць па разрадзе «голых эканамістаў», і праз гэта ўсё, што звязана з сацыяльна-палітычнай праблематыкай, знаходзіцца па-за зонай іх адказнасці, за кожнай рагатай галавой, якая несвоечасова пакінула гэты свет, не ўсочыш.

Галоўная характарыстыка

Бою навагодніх курантаў па традыцыі папярэднічае навагодні зварот да беларускага народа. Ні адзін са зваротаў за тры няпоўныя дзесяцігоддзі не абышоўся без падзякі прадстаўнікам ключавых прафесій. Вось як іх спіс выглядаў 31 снежня 2022 года: 

«Дзякуй усім вам за гэты год! 

Усім, хто выхоўвае нашых малых, вучыць школьнікаў і студэнтаў, лечыць нас і дапамагае адзінокім людзям. 

Дзякую рабочым і сялянам, брыгадзірам і майстрам, кіраўнікам прадпрыемстваў – усіх, хто робіць жыццё камфортней, развіваючы сферу паслуг, уносіць у яе яркія фарбы, рэалізуючы творчыя праекты, і забяспечвае бяспеку, цвёрда абараняючы межы і парадак у нашым агульным доме — Беларусі. 

Ганаруся вамі — сапраўднымі гаспадарамі святой беларускай зямлі!» 

Спіс гаспадароў, зразумела, няпоўны, але мы памятаем, што эканоміка — гэта аснова, таму рэкамендую спіс перачытаць. Рабочыя і сяляне, брыгадзіры і майстры не забытыя. Пры ўсёй павазе да штучнага інтэлекту і рабатызаваных комплексаў, без саюза працоўнага класа і працоўнага сялянства ні адна сучасная эканоміка паспяхова функцыянаваць не ў стане. Не забытыя і кіраўнікі прадпрыемстваў. Куды ж без іх!

А вось без каго беларуская эканоміка здольная абысціся, дык гэта без прадпрымальнікаў. Яны не згадваюцца ні ў мінулым, ні ў пазамінулым, ні паза-паза-паза-пазамінулым навагодніх зваротах. Гэта не традыцыя. Гэта галоўная характарыстыка так званай беларускай мадэлі развіцця (БМР).

Трохі эканамічнай азбукі

Для гаспадарчай дзейнасці патрабуюцца рэсурсы. У першым набліжэнні іх можна згрупаваць у тры кластары: зямля і яе нетры, праца і капітал. Але як аркестр для ўзгодненага выканання партытуры мае патрэбу ў дырыжоры, так для выкарыстання гэтай тройцы ў лепшым спалучэнні, для стварэння і прымянення навінак неабходны прадпрымальнік. 

Савецкая мадэль, калі хто яшчэ памятае, у прадпрымальніку не мела патрэбу. Увесь пералік яго абавязкаў яна ўсклала на бюракрата. За выключэннем права на апраўданую рызыку. Адпаведна, права на атрыманне прыбытку або страты. 

Чым савецкі эксперымент скончыўся — добра вядома. Тым не менш архітэктары БМР адважыліся яго паўтарыць. Аднак цалкам ад паслуг прадпрымальніка яны не адмовіліся, як не адважыліся і выпусціць яго з эканамічнага гета на шырокі прастор. 

Нарада 19 снежня — чарговы прыклад эфектыўнасці чыноўнікаў-прадпрымальнікаў. Мінулы год быў поўны падобных прыкладаў, зрэшты, як і тры мінулыя дзесяцігоддзі.