Канада ўвядзе санкцыі супраць 18 чалавек з Беларусі і Расіі

Канада ўвядзе санкцыі супраць яшчэ дзевяці грамадзян Расеі і дзевяці грамадзян Беларусі ў сувязі з нападам РФ на Украіну.

canada_8.jpg

«Захады накладуць абмежаванні на дзевяць расійцаў і дзевяць беларусаў за тое, што яны спрыялі і дапусцілі парушэнні суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны. Гэтыя асобы з'яўляюцца блізкімі паплечнікамі расійскага і беларускага рэжымаў», — гаворыцца ў заяве МЗС Канады.

Міністэрства не назвала асобы, супраць якіх будуць уведзеныя санкцыі. Адпаведныя афіцыйныя рашэнні яшчэ не размешчаны на сайце ведамства.

У заяве МЗС гаворыцца, што новыя меры дэманструюць: «Канада не адмовіцца ад прыцягнення да адказнасці Уладзіміра Пуціна і яго памочнікаў за іх абуральныя і незаконныя дзеянні».

Канада таксама дэкларуе, што не пашкадуе намаганняў для прыцягнення да адказнасці асоб, вінаватых у масавых забойствах грамадзянскага насельніцтва.

Паводле reform.news.