Кампаніямі Вераб’я, які патрапіў пад санкцыі, сталі валодаць яго менеджары
Наваполацкі бізнесмэн Мікалай Верабей перастаў быць уладальнікам нафтатрэйдара «Інтэрсэрвіс», Абсалютбанка і паляўнічага комплексу «Чырвоны бор». Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце банка.
У цяперашні час канчатковымі бенефіцыярамі гэтых трох структур значацца Алеся Беражная, Вячаслаў Атрахімовіч і Ірына Панкратава. Першая з’яўляецца дырэктарам «Інтэрсэрвіса», другі — галоўным бухгалтарам гэтай жа кампаніі, паведамляе TUT.BY.
Да нядаўніх часоў долямі «Інтэрсэрвіса», Абсалютбанка і «Чырвонага бору» валодалі Мікалай Верабей і яго жонка Тамара.
17 снежня Еўрасаюз прыняў трэці пакет санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў і бізнесу, у яго ўвайшоў і Верабей. У спісе ЕС ён прадстаўлены як саўладальнік кампаніі Bremino Group, якая карыстаецца падатковымі льготамі і іншымі формамі падтрымкі з боку ўладаў Беларусі. «Такім чынам, ён атрымлівае карысць ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго», — лічаць аўтары санкцый.
Цікава, што 23 лістапада Антыманапольны камітэт Украіны выдаў дазвол Мікалаю Вераб’ю на куплю кантрольнага пакета акцый БТА Банка ва Украіне.