Калі лясне беларускі рубель? Залежыць ад «старэйшага саюзніка»

А вы заўважылі, што з Лукашэнкам адбываецца нешта дзіўнае? Ужо сакавік падыходзіць да канца, а ён яшчэ ніводнага разу не папрасіў крэдыт у Расіі. Нават у мінулым годзе, калі пачалася вайна, у гэты час ён ужо паўсюль казаў пра «імпартазамяшчальныя» грошы. Цяпер — маўчок.

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__4__logo.jpg


Канешне, мы не ведаем, пра што Лукашэнка размаўляе з Пуціным па тэлефоне. І яшчэ мы ведаем, што немалая частка бюджэту Беларусі запланавана з улікам «бязвыплатнай дапамогі» ад знешніх гульцоў. Тым не менш, размоў пра грошы няма. Імаверна, таму, што справы ў Расіі ў фінансавай сферы ідуць не вельмі добра. І гэтае «не вельмі добра» цалкам можа адбіцца на нас. Таму што мы патрапілі ў такую залежнасць ад «старэйшага саюзніка», што яе цалкам можна называць крытычнай.

Што ж адбываецца з расійскімі фінансамі?


«Санкцыі не працуюць»

Дэфіцыт федэральнага бюджэту РФ на гэты год быў запланаваны ў памеры 2,925 трлн расійскіх рублёў. Пры гэтым, паводле папярэдніх звестак расійскага ж Мінфіна, практычна ўвесь ён быў выбраны ў студзені-лютым 2023 года, — 2,581 трлн рублёў.

Гэтаму спрыялі, вядома, з аднаго боку, заходнія санкцыі і столь коштаў на нафту, а з другога — спроба Расіі «пакараць» той самы Захад і «замарозіць» Еўропу, скараціўшы пастаўкі газу. У выніку Еўропа выдатна перажыла зіму без расійскіх вуглевадародаў, а вось даходы бюджэту нашага «старэйшага саюзніка» скараціліся на 25% у параўнанні са студзенем-лютым 2022 года. Пры гэтым адставанне менавіта нафтагазавых даходаў ад леташніх склала амаль 50% (46% — калі быць зусім дакладным). Мінфін Расіі тлумачыць гэта ў першую чаргу зніжэннем каціровак коштаў нафты маркі «Urals» і скарачэннем аб'ёмаў экспарту прыроднага газу.

Праблема нізкага кошту «Urals» будзе часткова развязвацца зменамі ў падаткаабкладанні, якія павінны паэтапна знізіць максімальны дысконт кошту расійскай нафты да «Brent» прыкладна з $35 за барэль у студзені да $25 да ліпеня гэтага года. Таксама расійскі Мінфін рыхтуецца атрымаць блізу 300 млрд рублёў ад аднаразовага збору на звышпрыбыткі буйнога бізнесу. Тым не менш, хутчэй за ўсё, па выніках года дэфіцыт будзе вышэйшы за планавыя 2,9 трлн і можа дасягнуць 4-6 трлн расійскіх рублёў.

Варта адзначыць, што «ратаваннем» для расійскага бюджэту заўсёды служыў так званы Фонд дабрабыту Расіі, куды сцякаліся даходы ад звышпрыбыткаў нафты і газу. Але, падобна, не гэтым разам, таму што ліквідная частка Фонду нацыянальнага дабрабыту Расіі цяпер складае каля 6 трлн рублёў — гэта значыць, якраз плануемы экспертамі рэальны дэфіцыт бюджэту.


Пры гэтым ёсць два фактары, якія будуць «пыласосіць» расійскія дзяржаўныя грошы са страшнай хуткасцю. Першы, вядома ж — вайна ва Украіне. Тая самая вайсковая тэхніка, якую Узброеныя сілы Украіны планамерна ператвараюць у металалом, каштуе добрых грошай, роўна як і выплаты ўдзельнікам баявых дзеянняў.

І другі фактар — у 2024 годзе ў Расіі павінны прайсці прэзідэнцкія выбары. Паколькі Пуцін не можа пахваліцца ваеннымі поспехамі, мусяць адбыцца значныя выдаткі на «подкуп выбаршчыкаў» — маштабныя ўкладанні ў сацыяльную сферу, адукацыю і гэтак далей.

Гэты трэнд якраз і праглядаўся ва ўсіх яго заявах і выступленнях, прысвечаных пачатку вайны 24 лютага. Тады ўсе дзівіліся, чаму ён казаў не пра фронт, а спрабаваў зрабіць выгляд, што краіна жыве падчас «спецаперацыі» так, як быццам гэтай «спецаперацыі» не існуе. Верагодна, гэта і былі яго «перадвыбарчыя» выступленні — «нармалізаваць» вайну, каб няўдачы на фронце не ўплывалі на палітычную кампанію.

Самы просты выхад расійскіх фінансавых улад з сітуацыі рэкорднага дэфіцыту дзяржбюджэту — «спусціць уніз» пераацэнены расійскі рубель. Усе мы памятаем, як летась у першыя дні вайны расійскі рубель абваліўся аж да 100 рублёў за долар, а потым адміністрацыйнымі сродкамі (аж да забароны продажу валюты) умацаваўся да 60-ці за адзін «амерыканскі».

«Спусканне ўніз» расійскага рубля дазволіць як мінімум пераацаніць золатавалютныя рэзервы і паступленні ў расійскі бюджэт ад «нафтадолараў». У рублёвым эквіваленце сума стане большай, што, адпаведна, дазволіць «нармалізаваць» бюджэт.

І, падаецца, гэты працэс ужо пайшоў. Калі 14 сакавіка за долар давалі 74,92 рубля, то ўжо 17 сакавіка — 77,06. І цяпер расійскі рубель вагаецца ў раёне 77 рублёў за долар.


Што нам да Расіі?

Цяпер Расія ў беларускім экспарце займае аб’ём прыкладна ў 60%. Гэта вельмі і вельмі значны паказчык. Беларускі рубель амаль прывязаны да курсу расійскага, і, калі расійская ўлада вырашыць «спусціць» сваю валюту, тое ж самае адбудзецца і з беларускім рублём — але пры гэтым з салідным каэфіцыентам.

Шмат хто з эканамістаў, каментуючы нашы мінулагоднія поспехі ў экспарце, казаў не толькі пра тое, што мы занадта залежныя ў ім ад Расіі. Размова таксама вялася і пра тое, што наш экспарт рос па кошце, але не рос па аб’ёмах. То-бок мы зарабілі грошы дзякуючы таму, што цэны на нашую прадукцыю былі вельмі спрыяльныя, а не таму, што мы сталі больш прадаваць у Расію ці куды б тое не было. Адпаведна, калі расійскі рубель будзе «спушчаны» з нябёсаў на зямлю, а нашы тавары застануцца па тых жа коштах, фактычна, яны будуць каштаваць танней. То-бок таго заробку, якім хваліліся нашы ўрадаўцы, ужо не будзе.


Дый моцная прывязка беларускіх грошай да расійскага рубля — таксама фактар неспакою. Памятаеце валютны крызіс канца 2014 — пачатку 2015 гадоў? Прычым сітуацыя проста надзіва падобная на сённяшнюю.

У 2014 годзе Пуцін захапіў Крым, а розныя «ветлівыя людзі» і іншыя «зялёныя чалавечкі» ўтваралі «ЛНР-ДНРы». Вынік — санкцыі супраць Расіі, аслабленне расійскага рубля «на фоне высокіх геапалітычных рызык і падзення коштаў нафты», «чорны панядзелак» і «чорны аўторак» 15-16 снежня 2014 года. І падзенне рубля, якое працягвалася ўвесь студзень, да лютага 2015-га.

Што было ў той час у Беларусі? Ажыятажны попыт насельніцтва на валюту, увод 30-працэнтнага камісійнага збору на куплю валюты фізічнымі і юрыдычнымі асобамі і аднаўленне валютнага «чорнага рынку», дзе курс долара даходзіў да 15 тысяч рублёў пры афіцыйным курсе 11900.

Агульнае падзенне беларускага рубля да долара ў 2014 годзе склала 25%, а да лютага 2015 года беларускі рубель знізіўся яшчэ амаль на 30%.

Дарэчы, менавіта ў часы таго крызісу Лукашэнка даручыў перавесці разлікі з Расіяй у долары.


Адна сістэма — адна хвароба

З гэтага зразумела, што калі расійскі рубель «кашляе», беларускі «чхае». І цяпер Лукашэнка не просіць у Расіі ніякага крэдыту, імаверна, не толькі таму, што ў самой Расіі з’явіўся дэфіцыт бюджэту. Прычым — рэкордны дэфіцыт, большы, чым у 2022 годзе, у 14 (!) разоў. Але яшчэ і таму, што невядома, што будзе ў гэтым годзе з самім расійскім рублём.

Але тэндэнцыі такія, што расійскаму рублю не свеціць нічога добрага — толькі спаўзанне ўніз. Зноў нагадаю: санкцыі, вайна, якая цягне грошы пыласосам, плюс — перадвыбарчая кампанія Уладзіміра Пуціна. Гэта нагрузка на расійскі бюджэт, якую цалкам можна назваць экстрэмальнай.

А беларускі рубель паўтарае ўсе кульбіты расійскага з-за моцнай завязкі нашай эканомікі на «старэйшага саюзніка». У выніку нам застаецца толькі чакаць, што будзе рабіць Расія са сваім дэфіцытам бюджэту, калі лясне расійскі рубель і наколькі глыбокім будзе яго падзенне. І, адпаведна, не прапусціць момант, калі трэба набываць валюту.