Як змяніўся байнэт у 2021 годзе?
Другі год запар беларуская нацыянальная даменная зона не дэманструе паказчыкаў росту, якія шмат гадоў трымаліся на ўзроўні 3-5%. З сярэдзіны 2020 года зона адкацілася са 150 тысяч да 148,9 тысяч актыўных імёнаў, а колькасць новых рэгістрацый за апошні год упала на 20%, піша газета «Белорусы и рынок»
Кампанія hoster.by, якая з'яўляецца хостынг-правайдэрам і адзіным у краіне рэгістратарам даменных імёнаў, акрэдытаваным карпарацыяй па кіраванні даменнымі імёнамі і IP-адрасамі (ICANN), правяла даследаванне і параўнала паказчыкі Беларусі і іншых краін.
Скарачэнне рэгістрацый
Нягледзячы на ўпэўненыя тэмпы росту Байнэту ў папярэднія гады, пачынаючы з 2020 года рост запаволіўся — тады ён склаў толькі 0,17%. Па выніках 2021 года Нацыянальная даменная зона і зусім страціла некалькі тысяч даменаў. Практычна кожны месяц 2021 года выдалялася больш адрасоў .BY і .БЕЛ, чым рэгістравалася новых.
Пры гэтым беларусы пачалі рабіць выбар на карысць іншых даменных зон, і гэта некалькі паляпшае агульную карціну. Так, hoster.by за мінулы год зарэгістраваў на 13% больш імёнаў у міжнародных даменных зонах, чым на год раней. Сюды ўваходзяць як агульныя дамены верхняга ўзроўню (.COM, .NET, .INFO і г. д.), так і нацыянальныя (.RU, .PL, .LT). І калі ў папярэднія гады працэнт даменаў .BY і .БЕЛ складаў амаль 80% ад усіх рэгістрацый, то цяпер — каля 72%.
«Колькасць рэгістрацый новых даменных імёнаў у зоне .BY летась была найменшай з 2011 года. У параўнанні з 2020 годам іх колькасць скарацілася на 20%. Праўда, скарачэнне колькасці рэгістрацый нацыянальных даменаў адзначаецца не толькі ў Беларусі, падобная сітуацыя цяпер у Расіі і Украіне. А апошнія еўрапейскія справаздачы паказваюць, што ва ўсім рэгіёне некалькі спадае цікавасць да нацыянальных зон на карысць міжнародных імёнаў», — адзначыў генеральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў.
Калі не .BY, то што?
Беларускі дамен усё яшчэ з вялізным адрывам апярэджвае астатнія зоны па папулярнасці, але тэндэнцыя па росце міжнародных даменаў ужо выразна заўважная.
Праўда, папулярнасць такіх вядомых небеларускіх зон, як .COM і .RU, другі год запар зніжаецца. Для дамена .COM гэта, магчыма, звязана з малой колькасцю даступных для рэгістрацыі прыгожых адрасоў. Плюс сваю ролю адыгрывае з'яўленне новых спецыялізаваных даменных зон, якія дапамагаюць падкрэсліць тэматыку вэб-рэсурсаў і пры гэтым пакуль яшчэ досыць свабодных (.DEV, .APP, .ONLINE і г. д.).
У 2021 годзе рэйтынг папулярных сярод беларусаў даменаў папоўніўся .PL і .TECH. Больш чым у два разы павялічылася колькасць рэгістрацый у дамене .ONLINE. Нягледзячы на тое, што даменная зона .COM.UA не трапіла ў ТОП-10, колькасць новых даменаў, зарэгістраваных у ёй беларусамі, вырасла амаль у 4 разы за год.