Google судзіцца з беларускімі ўладамі. Працэс закрыты

Кампанія Google звярнулася ў суд з просьбай праверыць законнасць дзеянняў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Працэс праходзіць у Вярхоўным судзе за зачыненымі дзвярыма.

МАРГ. фота Дзмітрыя Дзмітрыева

МАРГ. фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Раней у МАРГ заяўлялі, што Google парушае антыманапольнае рэгуляванне. Гаворка ішла аб пераўстаноўцы дадаткаў на смартфонах Android у Беларусі. Гэта «Яндекс» паскардзіўся на Google вясной 2019 года.
Сутнасць прэтэнзій заключаецца ў тым, што кампанія Google прапаноўвае вытворцам смартфонаў і планшэтаў пад кіраваннем OC Android праграму Google Play для перадустаноўкі на іх прылады толькі пры выкананні наступных умоў:

  • перадустаноўка сумесна з крамай дадаткаў Google Play камплекта дадаткаў Google Mobile Services, у тым ліку дадаткі «Пошук Google» (Google Search), інтэрнэт-браўзэр Google Chrome, электронная пошта ад Google (Gmail), карты Google (Google Maps), Youtube;
  • размяшчэнне камплекта дадаткаў Google Mobile Services на вызначаных кампаніяй Google месцах на экранах смартфонаў і планшэтаў;
  • настройка на смартфонах і планшэтах «Пошуку Google» (Google Search) і «Памочніка Google» (Google Assistant) у якасці дадаткаў «па змаўчанні» ў абмен на ўзнагароду ад кампаніі Google LLC;
  • выкананне забароны (у тым ліку ў абмен на ўзнагароджанне ад кампаніі Google) на перадустаноўку і (або) размяшчэнне на пэўных месцах на экране смартфонаў або планшэтаў дадаткаў, распрацаваных іншымі ўдзельнікамі рынку.


Гэта, па меркаванні Міністэрства, абмяжоўвае магчымасці іншых удзельнікаў рынку. У МАРГ лічаць, што такая практыка можа прывесці да скарачэння колькасці распрацоўшчыкаў мабільных дадаткаў.
«Наша Ніва»