Эксперты Нацбанка прагназуюць рост няроўнасці ў Беларусі
Намеснік старшыні Нацыянальнага банка Дзмітрый Калечыц і яго калегі крытыкуюць «ураўнілаўку» ў Беларусі і выступаюць за павелічэнне розніцы ў аплаце працы.
Эксперты банкаўскага рэгулятара на чале з намеснікам старшыні праўлення Дзмітрыем Калечыцам апублікавалі даклад у сакавіцкім выпуску «Банкаўскага весніка». Аўтары чакаюць рост беспрацоўя і няроўнасці ў будучыні і прапануюць меры для падрыхтоўкі да такога сцэнару.
Даследчыкі звяртаюць увагу на нізкую эфектыўнасць сектара дзяржаўных прадпрыемстваў, дзе працуе каля паловы занятых. Але доўга так працягвацца не можа. «Рэфармаванне ці павышэнне эфектыўнасці дзяржаўных прадпрыемстваў непазбежна, а значыць, рызыкі павелічэння беспрацоўя і няроўнасці толькі ўзмоцняцца», — гаворыцца ў дакладзе.
Аб справядлівасці
Добра гэта ці дрэнна? Спецыялісты банкаўскага рэгулятара прыходзяць да высновы, што існуе пэўная ступень «справядлівай няроўнасці». «Некаторая ступень няроўнасці, так званая справядлівая няроўнасць, з’яўляецца неабходным вынікам узнагароджання за таленты, прыкладаныя намаганні, інавацыі і прыняцце рызык», — пішуць аўтары.
Адхіленні ад «залатой сярэдзіны» ў бок змяншэння альбо павелічэння няроўнасці прыводзяць да неэфектыўнасці эканомікі. Калі няроўнасць занадта высокая і не ўсе групы насельніцтва атрымліваюць справядлівыя выгады ад эканамічнага росту, то такі рост не будзе устойлівым.
Іншая крайнасць — гэта як раз прыклад Беларусі. У нашай краіне няроўнасць з’яўляецца нізкай у сусветных і рэгіянальных мерках, нягледзячы на некаторы яе рост у апошнія дзесяць гадоў. Пры міжнародных супастаўленнях з групай краін, якія развіваюцца па даходах вышэй за сярэдні мы на першым месцы з пункту гледжання роўнасці даходаў.
«"Ураўнілаўка", або "прымусовая роўнасць", характэрныя для эканамічных адносін у Беларусі, але неэфектыўны сектар дзяржаўных прадпрыемстваў уплывае на палітычныя рашэнні на сістэмнай аснове, гэтак жа несправядліва», — упэўненыя аўтары артыкула.
Сярод іншага, «несправядлівая роўнасць» падтрымлівае адсутнасць надзейнай сістэмы сацыяльнага страхавання, з-за якой людзі баяцца страціць працу і згаджаюцца на нізкую зарплату.
«Ураўнілаўку» трэба спыняць
У Беларусі няроўнасць настолькі нізкая, што «фактычна Беларусь можа дазволіць сабе некалькі павялічыць узровень няроўнасці з тым, каб стымуляваць эканамічны рост», — пішуць прадстаўнікі Нацбанка.
Даследчыкі выступілі за «дыверсіфікацыю» аплаты працы работнікаў, у залежнасці ад вынікаў працы, узроўню адукацыі, якая прыносіць карысць, рызык, валодання высокатэхналагічнымі і сучаснымі навыкамі і ведамі. Інакш падрываюцца стымулы да развіцця больш прадуктыўных навыкаў і ведаў.
«Чалавеку прасцей заставацца на тым узроўні, які ён лічыць прымальным для сябе па прычыне устаноўленых рамак», — тлумачаць эксперты.
Аднак стымулюючыя выплаты кіраўнікам і супрацоўнікам не павінны насіць скажаючы характар. Напрыклад, несправядліва плаціць бонус дырэктару авіякампаніі, якая паказала прыбытак толькі таму, што ўпалі цэны на авіяпаліва, падкрэслілі аўтары.
Паводле ej.by