Экспарт — усё? Запасы прадукцыі на складах прамысловасці сведчаць пра падзенне продажаў
Паводле звестак Белстата, запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацый прамысловасці на 1 верасня 2023 года ацэньваюцца ў 8,2 млрд рублёў. Летась гэты паказчык складаў 7,2 млрд рублёў. Гэта значыць, што ў вартасным выражэнні прырост запасаў склаў мільярд рублёў, альбо 13%.
Пры гэтым суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці па выніках студзеня-жніўня 2023 года склаліся на ўзроўні 67,4%, а значыць, прамысловасць мае трохтыднёвы запас прадукцыі на складзе пры бягучым аб'ёме вытворчасці. У канцы жніўня мінулага года сітуацыя была крыху лепшай, тады паказчык складаў 65,5%, пішуць «Нашы грошы».
За жнівень беларускай прамысловасці ўдалося трохі разгрузіць склады. Калі ў ліпені на іх сабралася 71% ад месячнага аб'ём вытворчасці, то цяпер 67%. У вартасным выражэнні склады разгрузілі за месяц на 323 млн рублёў. Летась сітуацыя была падобнай, але тады ў жніўні 2022 года са складоў рэалізавалі прадукцыі на 810 млн рублёў.
Сітуацыя з запасамі на прамскладах па рэгіёнах істотна адрозніваецца. У Брэсцкай вобласці на 1 верасня 2023 года яны перавышалі месячны аб'ём вытворчасці на 102,0%, а ў Гомельскай іх было толькі на траціну ад месячнага аб'ёму вытворчасці (29,8%). Акрамя таго, месячны аб'ём па-ранейшаму ляжыць на складах сталіцы.
Памесячная дынаміка складскіх запасаў за апошнія некалькі гадоў дазваляе інакш зірнуць на сітуацыю бягучага года. Па ўсёй бачнасці, цяпер ідзе працэс адаптацыі прамысловасці да новых эканамічных рэалій, і ўзровень запасаў значна вышэй умоўна нармальнага. Але ў адрозненне ад вельмі турбулентнага 2022 года, бачны трэнд на зніжэнне запасаў, як і ў 2021 годзе. Толькі гэта адбываецца на значна больш высокім узроўні, чым два гады таму.
Разам з тым, ацэньваючы гэтыя паказчыкі, важна разумець іх абагульненасць. Бо даныя — у цэлым па прамысловай сферы, а значыць, умоўных чаравікоў на складах можа ляжаць і на тры месяцы працы вытворчасці наперад, у той час як прадукты харчавання не залежваюцца.
Аднак любы запас — гэта застылыя грошы, якія яшчэ трэба атрымаць, рэалізаваўшы тавар. Тут больш важная дынаміка паказчыка: яна кажа пра тое, што цяпер запасы вышэйшыя за леташнія па большасці абласцей, а значыць, з продажамі ёсць складанасці.