Эканаміст: Лукашэнкаўская эканамічная мадэль пасыплецца, і для гэтага не спатрэбіцца чакаць дзесяцігоддзі

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю падоўжыла на першы квартал 2025 года дамову аб падаўжэнні сацыяльнай зніжкі для асобных катэгорый насельніцтва. Як падкрэсліла прэс-служба ведамства, пагадненне падтрымана ўсімі яго дзеючымі ўдзельнікамі — а гэта 14 гандлёвых сетак краіны.

_zycce___ekanomika___ljudzi___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg

Нагадаем, прапанаваная МАРГ мера дзейнічае са студзеня 2022 года і ўжо некалькі разоў падаўжалася. І хоць Пагадненне абмежавана даволі жорсткімі рамкамі — так, зніжка ў памеры 10% прадастаўляецца толькі «сацыяльна неабароненым катэгорыям»: пенсіянерам, шматдзетным бацькам, малазабяспечаным беларусам, — і распаўсюджваецца толькі на «сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці», размах уражвае. Па словах міністра Аляксея Багданава, сума прадастаўленых скідак падыходзіць да 100 мільёнаў беларускіх рублёў.

За чый, уласна, кошт гэты банкет і яго працяг у 2025-м, і хто рэальна выйграе ад нібыта льготных коштаў, Філін абмеркаваў з эканамістам Яраславам Раманчуком.

— Насамрэч гэта не столькі атракцыён шчодрасці, колькі шырокамаштабны падман і крывадушнасць, за якімі стаіць падтрымка асобных вытворцаў, блізкіх да фаварытаў улады, — кажа эканаміст. — Па-першае, зніжкі зацвярджаюцца на асобныя катэгорыі тавараў, пэўнай якасці, і на тых, хто іх атрымлівае. Пенсіянеры, малазабяспечаныя людзі хацелі б нешта добрае купіць, а ім па «льготнай» цане прапануюць толькі тое, што прапануюць.

То-бок, гэта спосаб вытворцаў упіхнуць у катэгорыю льготных тавараў тое, на што яны не могуць падняць цэны з-за ўсталяваных абмежаванняў — затое могуць знізіць якасць. І малазабяспечаным катэгорыям прапануецца «на табе, Божа, што іншым нягожа».

Адначасова пад гэтую марку вытворцы самі атрымліваюць льготы, зніжкі, і кампенсацыі з бюджэту.

Мы бачым крывадушнасць вышэйшай ступені: замест таго, каб даць людзям «жывыя грошы» і тыя маглі б самі купіць тое, што ім падабаецца, асабліва да святаў, — робяцца такія нібыта падарункі, «сацыяльная палітыка» і прасоўванне айчынных тавараў. У рэальнасці, паўтаруся, гаворка ідзе пра падтрымку асобных вытворцаў. Калі нейкі прадпрымальнік вырашыць зрабіць нешта добрае для людзей з нізкім прыбыткам — ён дакладна не трапіць у спіс падтрымоўваных, які зацвярджаецца чыноўнікамі.

Увогуле, гэта толькі яшчэ адзін спосаб наменклатуры падтрымаць сваіх фаварытаў на мясцовым або нацыянальным узроўні. Выглядае ён як раздача льгот шчодрай рукой. Але, натуральна, робіцца гэта за кошт тых катэгорый, хто купляе іншыя тавары па больш высокай цане, з накруткамі. Цэны перакладаюцца з адной групы тавараў на іншыя, а ў выніку падаецца гэта як сацыяльная палітыка — што зусім брыдка, амаральна і цынічна.

Яраслаў Раманчук адзначае, што ў выйгрышы не пакупнікі «сацыяльна значных тавараў першай неабходнасці» і не тыя, хто плаціць больш высокую цану за «няльготныя» катэгорыі тавараў — «задаволеных няма, акрамя тых, хто гэтыя грошы атрымлівае на свае рахункі».

Глядзіце таксама

— Але ж нейкая частка людзей з нізкімі даходамі сапраўды верыць, што дзяржава такім чынам пра іх клапоціцца…

— Такія людзі вераць і ў тое, што Лукашэнка плаціць ім пенсіі, дае «бясплатныя» лекі і «бясплатныя» паслугі, — магчыма, нават у тое, што і сонца ўстае і садзіцца паводле ягонага асабістага ўказання.

Пры ніжэйшым узроўні эканамічных ведаў і дзесяцігоддзямі прамытымі мазгамі людзі схільныя становіцца ахвярамі прапаганды пра добрага цара, у нашым выпадку, дыктатара. І калі Лукашэнка кажа, што ва ўсіх праблемах вінаватая дэмакратычная апазіцыя, якая ізалюе Беларусь, або што ў нас у краіне інвестыцыі па $8-10 мільярдаў у год — яны вераць.

Затое не вераць у тое, што Лукашэнка — адзін з самых багатых людзей на постсавецкай прасторы, ён жа пераконвае, што ўвесь з сябе бяссрэбранік і клапоціцца пра краіну, не даў уцягнуць яе ў вайну.

Не вераць у тое, што менавіта Лукашэнка — прычына таго, што Беларусь губляе да $8 мільярдаў у год з-за адтоку кваліфікаваных кадраў і замаразкі капіталаў.

Так і ў Савецкім Саюзе верылі ў тое, што «там у іх неграў лінчуюць, а мы вельмі шчаслівыя, што нарадзіліся ў СССР, дзе дружба народаў». Так што імітацыя сацыяльных зніжак — толькі адзін з прыкладаў таго, як людзі замбіруюцца з розных крыніц, а перформанс пад назвай «выбары», які мы цяпер назіраем, як раз з'яўляецца часткай гэтай сістэмы падману.

— Імперыя савецкага падману існавала сем дзясяткаў гадоў, але ўсё-ткі павалілася. У нашым выпадку колькі можа доўжыцца гульня ў «сацыяльную дзяржаву»?

— Думаю, што ў 2025 годзе, калі Расія будзе цярпець паразу на фронце ад Украіны і яе замежных партнёраў, Лукашэнка будзе атрымліваць ад Масквы значна менш грошай. І, адпаведна, яго эканамічная мадэль складзецца, як картачны домік.

Тыя людзі, якія сёння радуюцца сацыяльнай арыентацыі беларускай эканомікі, стануць першымі ахвярамі гэтай палітыкі — таму што настолькі ўбудавалі сябе ў ўтрыманскія ланцужкі, што апынуцца ля разбітага карыта. Адна справа, калі чалавек самастойны і яму «клопат» дзяржавы як ярмо на шыі, і зусім іншае, калі прывык і цалкам расслабіўся: нічога рабіць не трэба, усё роўна дадуць грошай.

«Чырвоныя дырэктары» ўсе будуць ахвярамі. І да развалу беларускай таталітарнай мадэлі нам не спатрэбіцца чакаць нават дзесяцігоддзі — думаю, гэта адбудзецца ў бліжэйшыя гады. Застаюся пры сваім меркаванні, што перамога Украіны ў вайне з'явіцца пачаткам канца Лукашэнкі.