Дзень без інтэрнэту: колькі магла б страціць Беларусь?
Эканамічны
ўрон ад адключэння інтэрнэту ва ўсім свеце можа скласці $43 мільярдаў долараў
на дзень.
Такія падлікі зрабіў AtlasVPN — адзін з найбуйнейшых VPN-сэрвісаў. Прычым страты Беларусі склалі б каля $26,3 мільёна долараў на дзень, піша Office Life.
Для развітых краін адключэнне інтэрнэту прывядзе да прыпынення многіх відаў эканамічнай дзейнасці, сур'ёзных парушэнняў у вытворчасці, працы інфраструктуры і фінансавых інстытутаў, спажывецкіх выдатках і бізнес-аперацыях.
У прыватнасці, у ЗША шкода ад аднаго дня без інтэрнэту ацэньваецца ў 11 мільярдаў долараў, у Кітаі — у $10 мільярдаў долараў. Такім чынам, на гэтыя дзве краіны прыйшлося б каля паловы шкоды.
У даследаванні адзначаецца, што паколькі Кітай моцна залежыць ад вытворчасці і экспарту тавараў па ўсім свеце, адключэнне інтэрнэту значна замарудзіць трансгранічны гандаль.
Але інтэрнэт-цэнзура і эканамічныя абмежаванні ў Кітаі абцяжарваюць дакладную ацэнку патэнцыйных страт.
Велізарныя страты панеслі б таксама Вялікабрытанія (каля 3 мільярдаў долараў), Японія ($2,7 мільярда долараў), Германія ($1,5 мільярда долараў), Індыя ($1,43 мільярда долараў).
Нагадаем, як пісаў «НЧ», падчас пратэстаў 2020 года Беларусь на некалькі дзён засталася без інтэрнэту. Прычым тады адключэнні інтэрнэту ў Беларусі суправаджаліся парушэннем права чалавека на мірныя сходы, умяшаннем у выбары і свабоду прэсы.
У 2020 годзе паводле стратаў ад адключэння інтэрнэту Беларусь заняла другое месца ў свеце. Тады, паводле даследавання кампаніі Top10VPN, у нас страты склалі 336,4 мільёна долараў.
Адключэнне ў 2020 годзе сумарна доўжылася 218 гадзін, што закранула 7,9 мільёна інтэрнэт-карыстальнікаў. У адказ на абмежаванні беларусы ў 2020-м сталі актыўна выкарыстоўваць Telegram і VPN. У перыяд дзеяння абмежаванняў сеткі кампанія Top10VPN зафіксавала рост попыту на VPN на 650% у параўнанні з сярэднім значэннем за 30 дзён.