Долар, гуд бай?
Падобна на тое, што знешнеэканамічная сітуацыя сапраўды зробіць больш рэальнай мару кіраўніка Беларусі «ўсім па 500». Але ці будзе нам з гэтага карысць?
Справа ў тым, што долар у свеце працягвае таннець. З прыходам да ўлады ў ЗША непрадказальнага Дональда Трампа на яго сталі ўплываць нават «персанальныя» фактары. Напрыклад, шырока вядома, што дарадца прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па нацыянальнай бяспецы Майкл Флінпадаў у адстаўку з-за сувязі са службовымі асобамі Расіі. З-за гэтай навіны на біржах долар знізіўся на 0,3%. У тым ліку саслаб ён і ў Расіі. І следам за Расіяй, адпаведна, тыя ж працэсы прайшлі ў Беларусі. Упершыню за доўгі час амерыканскі рубель упаў ніжэй за 1,9 беларускіх (1,88 на таргах 14 лютага).
Гэта дало падставы эканамістам крыху пакпіць са знакамітага абяцання Аляксандра Лукашэнкі «ўсім па 500». Маўляў, калі Трамп і надалей працягне «рабіць Амерыку вялікай», курс долара зваліцца да 1,4 рубля за долар. І тады той «сярэдні заробак» у 700 рублёў, які малюе Белстат, сапраўды ператворыцца ў 500 долараў у эквіваленце.
Дадаў свае «пяць капеек» у гэтую справу і Нацыянальны банк. Галоўны рэгулятар краіны апрылюдніў чарговую праграму «дэдаларызацыі эканомікі». Як звычайна, прапануецца скарачэнне выкарыстання замежнай валюты ў разліках і пры выплаце збораў, пошлін і іншых плацяжоў, а таксама ў якасці эквіваленту меры кошту пры фармаванні тарыфаў, ставак і цэн.
На думку намесніка старшыні праўлення Нацбанка Сяргея Калечыца, «запаволенне інфляцыйных працэсаў, больш высокая даходнасць па дэпазітах у нацыянальнай валюце ў параўнанні з інвалютнымі, стабільная сітуацыя на валютным рынку, якая сведчыць аб зніжэнні валютных рызык у краіне, фармуюць для гэтага спрыяльны фон». І, можа, нават глебу для таго, каб «доларавы эквівалент» увогуле знік з нашага ўжытку.
Праўда, Нацбанк прызнае, што перамагчы долар будзе няпроста, бо ён займае вялікае месца ў фінансавай структуры краіны. Напрыклад, доля актываў дзейных беларускіх банкаў у замежнай валюце складае 61,7%. Па стане на 1 студзеня 2017 года 76,3% ад усіх дэпазітаў насельніцтва ў банках — валютныя. З гэтым будуць змагацца добраахвотна-прымусова. У якасці аднаго з захадаў дэдаларызацыі Нацбанк прапануе паслядоўнае зніжэнне працэнтных ставак па ўкладах (дэпазітах) фізічных і юрыдычных асоб у валюце.
Ці кінуцца нашы грамадзяне захоўваць свае зберажэнні ў родных рублях? Наўрад ці. Па-першае, вялікае пытанне ў самой сістэме ўкладаў. З увядзеннем «адкліканых» і «неадклікных» дэпазітаў стаўкі «адкліканых» і валютных укладаў амаль зраўняліся. Па-другое, галоўным фактарам даларызацыі эканомікі з’яўляецца не памер працэнтаў па дэпазітах, а давер да нацыянальнай валюты. Пасля шматлікіх дэвальвацый і дэнамінацый давер — ніякі.
Больш за тое, наша эканоміка шчыльна прывязаная да эканомікі Расіі, і любы «чых» у РФ выклікае ліхаманку ў РБ. А раптам у «старэйшага брата» пачнуцца калізіі? Напрыклад, чакаецца, што іх рэзервовы фонд будзе поўнасцю вычарпаны ў гэтым годзе. За дэвальвацыяй расійскага рубля непазбежна настане дэвальвацыя беларускага.
І па-трэцяе, гэта наўрад ці выгадна самой уладзе. Народныя зберажэнні — зараз ці не самы надзейны сродак атрымання замежнай валюты для разліку па знешніх пазыках. За мінулы год грамадзяне прадалі рэкордныя 2 мільярды долараў, і, гледзячы на 76,3% валютных укладаў, долары ў іх яшчэ не скончыліся. Дык ці варта прыкрываць такі «рэзерв», які ў выніку неабходнасці можна выцягнуць рознымі сродкамі?
З Расіяй увогуле ўсё складана. Пасяджэнне Саўміна так званай саюзнай дзяржавы, на якім павінны былі сустрэцца Лукашэнка і Пуцін, з-за «несупадзення працоўных графікаў кіраўнікоў» з 9 лютага было перанесена на нявызначаны тэрмін. У той жа час у мінулую пятніцу віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка безвынікова злётаў у Маскву — не дамовіліся ні па газе, ні па нафце. Вядома, што кантракт з «Раснафтай» на 2017 год прадугледжвае пастаўкі ў Беларусь толькі 10,2 мільёна тон, а Беларусь патрабуе мінімум 24 мільёны тон нафты на год.
Ніяк не ўтаймуецца і Рассельгаснагляд. Ён забараніў пастаўляць прадукцыю ў РФ яшчэ некалькім беларускім прадпрыемствам. Пад раздачу трапіў «Жлобінскі мясакамбінат», у дачыненні да якога ўведзеныя часовыя абмежаванні. Рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю нададзены для прадпрыемстваў «Дубраўскі бройлер», «Камароўка», «Смалявічы Бройлер», «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат». Акрамя таго, расійскае ведамства ўвяло дадатковыя патрабаванні пры ўвозе з Беларусі прадукцыі, што нясе рызыку распаўсюджвання афрыканскай чумы свінняў.
Цікава тое, што гэтыя абмежаванні ўводзяцца ў той, час, як расійскія спецыялісты па санітарным кантролі адмовіліся ад візіту ў Беларусь з-за асцярогаў «правакацыйных дзеянняў з беларускага боку», паведаміла прэс-служба расійскага ведамства.
Візіт спецыялістаў службы ў Беларусь быў запланаваны на люты. Пасля заявы Лукашэнкі аб крымінальнай справе ў дачыненні да Данкверта і паведамленняў пра тое, што МУС РБ узяўся выконваць гэтае распараджэнне, інспектары Рассельгаснагляду ўзгадалі лёс Баўмгертнера.
І яшчэ адна цікавая навіна. «Газпром» упершыню за шмат гадоў знізіў узнагароджанне чальцам праўлення карпарацыі, паведамляе расійская газета «Ведамасці». Паводле інфармацыі выдання, па выніках 2016 года агульная сума выплат праўленню знізілася на 9,4% да 2,448 мільярда расійскіх рублёў, што вынікае са справаздачы кампаніі. Прадстаўнік «Газпрома» не патлумачыў, з чым звязана зніжэнне выплат.
Гэта азначае, што ў Расіі сапраўды заканчваюцца грошы, калі ўжо сталі эканоміць на «самым святым». Улічваючы нашу звышзалежнасць ад Расіі, пра якую дэдаларызацыю і стабільнасць беларускага рубля можа ісці гаворка?