Чаму ўлады працягваюць субсідаваць рэгіёны, якія адстаюць?

Эканамічныя ўлады спрабуюць знізіць аб'ёмы дзяржаўнай падтрымкі і дзяржінвестыцый у неэфектыўныя праекты па індустрыялізацыі. Аднак урад вымушаны саступаць ціску з боку вышэйшага кіраўніцтва і накіроўваць дадатковыя сродкі на падтрыманне адсталых рэгіёнаў, найбольш адчувальных для электаральных рэйтынгаў кіраўніка дзяржавы.

Ілюстрацыйнае фота: рабочая паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Смалявіцкі раён. Фота: president.gov.by

Ілюстрацыйнае фота: рабочая паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Смалявіцкі раён. Фота: president.gov.by

Мінэканомікі разам з рэгіянальнымі ўладамі падрыхтавалі комплексны план развіцця адсталых раёнаў Беларусі. Эканамічныя ўлады вымушаныя прыводзіць свае планы ў адпаведнасць з электаральным цыклам і павесткай вышэйшага кіраўніцтва.
Кіраўнік дзяржавы ў апошні час пачаў аб'езд адсталых рэгіёнаў краіны. Разам з высокім узроўнем беспрацоўя ў аддаленых населеных пунктах дабрабыт і зарплаты значна ніжэйшыя за сярэднія паказчыкі па краіне. Улады пацвярджаюць планы па павышэнні мінімальнай зарплаты са студзеня новага года, што закранае ў асноўным жыхароў перыферыйных раёнаў. Відавочна, у гэтых рэгіёнах сярод насельніцтва застаюцца высокія патэрналісцкія чаканні ад дзяржавы ў адрозненне ад жыхароў буйных гарадоў, дзе больш запатрабаваны запыт на рэформы.
Аднак Мінэканомікі спрабуе абмежаваць планаваныя аб'ёмы дзяржпадтрымкі. На 100 ключавых праектаў спатрэбіцца 4 млрд долараў, што значна менш за 30 млрд, якія інвеставалі ў рамках маштабнага праекта па мадэрнізацыі 2011-2015 гадоў, але якія не прынеслі адчувальных вынікаў для развіцця эканомікі. Акрамя таго, Мінфін плануе меры па паступовым зніжэнні ўнутранага і знешняга дзярждоўгу ў новай праграме кіравання дзяржфінансамі. Гэта прадугледжвае адмову дзяржавы ў прадастаўленні гарантый дзяржпрадпрыемствам на прыцягненне знешніх пазык, якія ў многіх выпадках не прыносяць жаданых эфектаў.
Такім чынам, беларускія ўлады вяртаюцца да абмежаванага падвышэння даходаў асобных груп насельніцтва, у першую чаргу — малазабяспечаных і тых, хто жыве ў адстаючых рэгіёнах. Робіцца гэта для падтрымання электаральных рэйтынгаў і зніжэння пратэстных настрояў.
belarusinfocus.info