Чаго хочуць іпэшнікі? Вынікі грамадскага абмеркавання

З 15 па 25 траўня індывідуальныя прадпрымальнікі, самазанятыя і рамеснікі маглі ўдзельнічаць у грамадскім абмеркаванні законапраекта «Аб прадпрымальніцкай дзейнасці» на партале forumpravo.by — уносіць свае прапановы. На што звярталася ўвага і якія нюансы закону выклікалі найбольшую рэакцыю?

_belarus_mekanomika_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Учора скончылася грамадскае абмеркаванне зменаў у заканадаўстве для прадпрымальнікаў. На прававым форуме Беларусі можна было ўнесці прапановы, у тым ліку па пераліку відаў дзейнасці, дазволеных для ІП, самазанятых і рамеснікаў. Office Life паглядзеў, якія прапановы там ужо агучылі.

Чаго не хапае ІП

Адно з самых папулярных пытанняў з боку індывідуальных прадпрымальнікаў звязана з продажам камплектуючых вырабаў. Рознічны гандаль запчасткамі для аўтамабіляў у спіс трапіў, а вось тыя, хто прадае дэталі для матацыклаў, у пераліку сябе не знайшлі.

Нямала пытанняў паўстала ў рэкрутэраў. Так, у спіс для ІП уключылі дзейнасць, звязаную з працаўладкаваннем за межамі Беларусі, а ўнутры краіны — не. Карыстальнікі прававога форуму падкрэсліваюць, што не ўсе прадпрыемствы, установы і арганізацыі могуць дазволіць сабе ўтрымліваць у штаце кваліфікаванага спецыяліста па падборы персаналу, і ўжо тым больш не ўсе валодаюць кампетэнцыямі рэкрутынгу.

Шмат пытанняў узнікае і па гандлі на маркетплэйсах: у спісе няма такога віду дзейнасці, як «рознічны гандаль шляхам замовы тавараў па пошце і праз сетку Інтэрнэт». Яе просяць дадаць. Але, як звярнулі ўвагу юрысты, ёсць больш агульны код 47 «Рознічны гандаль, за выключэннем гандлю аўтамабілямі і матацыкламі», які ўключае ў тым ліку і інтэрнэт-гандаль. Значыць, гандляваць праз Інтэрнэт ІП усё ж такі будзе дазволена.

Глядзіце таксама

Шмат на прававым форуме апынулася ў гэтыя дні выкладчыкаў танцаў. Нагадаем, калі пералік прымуць у цяперашнім выглядзе, ІП не змогуць адкрываць школы танцаў, музыкі, фатаграфіі. Але, як пішуць карыстальнікі, часцяком гаворка ідзе аб індывідуальных занятках або працы ў малых групах, што не прадугледжвае найму іншых работнікаў. Вынік — таксама просяць пакінуць для іх магчымасць працаваць у статусе ІП.

Нямала просьбаў і пакінуць у спісе для ІП ацэначную дзейнасць, то бок незалежную ацэнку транспарту, нерухомасці, абсталявання і іншай маёмасці. Карыстальнікі форуму робяць акцэнт на тым, што ў большасці малых і сярэдніх гарадоў, такіх як Слонім, Ашмяны або Баранавічы, у лепшым выпадку ёсць адзін ацэншчык. Гэта звязана з тым, што ў ацэначнай дзейнасці вельмі вузканакіраваных характар, і такія паслугі не трэба заказваць кожны дзень.

Глядзіце таксама

«Для таго каб адкрыць арганізацыю, неабходна мець у яе складзе па асноўным месцы працы двух атэставаных ацэншчыкаў. Выключэнне гэтага віду дзейнасці з дазволеных для ІП прывядзе да рэзкага адтоку кадраў з дадзенай вобласці, калапсу ў продажы маёмасці арганізацый, лізінгу, крэдытаванні, ацэнцы для мытных органаў, вырашэнні маёмасных спрэчак і велізарнай колькасці іншых напрамкаў, дзе задзейнічаны ацэншчыкі», — абгрунтаваў сваю пазіцыю адзін з карыстальнікаў форуму.

Праблемы паўсталі і з паслугамі па пісьмовым перакладзе, якія таксама выключылі з ІП. У выпадку пераходу ў самазанятыя пры працы з расійскім рынкам для такіх спецыялістаў істотна вырастаюць падаткі.

Чаго хочуць самазанятыя

Не менш пытанняў узнікла падчас грамадскага абмеркавання і па спісе самазанятых. Напрыклад, у яго просяць унесці спа-паслугі — мануальныя і рэлаксовыя, бо яны блізкія па сваёй сутнасці да касметычных і часцяком не патрабуюць прыцягнення наёмных асоб. Такія ж просьбы наконт татуіровак і перманентнага макіяжу.

Да самазанятых просяць дадаць і тых, хто займаецца правядзеннем і арганізацыяй інтэлектуальных гульняў (квізаў). З незвычайнага — дадаць вастрэнне інструмента для грумінга (стрыжкі жывёл). Як тлумачаць карыстальнікі форуму, гэта спецыфічнае вастрэнне, якая патрабуе высокай вастрыні рэжучага інструмента, і звычайнае абсталяванне для вастрэння нажніц або цырульніцкага інструмента не падыходзіць.

Глядзіце таксама

Дарэчы, са спісу рамеснікаў у пералік самазанятых перанеслі многія віды дзейнасці, у тым ліку выраб свечак, мыла, вокладак, што ў выніку таксама выклікала нямала пытанняў і спрэчак. Рамеснікі звярнулі ўвагу, што частка іх дзейнасці цяпер падпадае пад адзін від падатку, а частка — пад іншы.

Шмат просьбаў звязана і з вырабам і продажам сумак і заплечнікаў са скуры. Гаворка пра вырабы ручной працы, якія патрабуюць шмат часу на выраб. Праект спісаў мяркуе, што такія майстры павінны перайсці ў ІП, але тыя ў сваю чаргу адзначаюць, што падобны пераход нерэнтабельны.

«Давайце забаронім ІП гандляваць, а самазанятым зарабляць на манікюры»

Як бы гэта ні было дзіўна, пакуль частка прадстаўнікоў бізнесу просіць пашырыць прапанаваны пералік, знайшліся і тыя, хто, наадварот, патрабуе дазволіць выконваць пэўныя працы толькі юрыдычным асобам. Напрыклад, крытыцы падвергнулася рознічны гандаль. На думку аднаго з карыстальнікаў прававога форуму, рашэнне пакідаць гэты від дзейнасці для ІП — памылковае з-за «максімальнай непразрыстасці гэтага гандлю на рынках і ў гандлёвых цэнтрах». Замест гэтага прапануюць зрабіць акцэнт на спрашчэнні ўмоваў пераходу ІП у юрыдычныя асобы.

Яшчэ больш крытыкі абрынулася на турагенцкую дзейнасць, якую таксама пакінулі для ІП. Некаторыя ўдзельнікі форуму лічаць, што ў такім выпадку ў кліентаў менш шанцаў вярнуць грошы пры форс-мажорах. Трапілі пад раздачу і адукацыйныя паслугі і паслугі, звязаныя з псіхалогіяй, а таксама іграпрактыкі і настаўніцтва. Іх прапаноўвалі як прыбраць з вобласці дзейнасці ІП і самазанятасці, так і вывесці ў катэгорыю ліцэнзаваных відаў дзейнасці, як юрыдычныя паслугі.


Глядзіце таксама

Пытанні паўсталі і па манікюры з педыкюрам, якія значацца ў спісе для самазанятасці. На думку некаторых карыстальнікаў, гэтыя віды дзейнасці звязаныя з пашкоджаннем скуры, гэта значыць, могуць прадстаўляць небяспеку для здароўя. Незадаволенасць выклікалі ў некаторых карыстальнікаў і юрысты ў спісе ІП. Зрэшты, не менш каментароў і з нагоды таго, што пакінуць ІП для юрыстаў-ліцэнзіятаў было як раз такі правільным рашэннем.

У цэлым жа многія просяць памяняць падыход і паказаць не дазволеныя, а, наадварот, забароненыя віды дзейнасці, бо ўвесь час з'яўляюцца новыя прафесіі, і ўсё ўлічыць проста немагчыма.