Хутчэй працаваць!
Большасць жыхароў нашай краіны, нягледзячы на першыя тры ўмоўна працоўныя дні новага года, працягваюць адпачываць. Але, як заўсёды, менавіта адпачынак — час прыняцця і абмеркавання малапапулярных рашэнняў. Выйдуць людзі на працу — і яны ўжо жывуць па новых правілах. Нічога не зробіш!
Фота samlib.ru
Усім ужо вядомая сітуацыя з прадпрымальнікамі, якім з першых дзён новага года ўлады фактычна забаранілі прадаваць сваю прадукцыю без сертыфікатаў Мытнага саюза. «Вымушаны адпачынак», аказваецца, можа быць не толькі на «флагманах беларускай індустрыі», якія збольшага далі сваім працоўным вакацыі да 11-га студзеня, але і ў тых, хто хоча і жадае працаваць.
Паводле звестак прадпрымальніцкага РГА «Перспектыва», на працу не выходзяць каля 90% прадпрымальнікаў па ўсёй краіне. Зачыненыя большасць павільёнаў у сталічных гандлёвых цэнтрах «Паркінг», «Еўропа», «Ждановічы», «Шчасце», «Экспабел», «Манетка», а таксама на рынках. Інфармацыя пра тое, што ІП не выйшлі на працу, паступае з Віцебска, Гомеля, Брэста, Рагачова, Наваполацка, Глыбокага, Ліды, Маладзечна, Барысава і іншых гарадоў. Некаторыя СМІ расцанілі гэта як «калапс рознічнага спажывецкага рынка ў Беларусі», што блізка да праўды.
Аднак СМІ — не чыноўнікі. У размове з лідарам «Перспектывы» Анатолем Шумчанкам некаторыя з чыноўнікаў казалі: «Нічога экстрэмальнага. Гэта проста калядны адпачынак у бізнесоўцаў». Бачна, тыя чыноўнікі затаварваюцца выключна ў дзяржаўных крамах і носяць выключна беларускае. Бо і вожыку зразумела, што самыя працоўныя дні ў ІПшнікаў — гэта якраз святочныя і выходныя дні. Калі народ, не абцяжараны працай, можа сабе дазволіць паўдня правесці на рынку, выбіраючы патрэбную рэч.
Патрабаванні адмены ўказа №222, які дазваляе прадпрымальнікам прадаваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі, ужо даўно адпраўленыя ва ўрад, Адміністрацыю прэзідэнта і іншыя адказныя ўстановы. На 11-е студзеня плануецца чарговы антыкрызісны прадпрымальніцкі форум. Паглядзім, ці здолеюць ІПшнікі пераканаць уладу, што яны патрэбныя народу?
Не толькі дробным гандлярам не пашанцавала. Чамусьці менавіта ў калядныя святы пачалася актыўная апрацоўка насельніцтва наконт павышэння ў краіне пенсійнага ўзросту. Праўда, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Мінпрацы Ларыса Яшкова на сустрэчы з журналістамі сказала, што, калі пенсійны ўзрост падымецца, то не ў гэтым годзе. «Казаць пра тое, што ў бягучым годзе адназначна такое рашэнне будзе прынятае ці не, пакуль рана, — заявіла яна на прэс-канферэнцыі 4 студзеня. — Напэўна, з часам у будучыні мы гэтае пытанне будзем узнімаць».
Тым не менш, Яшкова зазначыла, што цяпер пенсіянеры ў Беларусі складаюць 27% насельніцтва, а да 2020 года іх колькасць, як мяркуецца, складзе 29%. Чвэрць пенсіянераў, па яе дадзеных, працягваюць працаваць.
«На постсавецкай прасторы засталіся толькі тры дзяржавы з ранейшым пенсійным узростам — 60 гадоў для мужчын і 55 гадоў для жанчын — гэта Рэспубліка Беларусь, Расійская Федэрацыя і Узбекістан. Разам з тым з саюзных часоў шмат што змянілася — вырасла і працягвае расці працягласць жыцця. Сёння пенсійны ўзрост — гэта не той узрост, які не дазваляе чалавеку паўнавартасна працаваць. Мы добра бачым, што жанчына ў 55 гадоў — гэта не пенсіянерка», — адзначыла Яшкова.
Сапраўды, траціна пенсіянераў у краіне — гэта вялізны цяжар для дзяржавы. Але ж гэтыя людзі ўсё жыццё працавалі, сплачвалі падаткі і напаўнялі пенсійны фонд таксама. Павышэнне пенсійнага ўзросту — гэта толькі адзін з крокаў. Трэба не проста гэты ўзрост павышаць — трэба ўвогуле рэфармаваць сістэму пенсійнага забеспячэння, ці хаця б уводзіць накапляльныя пенсіі. Тады і дзяржаве не так цяжка будзе…
Цікава падняў гэтую праблему Інстытут сацыялогіі НАН РБ. Па словах дырэктара гэтай установы, Ігара Катлярова, ягоная структура вывучыць меркаванне насельніцтва аб магчымым павышэнні пенсійнага ўзросту падчас рэгулярнага апытання ў сакавіку. Аднак ягоная падначаленая, загадчыца аддзела сацыялогіі сацыяльных інавацый Віялета Шухатовіч, аказалася больш языкатай. Яна сказала, што «на самай справе, усе бачаць і ўсе ведаюць, які ўзрост выхаду на пенсію ў нашых суседзяў, усе ведаюць эканамічную сітуацыю ў Беларусі, таму я б сказала так: людзям не хацелася б гэтага павышэння, але яны з разуменнем ставяцца да таго, што пенсійны ўзрост будуць павышаць».
Адкуль яна ведае пра «разуменне» народу, калі апытанне будзе толькі ў сакавіку? Аказваецца, з 2013-га года. «Згодна з нашымі апытаннямі, прыкладна 18% насельніцтва, якое працуе, у 2013 годзе зазначылі, што яны гатовыя адкласці ўзрост выхаду на пенсію з умовай павышэння пенсіі», — сказала сацыёлаг. Паводле яе слоў, «большая частка насельніцтва, якое працуе, гатовая да таго, што гэты ўзрост павысіцца на год». «Вядома ж, гэтыя змены не павінны быць рэзкімі, але калі сапраўды ўзнікне такая фінансавая неабходнасць, і яна ўжо абмяркоўваецца, то да гэтага паступовага пераходу наша насельніцтва гатовае, але менавіта да паступовага», — падкрэсліла Шухатовіч.
Добрая славесная эквілібрыстыка. Тут і 18% ператварыліся ў «большую частку насельніцтва», і «ўмова павышэння пенсіі» — невядома што. Наколькі павінна павысіцца пенсія канкрэтна, каб чалавек пагадзіўся працаваць далей? І зазначым такую цытату: «калі сапраўды ўзнікне такая фінансавая неабходнасць, і яна ўжо абмяркоўваецца». Абмяркоўваецца — гэта значыць, яна ўжо ўзнікла. Ну і зноў жа пра «гатовае да павышэння пенсійнага ўзросту насельніцтва»: адкуль спадарыня Шухатовіч пра гэта ведае? Апытанне ж будзе толькі праз тры месяцы?
Гэтыя заявы, насамрэч, — падрыхтоўка грамадскай думкі да павышэння пенсійнага ўзросту. Паступовым яно будзе ці імгненным — рэч другасная. Наш народ ужо прызвычаіўся: калі чыноўнікі кажуць, што нешта не адбудзецца — адбудзецца абавязкова.
Так што трэба хутчэй выходзіць на працу. Тады будзе меней падставаў для рознага кшталту «непапулярных рашэнняў».