Бізнес з беларускімі каранямі — у топе сусветных рэйтынгаў з ростам у 4011%
Тэхналагічнай кампаніяй рэгіёну Блізкі Усход і Кіпр, якая расла найхутчэй, прызнаны бізнес-праект, які мае беларускія карані. Прычым першае месца гэта кампанія заняла трэці год запар.
Гэта Capital.com — фінтэхкампанія, якой валодае бізнесовец Віктар Пракапеня. Capital.com таксама ўключана ў топ-500 самых дынамічных бізнэсаў рэгіёну EMEA, які ахоплівае Еўропу, Блізкі Усход і Афрыку, піша thinktanks.by.
Абодва рэйтынгі падрыхтавала і апублікавала кансалтынгавая кампанія Deloitte. Ацэньваўся рост даходаў за апошнія тры гады.
Першая на Блізкім Усходзе і Кіпры
Паводле дадзеных з Middle East Technology Fast 50, за тры гады бізнес Віктара Пракапені прырос на 4011%. Па гэтым паказчыку ён апярэдзіў усе іншыя кампаніі, якія даследаваліся Deloitte.
Першае месца ў блізкаўсходнім рэйтынгу дастаецца Capital.com трэці год запар.
«Яго інтуітыўна зразумелая, ганараваная ўзнагародамі платформа, даступная ў інтэрнэце і ў праграме-дадатку, дазваляе інвестарам гандляваць на тысячах сусветна вядомых рынкаў. Каб дапамагчы інвестарам гандляваць з упэўненасцю, платформа абсталяваная надзейнымі сродкамі кіравання рызыкамі і празрыстым цэнаўтварэннем, а яе ўніверсальная інвестыцыйная праграма прадастаўляе фінансавыя ўрокі і адукацыйны кантэнт для падтрымкі кліентаў у іх інвестыцыйным шляху. Capital.com мае глабальную сетку з офісамі, размешчанымі на Кіпры, у Вялікабрытаніі і Аўстраліі», — так адзначылі аўтары рэйтынгу Capital.com.
Другое і трэцяе месцы ў топ-50 блізкаўсходніх бізнесаў занялі крама праграм-дадаткаў Salla з Саудаўскай Аравіі (рост на 3550%) і распрацоўшчык праграмнага забеспячэння Rihal з Амана (рост на 2441%).
Ад Кіпра, які прэзентуе Capital.com, у рэйтынг увайшлі 13 кампаній. Сярод іх HR-праект, які мае расійскія карані, Solar Staff.
У топ-50 у Еўропе, Афрыцы і на Блізкім Усходзе
У канцы чэрвеня Deloitte апублікавала пашыраную версію рэйтынгу тэхналагічных кампаній, у які акрамя Блізкага Усходу ўвайшлі самыя дынамічныя бізнесы з Еўропы і Афрыкі.
Пераможцам рэйтынгу EMEA Fast 500 стала фінская кампанія мабільных гульняў Metacore, найбольш вядомая сваёй папулярнай гульнёй Merge Mansion. За тры гады яе бізнес вырас на 89319%.
Capital.com з тым жа паказчыкам росту на 4011% заняла ў рэйтынгу 36-е месца. Таксама яна 8-ая ў сегменце fintech.
Capital.com да 2023 года працавала ў Беларусі. У канцы 2022 года яе даччыная кампанія «Капітал Ком Бел», якая з 2019 года знаходзілася ў рэестры форэкс-кампаній Нацбанка Беларусі, была рэарганізавана ў «Фінтэх Салюшнс». У жніўні 2023 года пачалася яе ліквідацыя. У мінулым месяцы, як высветліў Thinkthanks, яна завершана.