Беларусь выцесніла ў РФ больш за 705 тысяч тон няякаснай нафты

Беларусь выцесніла ў Расію больш за 705 тысяч тон няякаснай нафты. Пра гэта паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Ляшэнка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

3cfe8db89491bdc3d41119896ede0_logo_1.jpg


"Па стане на 26 чэрвеня бягучага года з Беларусі ў напрамку ЛВДС Унеча выцеснена ўжо 705,2 тысячы тон нафты неналежнай якасці, і, зразумела, яна заменена якаснай нафтай", — цытуе словы Ігара Ляшэнкі БЕЛТА.

Віцэ-прэм'ер нагадаў, што была распрацавана і ўзгоднена дарожная карта па замяшчэнні на тэрыторыі Беларусі няякаснай нафты. Мерапрыемствы, якія рэалізуюцца, павінны забяспечыць адсутнасць да 15 жніўня на тэрыторыі Беларусі няякаснай нафты ў выніку яе выцяснення на тэрыторыю Расіі, паабяцаў Ігар Ляшэнка.

Нагадаем, "Белнафтахім" 19 красавіка заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расійскай нафты Urals, якая паступае па трубаправодзе "Дружба". Колькасць хлорарганічных злучэнняў у саставе нафты перавышала гранічныя значэнні па стандарце ў дзясяткі разоў. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы - Мазырскі НПЗ і ААТ "Нафтан" - вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцей і панеслі страты.

Паводле zviazda.by