Азбука паліталогіі. Як выдаткі на масавыя забойствы папаўняюць ВУП

Спробы прыстасавацца да перамен у тыя часы, калі ўлада распачынала ліквідацыю сваіх апанентаў, рабіліся неаднаразова, аднак усе яны кожны раз заканчваліся правалам.

balonik.jpg

Каб нешта ацэньваць (не важна, што ці каго), патрэбны нейкія крытэрыі. Прыгадаем, як у СССР даказвалі перавагі планавай эканомікі над рынкавай перавыкананнем планаў па выплаўцы чыгуну і сталі. А пра дасягненні ў вытворчасці канчатковых прадуктаў, у прыватнасці, легкавых аўтамабіляў, прапаганда сарамліва маўчала.
У СССР галіны прамысловасці падзяляліся на тыя, якія ствараюць сродкі вытворчасці (група «А»), і тыя, што вырабляюць прадметы для асабістага спажывання грамадзянамі (група «Б»). Пры гэтым падкрэслівалася, што вытворчасць групы «А» служыць вызначальным паказчыкам эканамічнага развіцця.
Падобнае эканамічнае адкрыццё спалучалася з лозунгам партыі «Усё ў імя чалавека, усё дзеля дабрабыту чалавека». Ніхто пры гэтым не звяртаў увагі на тое, што сродкі (група «А») ставіліся вышэй за мэту (група «Б»). І не варта гэтаму дзівіцца. Ва ўмовах масавага двудумства ў СССР падобны парадокс на фоне сваіх «калег» нічым прынцыпова не вылучаўся.
У гэтай сувязі прыгадваецца анекдот:
— Мы робім самыя вялікія ў свеце экскаватары!— А навошта вы іх робіце?— Каб здабываць больш за ўсіх у свеце жалезнай руды!— Дзеля чаго?— Каб выплаўляць больш за ўсіх у свеце чыгуну і сталі!— А навошта?— Каб рабіць самыя вялікія ў свеце экскаватары!

З чаго складаецца ВУП

І ў нашы дні не страціла сваёй актуальнасці праблема, так бы мовіць, «чым будзем мерацца?». Здавалася б, універсальных паказчыкаў ВУП на душу насельніцтва пакуль яшчэ не прыдумана. Аднак не спяшайцеся радавацца.
Растлумачу свой скептыцызм з дапамогай амерыканскага сенатара, кандыдата ў прэзідэнты 1968 года Роберта Кенэдзі: «ВУП вымярае ўсё, акрамя таго, дзеля чаго варта жыць: наш валавы ўнутраны прадукт уключае ў сябе забруджванне паветра, рэкламу цыгарэт і машыны хуткай дапамогі, якія вязуць тых, хто пацярпеў у катастрофах. Ён улічвае і дзвярныя замкі, і турмы для людзей, якія іх узломваюць. Ён уключае ў сябе знішчэнне секвойных лясоў і ўнікальнай прыроды ў выніку хаатычнай урбанізацыі... Але ён не ўлічвае здароўе нашых дзяцей, якасць іх адукацыі і ўсмешкі на іх тварах».
Прыгожа, пагадзіцеся. А калі прасцей і бліжэй да родных бяроз ды асін як у прасторы, так і ў часе?
Давайце паспрабуем! ВУП Расіі знізіўся ў 2022 годзе на 2,5%. Некрытычна, калі ўлічыць, што пасля 24 лютага большасць эканамістаў ацэньвала мяркуемы спад двухзначнай лічбай. Але д'ябал, як вядома, мае звычку хавацца ў дэталях — прычым часам другасных. На адну з такіх дэталей звярнуў маю ўвагу Telegram-канал «Кремлевский мамковед» у пасце пра тое, навошта расіяне скупляюць нерухомасць за мяжой.
Цытую: «Турцыя пацярпела ад расіян. Па выніках 2022 года яна стала сусветным лідарам па росце коштаў на арэнду нерухомасці — у параўнанні з 2021 годам жыллё падаражэла на 160,6%.
Паводле даных «Propriete Generale Group», на Турцыю прыйшлося 32,8% попыту на замежную нерухомасць з боку расіян. Значную ролю ў пытанні выбару краіны для пераезду на ПМЖ адыграла магчымасць ВНЖ у Турцыі пасля куплі нерухомасці, а праз 5 гадоў — грамадзянства.
Купля нерухомасці за мяжой стала для расіян інструментам павышэння асабістай бяспекі. Толькі 14,3% здзелак былі заключаны з мэтай атрымання даходу ад інвестыцый. 15,7% расіян набывалі кватэры і дамы за мяжой проста для ўласнага пражывання, а 64,1% — для атрымання ВНЖ. З такім падыходам вяртанне ў Расію людзей, якія набылі нерухомасць, у хуткім часе ўяўляецца вельмі малаверагодным».
Ахова грамадскага парадку і забеспячэнне бяспекі, нароўні з падтрыманнем вяршэнства закона і аховай правоў і свабод грамадзян належаць да базавых функцый сучасных дзяржаў.
Расійская Федэрацыя пачала «спецаперацыю» нібыта дзеля абароны правоў і свабод рускіх ва ўсходніх рэгіёнах Украіны. Мэта, канешне, высакародная, а што тычыцца скарыстаных для гэтага сродкаў — тое тэма для асобнай размовы.
Дзесяць месяцаў намаганняў па дасягненні мэты абярнуліся шасцізначнай колькасцю забітых з абодвух бакоў і сямізначнай лічбай тых, хто пакінуў краіну-вызваліцельніцу. Вось і падлічвай пасля гэтага ВУП, істотную частку на фарміраванне якога склалі выдаткі на масавыя забойствы.

У процілеглы бок ад Еўропы

Здагадайцеся з трох разоў, як перажыла беларуская мадэль 2022-гі год? Песімістаў папрашу ў гэты час пайсці папаліць дзесьці ўбаку. Іх меркаванне мяне не цікавіць. Хай яны ідуць сабе маршыраваць пад «Марш энтузіястаў».
Дам слова старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай: «Мы бачым, што, нягледзячы на санкцыйны ціск і праблемы, якія ёсць у плане рэалізацыі прадукцыі нашых прадпрыемстваў, эканоміка паказала вынік, заводы працавалі, заработная плата выплачвалася стабільна. Няпросты 2022 год мы пражылі вельмі годна. І гэта нягледзячы на ўсе перыпетыі, калі многія думалі, што Беларусь абрынецца. Але нічога ў нядобразычліўцаў не атрымалася. Усе нашы поспехі кажуць пра тое, што тая сістэма ўлады, тая структура, якая выбудавана ў нашай краіне, эфектыўная».
«Заводы працавалі, заработная плата выплачвалася стабільна». Ну як тут не зняць капялюш і не стаць на калені перад сістэмай улады, выбудаванай за тры дзесяцігоддзі! «Многія думалі, што Беларусь абрынецца» — а яна не абрынулася! Вось такі сёння крытэрый эфектыўнасці.
Аднак адсутнасць абвальвання эканомікі — не адзіны крытэрый правільнасці абранага ўладай курсу, які вядзе ў процілеглы ад Еўропы бок. Каб зразумець, ад чаго Беларусь аддаляецца, працытую амерыканскага палітолага Дэніэла Трэйсмана: «Еўрапейская культура, з якой нарадзілася «мадэрнізацыя», узнікла з вельмі рэдкага спалучэння гістарычных абставін: немагчымасці для любога суб'екта ўлады (кароны, імператара, царквы, суверэнных гарадоў і іншых) ліквідаваць сваіх апанентаў, што дало штуршок да пошуку сістэм кампрамісаў...»
Можна па-рознаму ставіцца да апанентаў улады, але без іх на мадэрнізацыю разлічваць не даводзіцца. У гэтай сувязі нагадаю фрагмент з Паслання–2013 адзінага беларускага палітыка: «Наш выбар, дарэчы, невялікі. Мы можам ці прыстасавацца да бурных перамен, ці застацца на ўзбочыне гісторыі. Іншага не дадзена».
Дзесяць гадоў таму выбар у беларускай мадэлі яшчэ быў, аднак эфектыўная ўлада паставіла на ім крыж.