Арыфметыка эфектыўнасці
Дзяржаўныя прадпрыемствы больш эфектыўныя за прыватныя. Прынамсі, так мяркуюць у Міністэрстве па падатках і зборах. Але, як кажуць эканамісты, тут усё залежыць ад таго, хто і як лічыць.
Фота www.vetka.by
Міністэрства па падатках і зборах не так даўно апублікавала дадзеныя па зборы падаткаў у 2015 годзе. З гэтай статыстыкі вынікае, што найвялікшы ўклад у фармаванне бюджэту ўносяць дзяржаўныя прадпрыемствы, а індывідуальныя прадпрымальнікі — нейкую драбязу.
Тым не менш у нас прынята лічыць, што прыватныя прадпрыемствы больш эфектыўныя за дзяржаўныя. І на самай справе, аналіз дадзеных Белстата паказвае, што працэнт стратных прадпрыемстваў у прыватным сектары нашмат ніжэй, чым сярод прадпрыемстваў змешанай або дзяржаўнай формы ўласнасці. Паколькі прыватныя фірмы ў сваёй працы арыентуюцца на прыбытак, лічыцца, што яны традыцыйна апярэджваюць дзяржпрадпрыемствы па прадукцыйнасці працы. Паводле падлікаў Сусветнага банка, у 2004–2010 гадах прадукцыйнасць працы ў дзяржаўным сектары Беларусі была ў сярэднім на 40% ніжэй у параўнанні з прыватным сектарам.
Аднак, з пункту гледжання падатковага ведамства, пакуль больш карысці ад дзяржпрадпрыемстваў і буйнага бізнесу.
Калі ўзяць кансалідаваны бюджэт за 100%, то 49,9% паступленняў у яго (96383,7 мільярда рублёў) забяспечылі арганізацыі дзяржаўнага сектара эканомікі, паведамляе Міністэрства па падатках і зборах. Арганізацыі недзяржаўнага сектара забяспечылі 44,4% (85795,2 мільярда рублёў).
Затое суб’екты малога і сярэдняга бізнесу напоўнілі дзяржбюджэт на 28,5% (55152,6 мільярда рублёў). У найменшай жа ступені кансалідаваны бюджэт напоўнілі фізічныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі (падаткавікі звялі іх у адну групу) — на 5,7%.
Я пацікавіўся ў першага намесніка міністра па падатках і зборах Ігара Клепчы: ці праводзіўся аналіз таго, якія прадпрыемствы больш плацяць падаткаў у пераліку на аднаго працаўніка — дзяржаўныя або прыватныя? Бо калі лічыцца, што прыватны бізнес працуе больш эфектыўна, то і кожны яго супрацоўнік, па логіцы, павінен прыносіць большыя прыбыткі бюджэту.
Адказ намесніка міністра быў дзіўны. «Я цяпер дакладныя лічбы вам, вядома, не назаву. Але такія падлікі, вядома, праводзіліся, — сказаў Ігар Клепча. — І на аднаго працаўніка, занятага ў дзяржаўным сектары эканомікі, падаткаў, вядома, прыходзіцца больш».
Дык хто ж працуе больш эфектыўна? Як кажуць эканамісты, тут усё залежыць ад таго, хто і як лічыць.
«Тут заўсёды ўзнікае пытанне методыкі падліку. Я не ведаю, якую методыку яны выкарысталі і якія прадпрыемствы адносіліся да дзяржаўнай, а якія — да прыватнай формы ўласнасці. Не ведаем мы і таго, якія падаткі браліся ў разлік. Гэта значыць, падыходзіць да ацэнак тут трэба вельмі асцярожна», — мяркуе эксперт «Ліберальнага клуба» Антон Болтачка.
На самай справе, нават ацэнкі долі занятых у прыватным сектары вельмі адрозніваюцца. Так, эксперты Сусветнага банка ў эканамічным мемарандуме для Беларусі паказваюць, што на долю дзяржпрадпрыемстваў прыходзіцца 69% ВУП, на іх працуе дзве траціны эканамічна актыўнага насельніцтва краіны. Таксама, па ацэнках экспертаў Сусветнага банка, у Беларусі на тыповым дзяржпрадпрыемстве у сярэднім 500 працаўнікоў, тады як на прыватным прадпрыемстве працуе 18 чалавек.
Яшчэ адна асаблівасць беларускага дзяржсектара ў тым, што яму падаюцца рознага кшталту прэферэнцыі. Дзяржпрадпрыемствам у Беларусі прадаюцца на палегчаных умовах энерганосьбіты, у іх ёсць падатковыя прэферэнцыі, доступ да танных крэдытных рэсурсаў, прывілеі падчас правядзення тэндараў, — канстатавала старшы эканаміст СБ Галіна Вінсэлет яшчэ ў 2012 годзе. І з таго часу нічога не змянілася.
Адпаведна, калі зыходзіць з ацэнак Сусветнага банка, то працаўнікі дзяржпрадпрыемстваў сапраўды забяспечваюць менш паступленняў у бюджэт у пераліку на аднаго чалавека: 2/3 беларускіх працаўнікоў даюць 49,9% прыбыткаў бюджэту. А 1/3 тых, што задзейнічаны ў прыватным бізнесе, — 44,4% прыбыткаў.
Але паводле дадзеных Белстата ў 2014 годзе (больш свежых лічбаў пакуль няма) са 100% занятага ў эканоміцы насельніцтва на прадпрыемствах дзяржаўнай формы ўласнасці працавала 39%, на прыватных прадпрыемствах — 57,8% (астатнія 3,2% — самазанятыя асобы, уключаючы ІП).
То бок, па Белстаце, 57,8% працаўнікоў у краіне даюць 44,4% прыбыткаў дзяржбюджэту. Няўжо першы намміністра па падатках і зборах мае рацыю, і агульнапрынятае меркаванне аб больш высокай эфектыўнасці прыватнага бізнесу — міф?
Наўрад ці. Па-першае, дзяржпрадпрыемствы ў Беларусі існуюць у нашмат больш лагодных умовах, пра якія згадваў Сусветны банк. Па-другое, афіцыйная статыстыка адносіць шматлікія прадпрыемствы АПК, ператвораныя з калгасаў у рознага тыпу аграрныя кааператывы, да прыватнага сектару эканомікі! А ў гэтым сектары з рэнтабельнасцю справы зусім кепскія.