Аргументы і факты

Дзіўная рэч — статыстыка. Нібыта, і дакладная навука, а нібыта — гледзячы што з чым параўноўваць. Таму бывае так, што з аднаго боку ў нас усё добра, а з іншага — не вельмі.

Фота з сайта polytika.ru

Фота з сайта polytika.ru

ВУП Беларусі ў першым квартале 2017 года вырас у параўнанні з 1-м кварталам 2016 года на 0,3%, аптымістычна адрапартаваў на тыдні прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў. А індэкс-дэфлятар ВУП за квартал у адносінах да аналагічнага перыяду папярэдняга года склаў 107%. Дэфлятар — гэта такі цэнавы індэкс, створаны для вымярэння агульнага ўзроўню цэн на тавары і паслугі за пэўны перыяд. У да­дзеным выпадку, за квартал.

Але, калі пакорпацца ў даведніках, мы пабачым, што індэкс-дэфлятар колькасна роўны індэксу росту цэнаў. Калі яго значэнне большае за сто працэнтаў, гэта гаворыць пра тое, што інфляцыя расце, а калі менш — інфляцыя падае. Такім чынам, у нас расце і ВУП, і расце інфляцыя.

Праўда, з Кабяковым у сярэднетэрміновай перспектыве не згодны Міжнародны валютны фонд. Прыкладна адначасова са словамі нашага прэм’ера буржуі выдалі новы прагноз адносна, у тым ліку, беларускай эканомікі. Замест ранейшага прагнозу — мінус 0,5% ВУП — Беларусі прадказалі падзенне таго ж ВУП у гэтым годзе на 0,8%.

Інфляцыя ў Беларусі ў 2017 годзе, паводле ацэнкі МВФ, складзе 9,3% (папярэдні прагноз — 12%), у 2018 годзе — 8,7%.

Паводле прагнозаў нашага ўраду, у мінулым годзе ВУП павінен быў вырасці на 0,3%, МВФ прагназаваў падзенне на 3%. Па выніках, ВУП Беларусі ў 2016 годзе знізіўся на 2,6%. Самі думайце, каму веры больш.

Не верачы нікому, журналісты onliner.by узялі чэк за 21 сакавіка 2016 года і выправіліся ў тую ж краму за тымі ж таварамі — вывучаць цэннікі. У чэку было 19 тавараў, за год патаннеў толькі адзін (не паверыце, гэта бананы). Кошт яшчэ аднаго застаўся тым жа, і гэта маладзёжная сумесь «Белы пелікан»: разынкі, сухафрукты, арэхі. Астатнія падаражэлі. Прычым, падаражэлі ў асноўным свае тавары, беларускай вытворчасці. У выніку на тую ж суму здолелі набыць на шэсць тавараў менш, чым летась.

Калі ў нас таннеюць бананы і застаюцца «на ўзроўні» экзатычныя арэхі, а даражэе тавар, які мы ствараем самі, — ці ўсё ў парадку з нашай эканомікай? Адказ, падаецца, відавочны. І ніякім ростам ВУП ад гэтага не закрыешся.

Між тым, заробкі беларусаў працягваюць здзіўляць. Непрыемна здзіўляць. Рэкорд пабіла аддзяленне пошты вёсцы Ровенская Слабада Рэчыцкага раёна. Там патрабуецца прыбіральшчыца на кожны дзень акрамя выходных. Месячны заробак — шэсць рублёў!

Здзіўленаму «Еўрарадыё» паведамілі: гэта не памылка. Сапраўды, за штодзённую працу абяцаюць менавіта такую зарплату.

Канешне, як казаў Астап Бендэр, фінансавая прорва — гэта прорва, у якую можна падаць бясконца. Але такія замалёвачкі паказваюць, наколькі мы ўжо «на дне».

І гэтыя замалёўкі — бесперапынныя. Мабільны аператар «Велком» пераходзіць ад «мабільнасці» ў сферу крэдытавання. Ён прапанаваў сваім абанентам новую паслугу, якую раней ажыццяўлялі розныя «фінкі» — мікракрэдытаванне «да заробку». З дапамогай дадатку v-banking кліенты «Велкома» змогуць пазычыць у кампаніі да 100 рублёў. Гэтыя грошы можна патраціць на аплату тавараў і паслуг праз АРІП — напрыклад, аплаціць камунальныя паслугі. Вярнуць грошы трэба да 20 дня наступнага месяца. За карыстанне грашыма працэнты спісвацца не будуць, але давядзецца сплаціць абаненцкую плату — 3 рублі.

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч у эфіры БТ паведаміў, што кавярні і рэстарацыі атрымаюць права пускаць да сябе наведвальнікаў са сваім спіртным. Раней гэта было забаронена. Таксама ўстановам грамадскага харчавання не трэба будзе ўзгадняць меню, рэцэптуры. Не ведаю, для чаго гэта зроблена, але раней прыстойныя ўстановы могуць ператварыцца ў алкагольныя прытоны.

Тым жа, каму пашанцуе найбольш, стануць філіялам Міністэрства замежных спраў. На сайце дзяржзакупак нашае знешнепалітычнае ведамства абвясціла тэндэр на набыццё 1600 бутэлек гарэлкі (1000 бутэлек «гарэлкі белай 0,5 л» і 600 — «гарэлкі сувенірнай 0,7 л»), а таксама 600 бутэлек бальзаму «Беларускі» і 2500 бутэлек настойкі «Белавежская». На гэтыя мэты збіраюцца выдаткаваць 38 тысяч рублёў (каля 20 тысяч долараў). На старонцы тэндэру яшчэ шмат цікавага: напрыклад, 20 каробак цукерак, 10 букетаў кветак і 20 флаконаў з духамі па $50 за штуку.

Напэўна, гэтак мы рыхтуемся да летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая павінна прайсці ў Мінску 5–9 ліпеня: «Бабе кветкі, дзецям — марозіва».

А вось хто сапраўды праявіў на гэтым тыдні клопат пра здароўе беларусаў — гэта расіяне. Тамтэйшая асацыяцыя вытворцаў тытунёвай прадукцыі «Табакпрам» прапанавала Крамлю не выдаваць Сінявокай абяцаны крэдыт у мільярд долараў да таго часу, пакуль беларускія стаўкі акцызаў на цыгарэты не зраўняюцца з расійскімі, — ці, прынамсі, будуць набліжаныя да іх. Адпаведныя лісты тытунёвыя кампаніі накіравалі першаму віцэ-прэм’еру РФ Ігару Шувалаву і міністру фінансаў Антону Сілуанаву, піша РБК.

Расійскія вытворцы зазначаюць, што ў памежных з Беларуссю раёнах доля нелегальнага гандлю цыгарэтамі за год істотна вырасла: у 2016 годзе яна складала 8%, а сёлета — ужо 20%. Пры гэтым доля беларускай прадукцыі ў агульным аб'ёме нелегальнага рынку сёлета склала амаль 30%, хаця ў мінулым годзе — толькі 9,4%. Прычына такога росту — у розніцы акцызных ставак і, як вынік, коштаў на беларускую і расійскую тытунёвую прадукцыю.

Увогуле, дзіўна, што ў нас існуе кантрабанда цыгарэтаў у Расію. Раней у гэтым былі заўважаныя выключна заходнія рэгіёны, якія напаўнялі беларускім тытунём Еўрасаюз. Але, як бачым, і ўсходнія беларусы могуць «круціцца», — пры тым, што мяжы з Расіяй у нас няма.

А што рабіць? Па дадзеных Белстата, за студзень-люты 2017 года рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў скараціліся на 3,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Нават намінальная зарплата за люты бягучага года ў параўнанні са студзенем паменшылася на 0,6%.

І каго пры ўсім гэтым будзе хваляваць рост ВУП? Яго, як кажуць, у кішэню не пакладзеш.