Адмыслоўца: Эфект «збеглых» ці проста з'ехаўшых ужо бачны ў эканоміцы на макраўзроўні

Эканамічны аналітык Сяргей Чалы ацэньвае колькасць з’ехаўшых толькі з Мінска і Мінскай вобласці прыкладна ў 200 тысяч чалавек. Методыка яго падліку вельмі арыгінальная і эфектная.

_belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg


Улады вуснамі Мінэканомікі сцвярджаюць, што ўзровень беспрацоўя ў Беларусі летась знізіўся да 3,6% ад агульнай колькасці работнікаў. У 2021 годзе гэты паказчык складаў 3,9%, а ў 2020 — 4%.

Пры гэтым, па даных незалежных медыя, у 2022 годзе саміх работнікаў у эканоміцы стала менш амаль на 74 тысячы чалавек. А ўжо за студзень гэтага года краіна не далічылася амаль 17 тысяч работнікаў.

У перыяд са студзеня 2020 года колькасць занятых зменшылася на 156,5 тысячы чалавек.

— Можна, вядома, паўтараць афіцыйныя заявы ў духу таго, што такі нізкі ўзровень беспрацоўя — гэта стабільная праца эканомікі і кіраваная сітуацыя на рынку працы, — заявіў Сяргей Чалы ў эфіры канала расследвальніцкага цэнтра. — Але насамрэч мы ж разумеем, што гэта доўгі трэнд, у нас практычна кожны месяц гэтыя рэкорды, колькасць занятых у эканоміцы яшчэ ніколі не была такой нізкай.

Прычым тэндэнцыі паскараюцца: за адзін толькі студзень гэтага года не стала 17 тысяч работнікаў, а за ўвесь мінулы год зменшылася больш за 70 тысяч.

Ужо на макраўзроўні пачынае быць прыкметны гэты эфект, эфект тых самых «збеглых» ці проста людзей, якія з'ехалі з краіны.

Каб быць больш пераканаўчым, эканаміст прыводзіць розныя метады разлікаў і прыходзіць да несуцяшальных высноваў.

— Беспрацоўе і колькасць занятых у эканоміцы лічацца розным метадалогіямі. Колькасць занятых, напрыклад, яны вылічаюць, памнажаючы на колькасць насельніцтва. І праблема тут у тым, што гэтая колькасць насельніцтва ўлічаная не зусім дакладна. Насамрэч людзей менш.

Аднак ёсць і іншыя метады ацэнкі. Як мне здаецца, па дынаміцы валютнага рынку і, асабліва, рознічных продажаў, відаць, што людзей становіцца менш.

А калі палічыць выключна рознічны абарот харчавання, можна назіраць вельмі цікавую тэндэнцыю: за студзень 2023 года, у той час як у большасці рэгіёнаў назіраецца рост, у Мінску і Мінскай вобласці — мінус, прычым у Мінску гэта мінус аж 10% год да года, а ў вобласці — мінус амаль 5%.

Менавіта з гэтых месцаў з'ехала больш за ўсё людзей. І тут можна палічыць ад адваротнага. Калі ёсць нейкі доўгатэрміновы трэнд па дынаміцы продажу прадуктаў харчавання, можна ацаніць вось гэты загін трэнду, гэта значыць якая колькасць людзей павінна было з'ехаць, каб атрымаліся такія лічбы, такое падзенне.

Мінск страціў каля 125 тысяч чалавек, а Мінская вобласць — яшчэ 60 тысяч.

І тут важная нават не спроба ўлічыць, колькі людзей мы не далічыліся, зразумела, што шмат, а тое, што гэта «шмат» ужо становіцца прыкметна на макраўзроўні. Гэта галоўная выснова, якая пацвярджаецца.

Вы можаце хаваць статыстыку, не паказваць або паказваць толькі абраным, але па тым, як трацяцца грошы людзей, усё роўна ўсё відаць, — патлумачыў аналітык.