Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі за студзень – май перавысіла 1,1 млрд долараў ЗША
Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі Беларусі за студзень – май 2015 года склала 1 млрд 121,5 млн. долараў ЗША. У студзені – маі 2014 года сальда таксама было адмоўным — 872,5 млн долараў, у студзені – красавіку 2015-га — мінус 957,7 млн долараў.
Як паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт, знешнегандлёвы абарот таварамі за студзень – май 2015 года склаў 23 млрд 212,7 млн долараў, што на 26,8 % менш, чым у студзені – маі 2014-га. Экспарт у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года скараціўся на 28,3 % (да 11 млрд 45,6 млн долараў), імпарт — на 25,3 % (да 12 млрд 167,1 млн долараў).
Экспарт тавараў у краіны СНД у студзені – маі 2015 года зменшыўся на 38,5 % (да 5 млрд 309,1 млн долараў), імпарт — на 23,8 % (да 7 млрд 527,6 млн долараў). Агульны тавараабарот з краінамі СНД скараціўся на 30,6 % (да 12 млрд 836,7 млн долараў). Адмоўнае сальда ў гандлі з краінамі СНД склала 2 млрд 218,5 млн долараў. У студзені – маі 2014 года адмоўнае сальда з СНД складала 1 млрд. 250,7 млн долараў.
Экспарт тавараў у Расію за пяць месяцаў гэтага года знізіўся на 34,8 % і склаў 4 млрд 7,7 млн долараў, імпарт — на 22,1 % да 7 млрд 95,3 млн долараў. Сальда, як і ў студзені – маі 2014 года, было адмоўным (3 млрд 87,6 млн і 2 млрд 960,9 млн долараў адпаведна). Агульны тавараабарот з Расіяй ацэньваецца Белстатам у 11 млрд 103 млн долараў (на 27,2 % менш).
Экспарт у краіны Еўрапейскага саюза знізіўся на 20,3 % да 4 млрд 26,2 млн долараў, імпарт — на 39,4 % да 2 млрд 276,1 млн долараў. Тавараабарот знізіўся на 28,4 % да 6 млрд 302,3 млн долараў.
Сальда гандлю таварамі з краінамі ЕС у студзені – маі 2015 года было станоўчае — 1 млрд 750,1 млн долараў (у студзені – маі 2014-га — 1 млрд 296,3 млн.).