Майкл Скэнлан: Асноўныя каштоўнасці застаюцца нязменнымі

Год таму, 30 чэрвеня 2009 года, у Беларусь у якасці Часовага паверанага ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі прыехаў Майкл Скэнлан. Кадравы дыпламат, які папрацаваў у шмат якіх краінах свету. Якім быў гэты год для Майкла Скэнлана і для амбасады ЗША? Пра гэта з Часовым павераным у справах Злучаных Штатаў Амерыкі размаўляе галоўны рэдактар «НЧ» Аляксей Кароль.
 



fb3f76858cb38e5b7fd113e0bc1c0721.jpg

— Спадар Скэнлан, як Вам у нас? Якія ўражанні?
— На жаль, умовы, у якія была пастаўлена наша амбасада ў Беларусі, абмяжоўваюць мае магчымасці знаёмства з жыццём і людзьмі вашай краіны. Я ніколі не працаваў у амбасадах, дзе толькі пяць супрацоўнікаў. Калі я расказваю пра гэта сваім калегам, яны не могуць такое ўявіць. У нас выключна напружаны працоўны графік, што сур’ёзна скарачае мае магчымасці вандраваць па Беларусі і сустракацца з людзьмі.
Акрамя таго, нашы перамяшчэнні па Беларусі абмежаваны саракакіламетровай зонай. Такім чынам, калі ў выходныя нехта з сяброў ці знаёмых скажа: «Майкл, хочаш далучыцца да мяне з сябрамі на шашлык на прыродзе?» — я мушу запытацца, а ці ўваходзіць гэта месца ў саракакіламетровую зону ад цэнтра Мінска, якой мы абмежаваныя, калі не пададзім за 24 гадзіны дыпламатычную ноту.
Аднак нягледзячы на гэта, я езджу па Беларусі. Мінулай зімой калі-нікалі катаўся на сноўбордзе, зрэдку атрымлівалася выбрацца пагуляць у тэніс, схадзіць у кіно. Апошнім часам удалося паглядзець шэраг цікавых гульняў Чэмпіянату свету па футболе.
Дзякуючы гэтаму я лепш пазнаёміўся з Беларуссю, яшчэ раз пераканаўся, што ў людзей заўсёды знойдуцца агульныя інтарэсы і супадаючыя захапленні. І гэта цудоўна, бо нагадвае, што трэба заставацца чалавекам і атрымліваць асалоду ад жыцця.
Я ўдзячны беларусам, якіх ведаю, з якімі я пазнаёміўся не толькі па працы, і з якімі я магу добра бавіць вольны час.
— Вы закранулі тэму ўмоў працы амбасады ЗША ў Беларусі. Але нядаўна пры адкрыцці фотавыставы «Амерыка вачыма беларусаў» у Нацыянальнай бібліятэцы ў Вашым выступе прагучала аптымістычная нотка — спадзяванне на пашырэнне штату амбасады. Гэты аптымізм на чымсьці грунтуецца?
— У дадзеным выпадку я зыходзіў не з аптымізму, а з вядомага выслоўя, якое часта чую тут: «Надзея памірае апошняй». На жаль, ніякіх сігналаў з боку беларускага ўраду не было, нягледзячы на тое, што мы пастаянна гатовыя да пашырэння дыялогу і супрацоўніцтва ў розных сферах.
— У гэтым кантэксце лагічна запытацца пра пераемнасць палітыкі адміністрацыі Барака Абамы з палітыкай папярэдняй адміністрацыі ў адносінах да Беларусі?
— Пытанне: «У чым палягае новая палітыка?» — адно з найбольш папулярных пытанняў прэсы. У многіх аспектах сапраўды ёсць змены, таму што людзі выбіраюць новага прэзідэнта і, адпаведна, новую адміністрацыю менавіта дзеля перамен. Аднак знешняя палітыка ЗША грунтуецца на шэрагу галоўных прынцыпаў, у прыватнасці такіх, як захаванне правоў чалавека. Гэта канстанта. Могуць быць адрозненні ў падыходах, але асноўныя каштоўнасці застаюцца нязменнымі.
Калі мы паглядзім на палітыку папярэдняй і цяперашняй адміністрацыяй у адносінах да Беларусі, дык мы ўбачым, што тут усё ясна і проста. Пытанне правоў чалавека і пытанне наконт прымянення санкцый злучаны паміж сабой, яны ў адной упакоўцы. Гэта простае матэматычная ўраўненне. Калі сітуацыя з правамі чалавека паляпшаецца — санкцыі памяншаюцца. І наадварот. Але, як гэта было і раней і ёсць цяпер, трэба акцэнтаваць увагу на тых сферах, дзе мы можам знайсці агульныя інтарэсы, сумесна працаваць, каб пераадолець складанасці і перашкоды глабальнага ўзроўню. У прыватнасці, у такіх сферах, як нераспаўсюд зброі, пашырэнне культурных і адукацыйных абменаў, навуковыя даследаванні, абмен досведам і ведамі па сацыяльных пытаннях і пытаннях аховы здароўя, барацьба з транснацыянальнай злачыннасцю, гандлем людзьмі. Гэта пашырэнне свабоднага абмену інфармацыяй, каб людзі маглі лепш адзін аднаго ведаць.
Адказу ад беларускага ўрада мы не пачулі. Мы як былі, так і застаёмся адкрытымі ў гэтых галінах. І рашэнне будзе залежыць толькі ад вашага ўраду.
Усё, што мы робім, мы робім у цесным і адкрытым супрацоўніцтве з Еўропай. Гэта была паслядоўная палітыка ў адносінах да Беларусі на працягу болей чым дзесяці апошніх гадоў, і такой яна застаецца.
— Нядаўна ЗША прынялі рашэнне наконт працягу санкцый у адносінах да пяці беларускіх чыноўнікаў. Гэта можна лічыць пацвярджэннем пераемнасці палітыкі і адказам на тое, што ў палітыцы Беларусі не адбываецца ніякіх пазітыўных зрухаў?
— Гэта звязана з сітуацыяй з правамі чалавека, з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі, са свабодай дзейнасці грамадскіх асацыяцый, правядзеннем свабодных і празрыстых выбараў. Гэта ўсё звязана з санкцыямі. Гэта сістэма, працэс, у якім для нас няма фаварытаў. І які, у яго дэмакратычным фармаце, дазволіў бы беларусам прымаць рашэнні пра ўладкаванне свайго жыцця самастойна.
Напачатку 2009 года было адчуванне, што сітуацыя з правамі чалавека сапраўды паляпшаецца. Як вынік, ЗША і Еўрапейскі саюз крыху зменшылі санкцыі. Памочнік дзяржаўнага сакратара ў жніўні 2009-га прыехаў у Мінск, каб яшчэ раз падкрэсліць тры асноўныя прынцыпы нашай знешняй палітыкі ў адносінах да Беларусі, а таксама важнасць дыялога, вынікам якога стала б паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека і адпаведнае змяншэнне санкцый.
Але, на жаль, гэтага не адбылося, і вы памятаеце нашу заяву ў лістападзе 2009 года, у якой гаварылася, што сітуацыя з правамі чалавека захавалася нязменнай і, такім чынам, нязменнымі засталіся і нашы санкцыі: яны не змякчыліся і не ўзмацніліся.
У маі 2010-га мы казалі, што гэта статус-кво захавалася і што мы назіралі негатыўную тэндэнцыю ў сферы правоў чалавека, якая выклікае нашу занепакоенасць і якую нам трэба будзе ўлічваць, калі яна будзе працягвацца, пры разглядзе пытання пра санкцыі ў лістападзе гэтага года. Апошнім часам мы занепакоеныя і такімі падзеямі, як ціск на прафесара Манаева, звальнення якога з БДУ патрабуюць улады, і ціск на актывістаў кампаніі «Гавары праўду!».
Разам з тым мы застаёмся адкрытымі да дыялогу, да пашырэння магчымага супрацоўніцтва, але з беларускага боку павінна быць здзейснена нешта рэальнае, павінны быць рэальныя справы, а не толькі размовы пра тое, што трэба нешта рабіць. Мы заўсёды гатовыя да перамоваў, але нашы дзеянні будуць вызначацца дзеяннямі беларускага ўрада.
— Зараз наглядаюцца спробы перазагрузкі адносін паміж ЗША і Расіяй. Беларускіх дэмакратаў заўсёды хвалявала пытанне збліжэння пазіцый гэтых краін адносна дэмакратычных перамен у Беларусі. Якая верагоднасць такога збліжэння на сённяшні дзень?
— Палітыка ЗША ў адносінах да Беларусі з’яўляецца палітыкай ЗША толькі ў адносінах да Беларусі. Яна можа тычыцца як двухбаковых пытанняў (такіх, як сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі), так і пытанняў, што выклікаюць глабальную занепакоенасць. Я часта вымушаны нагадваць маім беларускім калегам, што нашы рашэнні — гэта не рашэнні, якія прымаюцца з улікам адносін Усходу і Захаду па ўзорах часоў «халоднай вайны». Нашы адносіны — гэта адносіны з Беларуссю, якія грунтуюцца на трох прынцыпах, што я ўзгадваў вышэй. Спадзяюся, што гэта разумеюць і ва ўрадзе, і ў грамадстве, і ў апазіцыі. У нас няма ніякага жадання кагосьці ўвесці ў зман. Мы будуем свае адносіны з Беларуссю на ясных і празрыстых прынцыпах. Яны бачныя і зразумелыя, як знакі на дарозе.
— Але на палітычных скрыжаваннях сучаснасці здараюцца моманты, калі інтарэсы сутыкаюцца. Прыклад — падзеі ў Кыргызстане, дзе ёсць амерыканская база. Між тым, былы прэзідэнт гэтай краіны атрымаў прытулак у Беларусі. Як гэта ўспрымаецца амерыканскім бокам?
— Знаходжанне Бакіева ў Беларусі — гэта рашэнне беларускіх уладаў, якое яны прынялі, і займацца гэтым пытаннем ім. Важна зараз, каб высілкі часовага ўрада ў Кыргызстане па нармалізацыі і стабілізацыі сітуацыі далі свой плён, каб у краіне адбыліся свабодныя і празрыстыя выбары. Але Кыргызстан — не тое мейсца, дзе я зараз працую. Мае паўнамоцтвы заключаюцца ў тым, каб гаварыць аб адносінах Злучаных Штатаў з Беларуссю. Што тычыцца адносін паміж Злучанымі Штатамі і Расіяй, то абедзве краіны прымаюць рашэнні, зыходзячы са сваіх інтарэсаў.
— У чым Злучаныя Штаты бачаць значэнне Беларусі ў агульнаеўрапейскім кантэксце?
— На гэта пытанне поўны адказ павінна даць сама Беларусь. Як нядаўна сказаў беларускі міністр замежных спраў спадар Мартынаў, Беларусь не жадае быць часткай Расіі, не жадае быць часткай Еўрасаюза, Беларусь хоча быць часткай Еўропы. Цяпер засталося дачакацца, каб Беларусь вызначылася з тым, што гэта азначае. Еўрасаюз выказаў свой пункт погляду, свае пажаданні наконт таго, што Беларусь мусіць здзейсніць, калі яна імкнецца пашырыць рамкі свайго супрацоўніцтва з ЕС.
— У чым на сённяшні дзень супадаюць і ў чым разыходзяцца пазіцыі ЗША і Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі?
— Пытанне, якое задаюць пастаянна. Іншы раз думаю, можа, я нешта выпусціў з-пад увагі. Я не бачу гэтых адрозненняў, пра якія гавораць. Злучаныя Штаты і Еўрапейскі саюз адначасова, па адных і тых жа прычынах, прынялі санкцыі. Адначасова ж, па адных і тых жа прычынах, зменшылі санкцыі. Яны аднолькава занепакоеныя сітуацыяй з правамі чалавека, адсутнасцю адкрытасці, празрыстасці і магчымасцяў людзей у Беларусі самім вызначаць сваю будучыню.
У залежнасці ад умоў і абставін, працэсы па фарміраванні палітыкі могуць адрознівацца. Галоўнае ж тое, што ў выніку, нягледзячы на працэсы, палітыка ў адносінах да Беларусі аднолькавая.
Такім чынам, я сапраўды не бачу ніякай розніцы паміж палітыкай, якую праводзіць Еўрапейскі саюз, і палітыкай, якую праводзяць Злучаныя Штаты ў дачыненні да Беларусі.
— Праграма «Усходняе партнёрства» практычна забуксавала яшчэ на старце. Ці ёсць, на Ваш погляд, сэнс прыкладаць намаганні па яе актывізацыі ў выключна эканамічных межах? Ці ўсё ж трэба рабіць акцэнт, як Вы і адзначалі, на каштоўнасцях?
— Наш пункт погляду (і памочнік дзяржаўнага сакратара Гордан казаў пра гэта не аднойчы), што праграма «Усходняе партнёрства» — гэта цудоўная ініцыятыва. Яна стварае магчымасці для шасці краін — удзельніц гэтай праграмы. Ад іх залежыць, як скарыстацца магчымасцямі. У праграме два кампаненты — шматбаковае супрацоўніцтва і двухбаковае. У Беларусі было мала прагрэсу ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва, што ёсць вынікам беларускага выбару.
Еўрапейскі саюз — аб’яднанне краін на грунце агульных каштоўнасцей, якія падзяляюцца і больш шырокай еўраатлантычнай супольнасцю. «Усходняе партнёрства» — гэта той механізм, які быў прапанаваны як механізм далучэння да супрацоўніцтва на базе гэтых агульных каштоўнасцей. Ці скарыстацца ж гэтымі магчымасцямі — гэта ўжо залежыць ад той ці іншай краіны. Усе чакаюць эфекту праз паўгода-год, хаця, зразумела, гэты працэс патрабуе значна большага часу. Але мы ўбачым накірунак, які абралі краіны. На гэтым этапе, як мы бачым, Беларусь выказвае найменшы інтарэс да ўключэння ў гэтыя працэсы.
— У свой час ЗША адыгралі адну з асноўных роляў у вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі. Нядаўна завяршыўся працэс над Мікалаем Аўтуховічам. Ён асуджаны на пяць гадоў, хаця па сутнасці ўсе абвінавачванні супраць яго рассыпаліся. Беларускія праваабаронцы ацэньваюць гэты працэс як палітычна матываваны. Ваша пазіцыя на гэты конт?
— Супрацоўнікі амбасады прысутнічалі на пасяджэннях суда. Мы ўважліва назіралі за працэсам і, як адзначылі ў сваёй заяве, занепакоеныя прысудам, вынесеным Мікалаю Аўтуховічу і яго калегам. У гэтым і іншых выпадках мы падкрэслівалі беларускім уладам важнасць прытрымлівацца належных юрыдычных працэдур. І спадзяваліся, што беларускія ўлады скарыстаюцца гэтай магчымасцю, каб прадэманстраваць сваю прыхільнасць да выканання юрыдычных працэдур і судовую незалежнасць. На жаль, ёсць прычыны ўсумніцца ў адпаведнасці гэтага працэсу ў тым, што тычыцца грамадзянскіх правоў спадара Аўтуховіча і трох другіх чалавек.
Калі ў Беларусі не будзе прадэманстравана большай павагі да базавых правоў чалавека, нам будзе складана ўбачыць магчымасці паляпшэння нашых адносін.
— У гэтай сувязі, якая Ваша ацэнка сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі ўключна з апошнімі захадамі па кантролю за інтэрнэтам?
— На жаль, мы наглядаем узрастаючы ціск на сродкі масавай інфармацыі, што ёсць праяўленнем агульных негатыўных тэндэнцый у сферы правоў чалавека. Гэта папярэджанні газетам, ціск на журналістаў, пастаянная дазіроўка доступу ў дзяржаўную сістэму распаўсюду. Гэта і прымяненне артыкула 193–1, і артыкулаў, якія прадугледжваеюць крымінальную адказнасць за права людзей на свабоду сходаў і выказвання свайго меркавання. Гэта і нежаданне беларускіх уладаў прыслухацца да рэкамендацый БДІПЧ, каб забяспечыць неабходныя ўмовы для правядзення свабодных і празрыстых выбараў. Гэта і патэнцыйная пагроза абмежавання доступу да інтэрнэта. Паглядзім, як сітуацыя з інтэрнэтам будзе выглядаць пасля 1 ліпеня.
Як мы ўжо адзначалі, усе гэтыя акалічнасці будуць брацца пад увагу, калі мы будзем прымаць рашэнне па санкцыях у лістападзе бягучага года.
— У Беларусі набліжаецца прэзідэнцкая выбарчая кампанія. Ці будзе гэта кампанія ў полі зроку амбасады ЗША? У якіх рамках, па якіх крытэрыях будзе ацэньвацца легітымнасць будучых выбараў прэзідэнта?
— Ключавы момант — працэс, правядзенне выбараў. Не толькі на дзень галасавання, але ўсёй кампаніі. Паўтаруся, у ЗША няма фаварытаў, няма любімчыкаў. Мы звяртаем увагу на працэс і сістэму. У гэтым ёсць інтарэс любога абранага чыноўніка — мець легітымны мандат, відавочны як для людзей, якія яго абралі, так і для краін-партнёраў, з якім ён будзе супрацоўнічаць. І таму мы будзем глядзець, ці сапраўды з’явіцца ў людзей Беларусі магчымасць свабодна абіраць і ці будуць выбары сапраўды празрыстымі і адкрытымі.
На жаль, зыходзячы з таго, як былі праведзены мясцовыя выбары, сітуацыя не ўнушае адпаведнай упэўненасці. Мы адкрыта віталі крок Беларусі ўвесну 2009 года да супрацоўніцтва з БДІПЧ, з партыямі і грамадскімі арганізацыямі па пытаннях удасканальвання выбарчага заканадаўства ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. На жаль, гэта супрацоўніцтва спынілася гэтак жа нечакана, як і пачалося. Мы спадзяемся, што беларускі ўрад адновіць супрацоўніцтва, каб забяспечыць выбарчаму працэсу адкрыты і празрысты характар. І хто б у такіх умовах ні быў абраны — гэта выбар людзей, і ў Злучаных Штатаў не будзе ніякіх пытанняў.
Наша палітыка вельмі простая: правы чалавека і санкцыі — узаемазвязаныя. Мы адкрытыя да супрацоўніцтва і пошуку сфер, якія цікавыя для абодвух бакоў. Калі ёсць нешта такое, у чым ЗША могуць дапамагчы беларусам, у Злучаных Штатаў няма прычын, каб гэтага не рабіць.
— Ёсць працэс, але ёсць і імітацыя працэсу. Як тут быць?
— Мы адкрытыя для дыялога, але павінен быць дыялог, скіраваны на дзеянні, а не на размовы. І, на маё меркаванне, стаўленне Еўрапейскага саюза да гэтага не адрозніваецца ад нашага падыходу.
— Афіцыйныя беларускія СМІ часта папракаюць ЗША і Еўрасаюз у выдзяленні грантаў для беларускай апазіцыі. А ці выдзяляюцца гранты беларускім дзяржаўным установам, у тым ліку праз амбасаду?
— Мы не аказваем падтрымкі дзяржаўным установам, за нязначнымі выключэннямі, калі гэта тычыцца, напрыклад, рэстаўрацыі помнікаў культуры. Але гатовыя аказваць падтрымку ў тых сферах, дзе наша дапамога відавочна і адназначна пойдзе на карысць беларускага народа. Напрыклад, у вяртанні дзяцей-сірот у біялагічныя ці прыёмныя сем’і. Яшчэ адна сфера — дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта дзейнасць ажыццяўляецца намі ў супрацоўніцтве з грамадзянскай супольнасцю, а ўжо недзяржаўныя арганізацыі могуць іншы раз працаваць у партнёрстве з дзяржаўнымі структурамі. Тое ж можна сказаць пра супрацоўніцтва па супрацьдзеянню гандлю людзьмі. Напрыклад, мы падтрымалі недзяржаўную арганізацыю ў Брэсце, якая стварыла гарачую лінію дапамогі ахвярам гандляроў людзьмі.
Мы аказваем падтрымку у арганізацыі кансультацый для прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу. Падтрымліваем пэўныя ініцыятывы ў сферы адукацыі. Мы імкнёмся дапамагчы Беларусі ўсталяваць праграму MBA — ступені магістра ў сферы кіравання бізнесам, якая б цалкам адпавядала сістэме кваліфікацыі, прынятай у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
Усё гэта мае важнае значэнне, бо адкрывае людзям магчымасці быць удзельнікамі, творцамі працэсаў, якія не ёсць толькі вынікам рашэнняў, што прымаюцца ўладамі.
Урад ЗША вельмі цэніць грамадскае партнёрства, якое дапамагае знаходзіць аптымальныя варыянты рашэння самых розных праблем. Гэта называецца адкрываць прастору для новых ідэй і, такім чынам, для новых магчымасцей. Гэта працэс, які ўцягвае, а не выключае, садзейнічае творчасці, а не абмяжоўвае яе.
— А якое жыццё дыпламата Майкла Скэнлана па-за працай?
— Я прытрымліваюся той формулы, што павінна быць прафесійнае жыццё і прыватнае. Баланс паміж імі — гэта ключ. І калі вам пашанцуе, то і праца, і прыватнае жыццё будуць прыносіць асалоду.
--------------------------------------------------------------------------------------
Даведка
Майкл Скэнлан прыехаў у Беларусь 30 чэрвеня 2009 года ў якасці Часовага паверанага ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі.
Сп. Скэнлан распачаў дыпламатычную працу ў 1991 годзе ў амбасадзе ЗША ў Лондане. У 1992 годзе ён удзельнічаў у падрыхтоўцы да адкрыцця амерыканскай амбасады ў Алматы. З 1993 па 1995 год узначальваў палітыка-эканамічны аддзел амбасады ЗША ў Бішкеку, а з 1995 па 1996 год займаў такую ж пасаду ў Ерэване. З 1996 па 1998 год Майкл Скэнлан быў прыкамандзіраваны да Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дзе працаваў на пасадзе спецыяльнага дарадцы Кіраўніка па цывільных зносінах пераходнай адміністрацыі ААН ва Усходняй Славоніі (UNTAES), Харватыя. З 1998 па 2000 год быў кіраўніком палітычна-эканамічнага аддзела консульства ЗША ва Уладзівастоку, дзе на працягу трох месяцаў выконваў таксама абавязкі галоўнага консула. У гэты ж перыяд сп. Скэнлан быў накіраваны на шэсць месяцаў у Падгорыцу (Чарнагорыя) для адкрыцця прадстаўніцтва ЗША. Пазней з 2000 па 2002 год узначальваў аддзяленне амбасады ЗША ў Баня-Луке (Боснія і Герцагавіна), а з 2002 па 2004 год займаў у Дзярждэпартаменце ЗША пасаду спецыяльнага дарадцы па пытаннях Украіны, Малдовы і Беларусі ў офісе каардынатара амерыканскай дапамогі краінам Еўропы і Еўразіі. Апошнім прызначэннем перад прыездам у Беларусь была пасада Кіраўніка аддзела тэхнічнай дапамогі органам правааховы і правасуддзя ў амбасадзе ЗША ў Кіеве, якую ён займаў з 2004 па 20008 год.
У 1984 годзе Майкл Скэнлан атрымаў ступень бакалаўра ў школе замежных спраў Джорджтаўнскага універсітэта, а ў 1989 годзе — ступень магістра міжнародных зносін у школе права і дыпламатыі універсітэта Тафтс.
Майкл Скэнлан атрымаў шэраг ганаровых узнагарод Дзярждэпартамента ЗША. Валодае баснійскай, сербскай і рускай мовамі. Вывучае беларускую.