Яшчэ раз пра Гіль-Радыёнава
Артыкул «Дыягназ — здраднік. Гіль-Радыёнаў і яго брыгада», што быў надрукаваны ў НЧ, не пакінуў мяне абыякавым. Справа ў той катэгарычнасці, з якой аўтар наклейвае ярлык здрадніка на Гіля-Радыёнава.
Канешне, фігура Гіля-Радыёнава неадназначная і прыцягвала да сябе ўвагу шматлікіх даследчыкаў. Адразу пасля вайны імя яго замоўчвалася, потым быў перыяд асуджэння (60-я — 70-я гады). Падчас перабудовы надышоў перыяд рэабілітацыі і гераізацыі, аддачы яму належнага. Зараз, са з’яўленнем у некаторых перыядычных выданнях («Совершенно секретно», «Народная газета», «Новы Час») асуджэння ў здрадзе, зноў пачынаецца новы перыяд? Ды колькі ўжо можна? Ці гэта ўжо ў нашым нацыянальным характары — асуджаць, уздымаць на шчыт і зноў скідаць? І як гэта ўсё чытаць, чуць і бачыць яго сыну Вадзіму, што жыве ў Мінску, кандыдату тэхнічных навук, зараз пенсіянеру, былому загадчыку крыягеннай лабараторыі інстытута цяпла і масаабмену АН РБ? І як было яго дачцэ Галіне — кандыдату фізіка-матэматычных навук, выкладчыцы Харкаўскага ўніверсітэта (памерла ў 2015 годзе).
Дык хто ж такі Гіль-Радыёнаў? Ахвяра ці кат? Здраднік ці патрыёт? На шалі суда праўды трэба класці ўсе справы чалавека. Палон — гэта вельмі цяжкае фізічнае, псіхалагічнае і маральнае выпрабаванне для салдата, якога пазбавілі магчымасці бараніць родную зямлю. Па сталінскіх мерках, палон лічыўся ў нас не бядой, не трагедыяй чалавека, а яго ганьбай, цяжкай віной, і нават дзяржаўным злачынствам, за якое абавязкова трэба было караць і памятаць толькі тое, што палонныя — «ворагі народа». Немагчыма дакладна сказаць, што чакала пасля вайны Гіля-Радыёнава, калі б ён застаўся жыць — лаўры героя ці кляймо здрадніка. Ва ўсялякім выпадку, яго сям’я — жонка і двое дзяцей — не былі пакінуты дзяржавай і атрымлівалі ўсё належнае як нашчадкі загінулага: упарадкаванае жыллё, добрую пенсію і г.д.
Лёгка судзіць людзей, седзячы ва ўтульным кабінеце, абклаўшыся падручнікамі па палітграмаце. Але ў жыцці ўсё нашмат складаней і не ўпісваецца ў форму двухколернага свету: чорнага і белага.
Дзесяць гадоў таму я, кіраўнік школьнага музея Дараганаўскай СШ, разам з вучнямі нашай школы імкнуліся як мага болей даведацца Уладзіміра Гіля. Перачыталі шмат дакументальнай літаратуры, мемуараў, пазнаёміліся са многімі радыёнаўцамі і нават паплечнікамі Гіля. Улетку 2006 года мы пабылі ва Ушацкім раёне, дзе ўсклалі вянок на магілу земляка, наведалі вуліцу яго імя, паразмаўлялі з жыхарамі-старажыламі, якія асабіста ведалі яго, з кіраўнікамі раёна, наведалі велічны музей народнай славы і мемарыяльны комплекс «Прарыў». І ні ад каго не пачулі ніводнага дрэннага слова пра радыёнаўцаў. Некаторыя з іх мы запісалі на дыктафон.
Асабліва каштоўныя матэрыялы аб нашым земляку мы атрымалі ад былога пісара пры штабе Гіля-Радыёнава Г.С. Маркава, што жыў у Віцебску (памёр у 2015 годзе). Між іншым, яго пасляваенны лёс склаўся шчасліва. Працаваў начальнікам электрацэха, галоўным інжынерам Віцебскай ЦЭЦ, начальнікам дыспетчарскай службы «Віцебскэнерга», з 1957 года — член КПСС. Шмат разоў абіраўся дэпутатам Віцебскага гарсавета. На пенсію пайшоў у 80 гадоў. Быў старшынёй савета ветэранаў 1-й антыфашысцкай партызанскай брыгады і Савета ветэранаў вайны і працы Віцебскай вобласці. Меў шмат урадавых узнагарод. Мы перапісваліся з ім каля дзесяці гадоў, яго ўспаміны захоўваюцца ў нашым музеі. Яны выклікаюць давер, бо Маркаў з пачатку стварэння «Дружыны» і да мая 1944 года быў побач з Гілем.
Спадар Зміцер у сваім артыкуле прыводзіць характарыстыку Гіля, якую яму даў Пётр Калінін. Гэта цытата ўзятая з яго кнігі «Партызанская рэспубліка», выдання 1964 года. У 1973 годзе выйшла 3-е выданне гэтай кнігі, значна перапрацаванае, у якім ён хаця і асуджае Гіля, але і аддае яму належнае: «…Гіль-Радыёнаў загінуў, абараняючы Радзіму ад фашысцкіх акупантаў. Ён памёр як салдат, сумленны савецкі чалавек». Там жа ён піша, што партызанам ніяк не ўдавалася ўзарваць чыгуначны мост праз Друць, які ахоўвалі эсэсаўцы. Калі ж ахову даручылі роце «дружыннікаў» пад кіраўніцтвам старшага лейтэнанта Панчанкі, то яны 25 лістапада 1942 года самі ўзарвалі той мост і поўным складам са зброяй перайшлі на бок партызан. Далей, праўда, Калінін не піша, што Гіль, як сведчыць Маркаў, тут жа аддаў загад усёй дружыне на перадыслакацыю з усім узбраеннем і маёмасцю, патлумачыўшы назіральнікам ад СС, што дружына быццам бы ўзнята на пошукі ўцекачоў. Ужо тады дружына перайшла б на бок партызан, калі б не прыйшла сумная вестка: самі партызаны расстралялі Панчанку і ўсіх камандзіраў узводаў. Іх пакаралі за здраду. І Гіль дае каманду «адбой».
У артыкуле апісваюцца розныя карныя дзеянні «дружыннікаў». Але ў гісторыка-дакументальных хроніках «Памяць» тых раёнаў, дзе дзейнічалі радыёнаўцы, такіх звестак няма. А калі і ёсць, як, напрыклад, у хроніцы «Памяць. Вілейскі раён», то толькі станоўчыя. Тое ж самае можна знайсці і ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» т. 2. 1993 года, і ў «Беларускай энцыклапедыі» т. 5. 1997 года.
На сцяне велічнага мемарыяльнага комплексу «Прарыў», што ва Ушацкім раёне, адзначана і 1-я Антыфашысцкая партызанская брыгада, адна з 16-ці, што трапілі ў блакаду ў выніку антыпартызанскай аперацыі «Frühlingsfest». Іншага выйсця, як ісці на прарыў, не заставалася. На нарадзе камандзіраў брыгад было вырашана, што першымі ідуць радыёнаўцы як лепш узброеныя, навучаныя і абстраляныя. Нарэшце, ім трэба было змыць віну ўласнай крывёю. Радыёнаўцы пайшлі і зрабілі тое, чаго ад іх чакалі, заплаціўшы велізарную цану. Іх брыгада страціла 1026 чалавек. Перасталі існаваць 5 атрадаў і рота сувязі. Засталося 4 атрады (400 чалавек). У гэтым баі быў смяротна паранены і сам камбрыг.
4 ліпеня 1944 года брыгада злучылася з Чырвонай Арміяй. 20 жніўня новы камбрыг, былы камісар, Герой Савецкага Саюза Іван Цімчук разам з начальнікам штаба брыгады Барысам Панамарэнкам напісалі «Гісторыю ўзнікнення, арганізацыі і баявой дзейнасці 1-й Антыфашысцкай брыгады палкоўніка Гіля-Радыёнава». Яе рукапіс знаходзіцца ва Ушацкім музеі народнай Славы імя Уладзіміра Лабанка. У апошнім раздзеле сваёй працы «Агульныя высновы» яны адзначылі: «Высновы ясныя. Байцы і камандзіры 1-й Антыфашысцкай брыгады ў пераважнай большасці раней знаходзіліся на службе ў немцаў — цягам 11-ці месяцаў партызанскай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў крывёю і ахвярнасцю збавілі сваю міжвольную віну перад Радзімай. Баявы шлях 1-й Антыфашысцкай пакрыты славай перамог і падзякай мірных жыхароў. Яе гісторыя хоць на калiўца ўвойдзе ў Залатую кнігу гісторыі партызанскага руху Беларусі». Вось так!
Ані мы, ані аўтары шматлікіх мемуараў і дакументальнага фільма пра «Дружыну», ніхто іншы не імкнуцца гераізаваць Гіля-Радыёнава, не робяць з яго ўзорна-паказальнага героя. Але і чарніць яго нельга. Так, ён фармальна стаў здраднікам, узяў зброю з рук ворага. Але ўзяў яе, будучы выдатна падрыхтаваным ваенным, добра валодаючым нямецкай мовай, каб павярнуць супраць яго ж. Не яго віна, што атрымалася гэта не адразу, не проста. Ён выбраў адзіны правільны, магчымы ў яго становішчы, шлях вяртання да сваіх. Складаны, пакручасты, поўны недаверу сваіх жа. І ўрэшце да сваіх ён вярнуўся. Нават калі ёсць хоць якія падставы абвінавачваць яго ў здрадзе, то хіба не змыў ён яе сваёй крывёю? І таму давайце спынім нарэшце ўсе размовы пра яго, якія абражаюць нябожчыка і яго нашчадкаў.
На вайне няма герояў, ёсць толькі ахвяры. І Гіль-Радыёнаў — адна з іх, чалавек трагічнага лёсу.
Між іншым — пераход такога буйнога, звыш 2000 воінаў, добра ўзброенага і абучанага ваеннага фарміравання з германскага боку на савецкі з’яўляецца адзіным выпадкам за ўсю гісторыю Другой сусветнай вайны.
Ад рэдакцыі: Друкуючы артыкул Змітра Захарэвіча пра Гіля-Радыёнава мы, шчыра кажучы, разлічвалі на такія водгукі. Бо сапраўды, як піша спадар Бародзіч, трэба адыходзіць ад “двухколернага свету: чорнага і белага”. На жаль, уся беларуская гісторыя і гістарыяграфія — у спадчыне савецкіх часоў, дзе і быў гэты двухколерны свет. І мы памятаем пра Хатынь, але не ведаем пра Дражню, якая ад Хатыні — у некалькіх кіламетрах, і якую разам з жыхарамі спалілі не фашысты, а партызаны.
Постаць Гіля-Радыёнава — сапраўды супярэчлівая. Але трэба памятаць пра ўсе яго дзеянні, і абставіны, у якіх ён здзяйсняў тое, што здзяйсняў. Бо, малюючы мінулае чорным альбо белым, мы ніколі не даведаемся пра сапраўдную гісторыю Беларусі ўвогуле.