Хворы на рак Рыгор Кастусёў чацьверты раз сустракае дзень нараджэньня за кратамі
Старшыня партыі БНФ пакутуе ад хваробы і ў сваіх вершах з-за кратаў фактычна пакідае тэстамэнт на выпадак сьмерці ў вязьніцы.
17 красавіка былому старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву спаўняецца 67 гадоў. Ужо чацьверты дзень нараджэньня палітвязень сустракае за кратамі, піша «Радыё Свабода».
Арыштавалі Кастусёва 12 красавіка 2021 году, у дзень, калі ў былым СССР адзначалі Дзень касманаўтыкі. У лістах сваякам палітвязень часта згадвае гэтае супадзеньне, не абмінуў ён увагай сумную для сябе падзею і ў нядаўнім пасланьні.
«Хутка будзе тры гады з таго дня касманаўтыкі... Тры гады. За гэты час пастарэў на тры гады і ўсе не магу прывыкнуць да гэтай пары да свайго выгляду, калі гляджуся ў люстэрка. Не магу ўсьвядоміць, што здарылася ў пляне здароўя».
У зьняволеньні, яшчэ ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. Рыгор Кастусёў захварэў на анкалягічнае захворваньне. Некалькі разоў яму праводзілі абсьледаваньні, прызначалі лячэньне лекамі, але пры гэтым аблягчэньня ўмоваў утрыманьня палітык не дачакаўся.
З ПК-22 у Івацэвічах, дзе адбываў пакараньне Рыгор Кастусёў, сёлета ў пачатку году яго перавялі ў крытую турму ў Горадні.
У пачатку красавіка сваякам палітвязьня стала вядома, што яму зрабілі апэрацыю — вывелі катэтэр з мачавіка. Паводле зяця палітыка Дзьмітрыя Антончыка, апэрацыя зьняла небясьпеку разрыву пузыра ў Кастусёва, але ўскладніла знаходжаньне палітвязьня ў вязьніцы.
«Адразу пасьля апэрацыі Рыгора Кастусёва вярнулі ў камэру», — расказаў пра Кастусёва ягоны зяць Дзьмітры Антончык. У апошніх лістах зь няволі Рыгор Кастусёў напісаў пра стан здароўя.
«Яму рабілі аналіз крыві, дык паказьнікі дрэнныя: у два разы падвышаны бялок у крыві. Павялічаныя лімфавузлы. Таксама турбуе варыкоз на нагах. Але ён ня любіць пра гэта шмат паведамляць і думаць. Затое працягвае пісаць вершы. Вось прыслаў верш, прысьвечаны сваёй роднай вёсцы Цяхцін», — падзяліўся са Свабодай Дзьмітры Антончык і працытаваў верш Кастусёва, які той прыслаў з турмы.
Не забываю тых мясьцін,
Што мне даюць натхненьне, сілы,
Пад рэдкай назваю Цяхцін,
Ад нараджэньня родны, мілы...
У вершы Рыгора Кастусёва «Мой Цяхцін» 9 строфаў па 4 радкі. У апошніх радках верша Рыгор Кастусёў фактычна пакідае тэстамэнт на выпадак сьмерці ў вязьніцы.
...Пад шэры камень. Толькі той,
Што ўзяты з родных мне мясьцінаў.
І невялікаю плітой,
Дзе бачна, хто каго пакінуў.
Цяхцін — вёска ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласьці, дзе 67 гадоў таму Рыгор Кастусёў нарадзіўся, вырас і пачаў працоўную дзейнасьць.
Перасьлед Рыгора Кастусёва
12 красавіка 2021 года Рыгора Кастусёва затрымалі супрацоўнікі КДБ Беларусі ў яго дома ў горадзе Шклове Магілёўскай вобласьці і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар у Менску. Кастусёва, а таксама Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча, абвінавацілі ў спробе перавароту ў Беларусі.
У верасьні 2022 году суд прызнаў Кастусёва вінаватым у «змове з мэтай захопу ўлады» і асудзіў на 10 гадоў зьняволеньня. Беларускія праваабаронцы прызналі Рыгора Кастусёва палітычным вязьнем.