Гісторык Часлаў Будзька: Беларус ад прыроды ёсць еўрапейцам

У 1955 годзе ў Чыкага пабачыў свет першы том працы Часлава Будзькі «Кніжка аб Івашку Гарнастаю». Ён працаваў над працягам, але так яго ніколі і не выдаў, як не напісаў і кнігі, якую ўважаў надзвычай патрэбнай, — пра назвы Беларусь і Русь, як і не агораў зрабіць шырэйшую працу з свайго «канспэкта» — «Да гісторыі нацыянальнага ўсведамлення».

czaslaubudzka.jpg


Сын нашаніўца і пачынальніка кааператыўнага руху ў Беларусі Адвардага Будзькі Часлаў нарадзіўся 29 чэрвеня 1913 года ў Вільні. Ён скончыў Віленскую беларускую гімназію, а пасля, паводле згадак Антона Шукелойця, аддзяленне гісторыі гуманістычнага факультэту Віленскага ўніверсітэту.
Падчас навучання быў сябрам Беларускага студэнцкага саюзу, а потым не змог працаваць па спецыяльнасці. Каб зарабляць на жыццё Часлаў Будзька мусіў дадаткова скончыць кааператыўныя курсы і ўладкаваўся на працу ў адміністрацыі Саюзу кааператываў «Сполэм» спачатку ў Варшаве, а потым ў Кельцах. Менавіта там яго і заспела Другая сусветная вайна. З яе пачаткам Будзька вярнуўся ў Вільню і нейкі час працаваў пры выдавецтве, аднак у часе нямецкай акупацыі мусіў зноў выехаць нібыта праз сур'ёзныя разыходжанні з кс. Вінцэнтам Гадлеўскім. Так, гісторык паводле адукацыі апынуўся ў Нямеччыне на фізічнай працы.

pasviedczanniebudzka.jpg


Пры канцы вайны ўся сям'я Будзькаў трапіла ў Брытанскую зону акупацыі Нямеччыны і Часлаў нарэшце (хіба адзіны раз у жыцці) змог выкарыстаць для заробку свае прафесійныя гістарычныя веды — стаў працаваць настаўнікам гісторыі ў Беларускай гімназіі ў Ватэнштэце. Адначасова з выкладаннем заняўся выдавецкай дзейнасцю. Асаблівую цікавасць Часлаў Будзька меў да старажытнай беларускай гісторыі часоў Полацкага княства і Вялікага Княства Лістоўскага. Таму не дзіўна, што атрымаўшы магчымасць кнігадрукавання, ён пераклаў «беларускую» частку ўспамінаў Райнгольда Гайдэнштэйна, сакратара Стэфана Баторыя, і ў 1946 годзе выдаў з назвай «Пад Полацкам дажджы. Запіскі з 1579 году». Што праўда, з адукацыйнымі, відаць, мэтамі, Будзька ў згаданым тэксце паўсюль замяніў Літву на Беларусь, а літвінаў на беларусаў.  

reinhold.jpg


Акрамя таго, дзякуючы Чаславу Будзьку пабачыў свет у 1947 годзе «Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году (Выняткі)», а яшчэ ў 1946 годзе таксама прыгожы «Апокрыф» Максіма Багдановіча.
Настаўніцтва і выдавецкая праца трывалі нядоўга, у 1948 годзе Часлаў Будзька разам з сястрой Людвікай як перамешчаныя асобы выехалі на працу па кантракце ў Вялікабрытанію. Адтуль праз тры гады ім удалося перабрацца ў ЗША, дзе на той час атабарыліся бацькі. Усё наступнае жыццё Будзькаў было звязана з Чыкага. Тут утварыўся своеасаблівы сямейны «клан» Будзькаў-Пануцэвічаў, чые сем'і былі асабліва актыўныя ў беларускім царкоўным і грамадскім жыцці гораду.

apokryf.jpg


Пра асаблівасці свайго амерыканскага побыту Часлаў Будзька згадваў у лістах да дырэктара Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўта Тумаша:
«Ад чатырох гадоў хварэю. Цяпер ужо трэці месяц сяджу дома і лячуся. Лякарствы, аднак, ня столькі памагаюць, колькі шкодзяць. Др. Ермачэнка (ён прыяжджаў сюды на мэдычны кангрэс) радзіў майму доктару застасаваць новы мэдычны вынахад, доктар аднак сказаў, што гэты новы вынахад (нейкі атамны) стасуюць толькі ў найбольш крытычных выпадках, што найлепшым сродкам ёсьць усё-ж апэрацыя. А наогул мне ўжо ўсё надаела, і жыву толькі, абы дзень пражыць» (12.07.1952).
«Два тыдні я ўжо адпрацаваў. Працую цяпер на фабрыцы, якая вырабляе розныя рэчы з дроту. Мая работа палягае ў тым, каб круціць дрот, ці лепш кажучы — сачыць за тым, каб дрот круціўся. На рукі дастаю 44 даляры за 6 дзён. У суботу працую да 11 гадзін. Гэта найгорш мяне грызе, бо ня вельмі пазваляе разьбівацца па бібліятэках» (27.02.1957).
«Для інфармацыі таксама дадам, што ў Чыкаго жыве Вацлаў Студніцкі, быўшы кіраўнік віленскага архіву. Ён жывець пры дзецях, не працуе. Ён, халера, дастаў дазвол з унівэрсытэцкай бібліятэкі браць кніжкі да хаты. Гэтая акалічнасьць мне спаць не дае. Ты мог-бы мне таксама памагчы, каб мне пазволілі браць кніжкі да хаты?» (чэрвень 1953).

statut_1.jpg


Нягледзячы на неабходнасць зарабляць на пражыццё фізічнай працай, Часлаў Будзька імкнуўся займацца і творчай, ці, дакладней, даследчай дзейнасцю. Цікавасць да старажытнай гісторыі не пакідала яго.
З лістоў да Вітаўта Тумаша:
«Я рыхтую да друку найтаўсьцейшую кніжку, якая была выдана на эміграцыі. За гэтыя месяцы прырыхтаваў ужо каля 300 бачын, а канца яшчэ не відаць. Кніжка мае называцца «Кніжка аб Івашцы Гарнастаю», у якой будуць зьмешчаны ўсе дакуманты, якія можна дастаць тут на эміграцыі і якія адносяцца да 45 гадовай дзейнасьці Гарнастая (1513—1558 гг.) на розных урадах і дастойнасьцях. Пераважна будуць гэта дакуманты зь Літоўскай Мэтрыкі, але будуць і іншыя дакуманты, не ахопленыя Літоўскай Мэтрыкай, як прыватная перапіска, а таксама матарыялы з маскоўскіх крыніц, якія асьвятляюць галоўным чынам уплыў Гарнастая на замежную палітыку Вял. Кн. Літоўскага. Для малой ілюстрацыі маскоўскіх крыніц дам маленькую цытату: «И июня же в 5 день (1551 г.), в пятницу, Яков Остафьев из Литвы к Москве приехал. И сказал царю и великому князю, что он у короля был в Кракове, поклон правил и грамоту подал. И король (Жыгімонт Аўгуст) звал его ести, и он у короля ел. И на третий день велели ему быти у короля, и он у короля был. И король его отпустил, и грамоту ему дали, и на подписи подписано: «великому князю», а «царя» не написано. И он грамоты не взял, а говорил, что име царя и великого князя не сполна написано, и он того для грамоты не возмет. И король посылал по панов, и думал о том много, как написати, а его держали за тем четыре недели». И слышал, сказывает, от многих людей, паны приговаривали, чтоб написати «царем», и Горностай отговорил всем, что писати непригоже. <…>» (09.02.1954).
Па-за ўласнай працай над кнігай, Часлаў Будзька ўдзельнічаў у абмеркаваннях (пераважна лістоўных) тэкстаў калегаў, прысвечаных беларускай гісторыі. Наогул, тэма гісторыкаў і гістарычных даследаванняў паваеннай беларускай эміграцыі сёння мала даследавана, а пра тое, якія дыскусіі паўставалі ў асяроддзі эмігрантаў можна найбольш даведацца менавіта з ліставання. Вось прыклад заўвагаў Часлава Будзькі да артыкула Р. Максімовіча (Вітаўта Тумаша) Важнейшыя мамэнты культурных працэсаў Беларусі (Запісы БІНіМ. № 2(6). Нью Ёрк, 1954. С. 65—84):
«Гэты ліст я ў свой час ня скончыў, бо маю шмат клопатаў са сваёй кніжкай аб Гарнастаю, якая адбірае мне ўвесь час, а галоўна вычэрпвае нэрвы (не заўсёды ўдаецца знайсьці тыя кніжкі, якія патрэбныя мне на зарэз). Учора, напрыклад, я быў так расстроены, што ўвесь дзень блудзіў па горадзе, да хаты прышоў позна ноччу, раніцой меў страшэнны кацэнямэр (Кatzenjammer (ням.) — пахмелле. Н.Г), і ў гэтым часе прыйшоў якраз Твой ліст, ён мяне так узьбясіў, што я ледзь не пабіўся з усімі.
Цяпер ноч, я, як бачыш, ужо ўспакоіўся. Толькі што скончыў чытаць Твой артыкул, чытаў яго зусім бяз нэрваў, заўтра, думаю, Табе адпішу. Тэма Твая мяне мала абходзіць, у дыскусыю з Табой я залазіць ня буду, маю толькі некаторыя заўвагі.
Як я скончыў чытаць Твой артыкул, я паставіў сабе пытаньне: ці Ты завёў туды, куды хацеў завесьці? Бо што Ты ў канцы канцоў хацеў даказаць, ці тое, што мы эўрапэйцы, ці тое, што мы «тожэ эўрапэйцы»?
Калі ўважаць, што сьвет дзеліцца на Усход і Захад, а людзі на эўрапэйцаў і азіятаў, дык трэба адразу паставіць і ўсьведаміць сабе ясна, што такое эўрапэец, а што такое азіят?
Гэтыя рэчы, што праўда, мне чужыя, на падобныя тэмы я-б ніколі не пісаў-бы, але ўжо калі аб тым ідзе, скажу і я пару слоў на гэтую тэму.
Вось-жа, на мой пагляд, розьніца паміж эўрапэйцам і азіятам палягала-б у тым, што эўрапэец жыве сваім розумам, а азіят — чужым.
Я заўсёды ўважаў, што беларус па сутнасьці сваёй, без увагі на тое, якія ўплывы дзеілі на яго, быў заўсёды і астаўся эўрапэйцам, і не дзеля таго, што ён жыў у Эўропе, а што ён з прыроды ёсьць такім.
Ты таксама гаворыш можа тое самае, але пісаньнем сваім Ты забіваеш гэта. Аб гэтым можаць сьведчыць увесь разьдзел аб уплывах Бізантыі.
Што такое была Бізантыя? Па духу Бізантыя была Азіяй. Бізантыйскія іконы — гэта-ж ня была Эўропа. Эўрапэец (чалавек, які жыве сваім розумам) ня можа прызнаваць ніякіх канонаў ні догмаў! А бізантыйцы-ж выдумалі й трымаліся закасьцянелага канону ў маляваньні іконаў. Ікона для іх гэта ня быў абраз, а толькі сымбаль. Сымбаль, які меў выглядаць так, і толькі так, а ня інакш. Усякія вольнасьці ў гэтай галіне ўважаліся за ерась. І гэтая азіяцкасьць траплялася ня толькі ў справе іконаў, я гавару тут аб іконах толькі, як аб маленькім прыкладзе.
І калі мы гаворым аб уплывах на нас, эўрапэйцаў, азіяцкай Бізантыі, мы мусім здаваць сабе ясна справу, аб чым мы гаворым. Ці дзякуючы Бізантыі зрабіліся мы азіятамі, ці не? А калі мы азіятамі ня сталі, дык ці наогул можна гаварыць аб азіяцкіх уплывах? У чым гэтыя ўплывы праявіліся?
Бізантыя ўважала ўсякія ўхілы ад прынятай нормы за ерась. Ці яны нас, эўрапэйцаў, навучылі гэтаму? Ці яны нас, эўрапэйцаў, адвучылі самастойна думаць?
Усе памяткі нашай старажытнай архітэктуры і мастацтва, здаецца, парэчаць гэтаму. І не таму мы ня сталіся азіятамі, што Кіяў быў заваёваны татарамі, а Канстантынопаль туркамі, а таму, што для нас, эўрапэйцаў, бізантыйскія паняцьці былі чужымі, і мы на бізантыйскія каноны плявалі.
Вышуківаньне датаў на заканчэньне бізантыйскага «іга» — гэта ёсьць насьмешка над нашай гісторыяй. Па-Твайму-ж так выглядае, што мы толькі пад уплывам ветру з Захаду навучыліся ламаць каноны.
Па-мойму-ж, вецер з Захаду ці вецер з Усходу — гэта тое самае, што вада на гуся. Ні Усход не навучыў нас шанаваць канонаў, ні Захад не вучыў нас ламаць канонаў, мы па прыродзе сваёй, як супэр-эўрапэйцы, ніколі ня ўмелі шанаваць канонаў. А калі ідзе аб ламаньне іх, дык мы гэтай справе вучылі суседзяў. Глінка церабіў новыя сьцежкі ў Расеі, Манюшка й Міцкевіч у Польшчы. І ня толькі яны. Але ўсе яны мелі адну эўрапэйскую натуру — цывільную адвагу ісьці новымі сьцежкамі.
І справа ня ў тым, што на ўсходняй мяжы канчаецца Эўропа, а што Эўропа тая, якая пачынаецца на заходняй нашай мяжы, — вельмі сумліўная Эўропа. Бо-ж грэкі былі таксама эўрапэйцамі, можа нават у свой час — адзінымі эўрапэйцамі. Але калі павеяў на іх вецер з Усходу, яны сталіся бізантыйцамі, ці інакш кажучы, барбарамі. А колькі разоў ужо заходне-эўрапэйцы трацілі эўрапэйскае аблічча?» (23.06.1954).
У 1955 годзе ў Чыкага пабачыў свет першы том працы Часлава Будзькі «Кніжка аб Івашку Гарнастаю» памерам 423 старонкі. Далей ён працаваў над працягам, але так яго ніколі і не выдаў, як не напісаў і кнігі, якую ўважаў надзвычай патрэбнай, — пра назвы Беларусь і Русь, як і не агораў зрабіць шырэйшую працу з калісьці выдрукаванага ў «Беларускай газэце» (Мінск, 1942), а потым выдадзенага асобнай публікаткаю ў Ольдэнбургу (Нямеччына, 1947) свайго «канспэкта» — «Да гісторыі нацыянальнага ўсведамлення».
Яшчэ адной галіной цікавасці Часлава Будзькі быў беларускі арнамент. У 1979 годзе ён выдаў адмысловы альбом распрацаваных ім узораў, а пазней на старонках часопіса «Беларускі свет» публікаваў дадаткі.
Часлаў Будзька памёр у Чыкага 15 жніўня 1985 года, пакінуўшы па сабе цікавую спадчыну ў выглядзе шэрагу публікацый, якія ўсё яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў, гэтаксама, як і зробленыя ім «Выпісы да гісторыі Беларусі», што сёння, дзякуючы Янку Запрудніку, перахоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.