Уладзімір Анцулевіч — генератар Беларушчыны

Адышоў у лепшы свет Уладзімір Анцулевіч. Сёння гэтае імя наўрад ці штосьці скажа не толькі малодшаму, але і пэўнай частцы сярэдняга пакалення. Між тым, яно было вядомае ўсім, хто напачатку 1990-х цікавіўся рэальнай палітыкай.

Перадвыбарчы плакат Уладзіміра Анцулевіча. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 

Перадвыбарчы плакат Уладзіміра Анцулевіча. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 

Уладзімір Іванавіч быў заўсёды апантаны ідэяй новай Беларусі, адраджэннем яе гісторыі і культуры. Пры савецкай уладзе гэта было немагчыма: можно было пазбавіцца не толькі працы, але і свабоды. Аднак такі шанец дала гарбачоўская перабудова. Упершыню за шмат гадоў панавання камуністаў у насельніцтва з’явілася магчымаць выбіраць.

Таму, калі ў сакавіку 1990 года праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет БССР 12 склікання, Анцулевіч з галавой кінуўся ў працу. Ён, сябра БНФ, стаў даверанай асобай намесніка старшыні Сойма БНФ Юрыя Хадыкі. А на паўторных выбарах 5 мая 1990 года сам вылучыўся кандыдатам у дэпутаты па сталічнай Акадэмічнай выбарчай акрузе №27. На запаветны дэпутацкі мандат прэтэндавалі больш за дзесяць чалавек. Анцулевіч выйшаў у другі тур, аднак выбары не адбыліся з-за нізкай яўкі выбаршчыкаў (дарэчы, гэтая акруга так і не займела свайго кандыдата).

Вера Чуйко, Уладзімір Анцулевіч і Зянон Пазьняк не хаваюць свайго задавальненнея сабранымі подпісамі. Крыніца: Свабода, люты 1993 года. 

Вера Чуйко, Уладзімір Анцулевіч і Зянон Пазьняк не хаваюць свайго задавальненнея сабранымі подпісамі. Крыніца: Свабода, люты 1993 года. 


Аднак патэнцыял Уладзіміра Анцулевіча неўзабаве быў запатрабаваны. У канцы 1991-га — пачатку 1992 года Беларускі Народны Фронт абвясціў сваю галоўную палітычную мэту: правядзенне рэферэндуму па роспуску Вярхоўнага Савета 12 склікання і правядзенні новых выбараў па законапраекце, прапанаваным БНФ (частка дэпутатаў абіралася па прапарцыйнай, а частка — па мажарытарнай сістэме). Канешне, пракамуністычны Вярхоўны Савет ніколі б не прыняў адпаведнага рашэння. Роспуску парламента супраціўляўся і Савет Міністраў на чале з Вячаславам Кебічам.

Разлік жа БНФ палягаў у наступным: яго прадстаўнікі лічылі, што на дэрміновых выбарах яны атрымаюць большасць мандатаў, сфармуюць рынкавы ўрад і прыступяць да неабходных рэформаў. Аднак адзіная магчымасць гэта зрабіць была толькі ў тым, што атрымаецца сабраць не менш 350 тысяч подпісаў грамадзянаў (паводле закона БССР аб рэферэндуме ад 13 чэрвеня 1991 года).

Вялікая роля ў зборы подпісаў належала ініцыятыўнай групе, якая б здолела перамагчы бюракратычныя перашкоды і дамагчыся мэты. Лідар БНФ Зянон Пазьняк вырашыў зрабіць кіраўніком групы Анцулевіча — актыўнага маладога фізіка-навукоўца.

Ініцыятыўная група была створана 14 студзеня 1992 года, а 13 лютага дамаглася, здавалася б, немагчымага: рэгістрацыі пытання аб правядзенні рэферэндуму ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Магчыма, высокія чыны і самі махнулі рукой: маўляў, нічога вы не збярэце. Перспектыва, сапраўды, выглядала дрэнна. У Фронта не было моцных адміністрацыйных рычагоў, а тым больш — вялікіх грошаў. Дзейнічаць трэба было толькі па шчырасці, не баючыся ціску кіраўніцтва на працы.


Карыкатура з камуністычнай газеты на ідэю БНФ арганізаваць рэферэндум аб роспуску Вярхоўнага Савета і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары. Крыніца: Мы и время. – 1992. – № 18. 

Карыкатура з камуністычнай газеты на ідэю БНФ арганізаваць рэферэндум аб роспуску Вярхоўнага Савета і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары. Крыніца: Мы и время. – 1992. – № 18. 

Анцулевіч выкарыстаў свае навуковыя і адміністрацыйныя здольнасці на сто працэнтаў. Касцяк групы склалі надзейныя людзі (вялікую ролю тут адыграла Вера Чуйко), Беларусь пакрылася сеткай мабільных групаў прыхільнікаў рэферэндуму. На сустрэчах і ў незалежных ад дзяржавы СМІ яны распавядалі людзям пра неабходнасць змены парламента, пра тое, што Беларусь высілкамі ўрада Кебіча ўсё больш прывязваецца да маскоўскіх алігархаў і расійскай ваеншчыны, што альтэрнатыва нацыянальнаму адраджэнню толькі адна — гістарычная адсталасць.

І справа пайшла. Людзі сталі актыўна падпісвацца за прапанову аб рэферэндуме. Гэта вельмі напужала беларускія кіруючыя колы. Адны за адной рушылі заявы (у тым ліку і з вуснаў старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча) аб непатрэбнасці рэферэндуму. У сакавіку 1992 года ў Вярхоўным Савеце была створана пракебічаўская дэпутацкая групоўка «Беларусь», якая распачала актыўную дыскрэдытацыю рэферэндуму. 22 красавіка 1992 года парламенцкія рэакцыянеры пайшлі на хітрасць: з парушэннем працэдуры яны даабралі пяць новых членаў ЦВК. Менавіта гэтыя навічкі і павінны былі ўдзельнічаць у праверцы подпісаў. Сярод іх фігуравала і вядомая ўсім Лідзія Ярмошына.

Ідэя рэферэндуму актыўна цкавалася камуністычнай і прасаўмінаўскай прэсай. На яе старонках з’яўляліся зневажальныя карыкатуры і шаржы супраць рэферэндуму.

Аднак 13 красавіка 1992 года ініцыятыўная група пад аховай аўтаматчыкаў перадала сабраныя подпісы ў ЦВК, якая вынесла сваё заключэнне 11 мая. Згодна з заключэннем камісіі, у выніковым акце ініцыятыўнай групы значыўся 446601 подпіс, але падлік даў 442032 подпісы. Акрамя таго, камісія выключыла 58254 подпісы, сабраныя з парушэннямі заканадаўства ці з адступленнямі ад яго. Напрыклад, 5 грамадзян, якія паставілі свае подпісы, пражывалі за межамі краіны. Найбольшая колькасць подпісаў (46857) была забракавана камісіяй у сувязі з тым, што подпісы членаў ініцыятыўнай групы на падпісных аркушах былі завераны не пячаткай выканаўчага камітэта ці гарадскога (раённага ў горадзе з адпаведным адміністратыўным дзяленнем) Савета народных дэпутатаў, а пячаткай агульнага аддзела ці іншага органа выканкама (Пазьняк і Анцулевіч імкнуліся абвернуць такі маразм праз прэсу, надрукаваўшы ў «Народнай газеце» 28 сакавіка 1992 года артыкул «Пячатка выканкама — не пячатка выканкама, або Як шаноўная камісія зрабіла з закона дышаль»).

Тым не менш, Цэнтрвыбаркам згадзіўся, што сабрана неабходная — звыш 350 тысяч — колькасць подпісаў у падтрымку правядзення рэферэндуму. Гэта значыць норма, прадугледжаная законам, была выканана. Камісія перадала сваё заключэнне ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета. Рашэнне камісіі — заслуга, у тым ліку, яе старшыні Аляксандра Абрамовіча.

Такім чынам, першая бітва была выйграна. Аперацыя Анулевіча са зборам подпісаў — бліскучы прыклад эфектыўнай паліттэхналогіі, калі пры абмежаваных рэсурсах можна дамагацца патрэбнага выніку.


Карыкатура ў віцебскай дэмакратычнай газеце ў падтрымку ідэі БНФ арганізаваць рэферэндум аб роспуску Вярхоўнага Савета і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары. Крыніца: Выбар. – 1992. – 18 сакавіка. 

Карыкатура ў віцебскай дэмакратычнай газеце ў падтрымку ідэі БНФ арганізаваць рэферэндум аб роспуску Вярхоўнага Савета і правесці датэрміновыя парламенцкія выбары. Крыніца: Выбар. – 1992. – 18 сакавіка. 

Але ж і абаронцы старых парадкаў не спалі ў шапку (у гісторыю ўвайшла фраза, кінутая дэпутатам Лукашэнкам Пазьняку наконт рэферэндуму на парламенцкай сесіі 14 красавіка 1992 года: «Есть такая поговорка: хлопцы, не кричите “гоп”, пока не перепрыгнули»). Пачатак працы чарговай сесіі Вярхоўнага Савета ўвесь час адцягваўся. Калі ж гэта адбылося (20 кастрычніка 1992 года; парламент не збіраўся амаль паўгода), то кансерватары рашуча адмовіліся даць слова для выступу Анцулевічу і ставілі пытанне аб вызваленні Абрамовіча з пасады.

Цяжкую артылерыю кансерватары выцягнулі 27 кастрычніка 1992 года. Па пытанні рэферэндуму мусіў выступіць старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве Дзмітрый Булахаў. Даклад Булахава быў больш за дваццаць старонак. Члены ініцыятыўнай групы абвіначваліся ў махлярстве, падробках подпісаў. Булахаў крытыкаваў і ЦВК за тое, што яна прызнала 384 тыс. подпісаў, пужаў выдаткамі (480 млн. руб. на 1 верасня 1992 года).

Прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі БНФ выступілі супраць высноў Булахава. Дэпутаты Лявонцій Зданевіч, Мікалай Маркевіч, Ігар Гермянчук выказалі сумневы ў юрыдычнай кваліфікацыі старшыні камісіі.

29 кастрычніка 1992 года за праект пастановы аб правядзенні рэферэндуму 6 снежня 1992 года, прапанаваны дэпутацкай групай БНФ, прагаласавалі ўсяго 35 чалавек. Праект пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Савета аб адмове ад рэферэндуму падтрымалі 202 парламентарыі.

Для надання большай легітымнасці рашэнню Прэзідуму Вярхоўнага Савета аб адмове ад рэферэндуму 29 кастрычніка 1992 года Вярхоўны Савет прыняў адразу дзве пастановы: «Аб прапанове групы грамадзян Рэспублікі Беларусь аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндума» і «Аб Заяве Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб неабходнасці канстытуцыйных пераўтварэнняў у Рэспубліцы Беларусь”». Калі ў першай пастанове парушэнне заканадаўства закідалася групе грамадзян, то ў другой прэтэнзіі прад’яўляліся ўжо Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая, быццам бы, зарэгістравала неадпаведнае Канстытуцыі пытанне.

Нягледзячы на паразу, Анцулевіч працаваў і заставаўся актыўным членам БНФ. Новы этап барацьбы наступіў у сувязі з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, абвешчаным ім рэферэндумам (змена сімволікі, наданне рускай мове статусу дзяржаўнай, эканамічная інтэграцыя з Расіей, магчымасць прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет) і выбарамі ў Вярхоўны Савета Беларусі 13 склікання ў маі 1995 года.

Але Лукашэнка перамог на рэферэндуме, а ў Вярхоўны Савет 13 склікання не трапіў ні адзін прастаўнік БНФ. Анцулевіч лічыў, што такая параза — вынік палітыкі Пазьняка. 8 ліпеня 1995 года на IV з’ездзе БНФ адбыліся выбары старшыні Сойма БНФ. З вуснаў Хадыкі, Анцулевіча, Антончыка гучала жорсткая крытыка на адрас Пазьняка, і ўпершыню ў гісторыі Фронта выбары яго лідара праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. Хадыка стаў галоўным канкурэнтам Пазьняка — і ўсё ж апошні перамог з вялікім адрывам. Пазьняк выказаўся за ўмацаванне структур БНФ шляхам ператварэння Фронта ў партыю з моцным кіруючым ядром, разгалінаваным сецівам рэгіянальных арганізацый, жорсткай дысцыплінай і фіксаваным прыёмам членаў. Пазьняк адзначаў, што прыярытэтам для БНФ з’яўляецца выпуск друкаваных выданняў, задачай якіх стаў бы прарыў інфармацыйнай блакады, створанай уладамі.

Што да Анцулевіча, то ён сышоў з вялікай палітыкі, займаўся грамадскай дзейнасцю, а свае веды і здольнасці перадаваў малодшаму пакаленню у сталічнай гімназіі №5.

Уладзімір Іванавіч Анцулевіч не дажыў да сваёй мары: бачыць Беларусь беларускай і заможнай. Але тое, што ён шмат рабіў для гэтага, ніколі не будзе забыта.