Андрэй Кудзіненка: «таркоўшчына» перашкаджае развіццю кінематографа

Ёсць прымаўка, што жыццё — гэта тое, што адбываецца з вамі, калі вы будуеце абсалютна іншыя планы. Рэжысёр Андрэй Кудзіненка някепска зведаў яе сэнс на сабе. Спачатку патрапіў у стыпендыянты адмысловага фонду кіраўніка Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, затым за сваю стужку «Акупацыя. Містэрыі», што ледзь не легендай стала ў цесненькім асяродку беларускага кіно, — перавандраваў у няміласць да чыноўнікаў ад культуры.



5a7f963e5e0504740c3a6b10bb6d4fa5.jpg

Ёсць прымаўка, што жыццё — гэта тое, што адбываецца з вамі, калі вы будуеце абсалютна іншыя планы. Рэжысёр Андрэй Кудзіненка някепска зведаў яе сэнс на сабе. Спачатку патрапіў у стыпендыянты адмысловага фонду кіраўніка Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, затым за сваю стужку «Акупацыя. Містэрыі», што ледзь не легендай стала ў цесненькім асяродку беларускага кіно, — перавандраваў у няміласць да чыноўнікаў ад культуры. У лепшых традыцыях жанру, малады рэжысёр з’ехаў за мяжу, здабыў там досвед ды поспех і з трыумфам вярнуўся на радзіму па запрашэнню тых самым чыноўнікаў. Ды яшчэ на сваіх умовах: здымаць не «партызанку», а нікому невядомы «бульба-хорар».
Пра працу рэжысёра ў атачэнні бухгалтараў, расплаўленыя інтэрнэтам мазгі і натуральнасць вурдалакаў з Андрэем Кудзіненкам размаўляла Вольга Хвоін.
— Чаму пагадзіліся супрацоўнічаць з «Беларусьфільмам»?
— Мне патэлефанавалі з прапановай супрацоўніцтва, паказалі некалькі сцэнараў, але яны не ўразілі. Тады я прапанаваў свой, з умоваю, што не будуць моцна крэмзаць мастацкую частку, ідэю, бо хацеў зрабіць кіно паводле сваёй задумы.
— Кіраўнік Мінкульта Павел Латушка на апошняй нарадзе абураўся, што ў Беларусі не здымаецца нічога з мясцовым каларытам. У міфічным сюжэце «Масакры» многа нацыянальнага?
— Канешне. У Беларусі многа легендаў пра ваўкалакаў ды пярэваратняў. У раёне Мядзела мясцовыя краязнаўцы раскажуць вам гісторыю, падобную да сюжэту фільма, хаця сцэнар нашай казкі, ці «бульба-хорару», пісаўся па навеле Праспера Мерымэ «Локіс». Некалі нарком Луначарскі напісаў па ёй сцэнар, і на нямы фільм «Мядзведжае вяселле» людзі ішлі валам. Нават знакаміты Эйзенштэйн скардзіўся, што яго «Браняносец Пацёмкін» не такі папулярны.
— Вы самі ў казкі верыце?
— У казкі — веру. У Дзеда Мароза — не.
— Чым адрозніваецца арганізацыя працы на студыі Лунгіна і на «Беларусьфільме»?
— У Паўла Лунгіна, калі мы здымалі «Розыгрыш», адначасова ў вытворчасці знаходзілася тры стужкі. Але фінансавыя справы вялі толькі тры бухгалтары. У «Беларусьфільме» папяровымі справамі займаецца цэлы аддзел. Тут засталася сістэма з савецкіх часоў, і яна вельмі марудная, няўклюдная. Напрыклад, здымачная змена традыцыйна доўжыцца дванаццаць гадзін, у нас — восем. За гэты час не заўсёды можна паспець завяршыць працу, а здымкі вымагаюць часам і чакання надвор’я, нейкіх знешніх адпаведных умоў. Таму многа даводзіцца будаваць на пэўных асабістых зацікаўленасцях, кантактах. Яшчэ адзін момант: у Расіі рэжысёр мае наяўныя грошы для арганізацыі здымак. У нас усе фінансы ідуць праз бухгалтэрыю, пасля выпісвання рахункаў, запаўнення папер, падпісання дазволаў. Самі разумееце, што дынамікі працэсу гэта не надае.
— На камерцыйны поспех «Масакры» разлічваеце?
— Хутчэй за ўсё, пасля таго, як праца завершыцца — а мяркуецца гэта зрабіць да чэрвеня, — фільм будзем спрабаваць заявіць на кінафестывалі. Тады лягчэй выходзіць у пракат. У Расіі ў бюджэце фільма рэклама займае каля трыццаці працэнтаў. Рэклама фільма «Піцер FM» увогуле ў два разы перавышала бюджэт на вытворчасць. На «Масакру» было вылучана каля пяці мільярдаў рублёў, больш за трыццаць працэнтаў ад сумы — гэта студыйныя выдаткі, плюс падаткі. На рэкламу запланавана патраціць каля дваццаці мільёнаў рублёў. Глядач цяпер ідзе найперш на рэкламу, а не разбіраецца, які з пракатных фільмаў добры, а які кепскі. Напрыклад, амерыканская стужка «Змрок» (Twilight) вельмі пасрэдная, але за кошт рэкламы мае добрыя касавыя зборы. Каб беларускае кіно стала камерцыйна паспяховым, трэба зрабіць вельмі многа: ад банальнага развіцця сістэмы кіназалаў да стварэння інстытуту прыватнага прадзюсерства.
— У Міністэрстве культуры гавораць, што трэба вяртаць у Беларусь маладых спецыялістаў, якія выехалі за мяжу вучыцца кінамастацтву. А гэтыя студэнты думаюць, як замацавацца на рынку працы ў Расіі, Еўропе, ва Украіне. Якім пернікам іх можна заманіць назад?
— Хай спачатку яны паспрабуюць там застацца, бо не так лёгка замацавацца ў кінаіндустрыі Еўропы. У Беларусі ж трэба ствараць умовы, якія б садзейнічалі актывізацыі кінажыцця. Развіваць фестывальны рух, арганізоўваць міні-гранты для малабюджэтнага кіно, кароткаметражнага, думаць пра прыцягненне спонсараў. Хай сабе спачатку гэта будуць дзяржаўныя праграмы і праекты, але з часам яны маглі б перарасці ў нейкі рух. Цяпер здымаць кіно проста: узяў камеру і зрабіў кіно на сваім кампутары. Можна падумаць пра стварэнне фонду дэбютаў, які напаўняўся б за кошт адлічэнняў з пракату замежных фільмаў. Але галоўнае — стварыць канкурэнцыю, далучыць да працэсу прыватныя студыі. Гэта выявіла б абсалютна іншыя сцэнарыі, новыя варыянты прасоўвання кінапрадукцыі на рынку. Канешне, хацелася б, каб у кінапрацэсе ўдзельнічалі і тэлеканалы, хаця ў нас яны і некамерцыйныя. Цяпер ва ўсім свеце ў вытворчасці кіно найбольш задзейнічана тэлебачанне, а не банкаўскія ці дзяржаўныя структуры.
— Вы лёгка дрэйфуеце паміж жанрамі кіно. Што найбольш запатрабаванае цяпер, і чаго не хапае на рынку кінапрадукцыі?
— Цяпер здымаць кіно намнога прасцей, чым дзесяць гадоў таму. Але няма руху знізу. Мы ўвесь час гаворым «дзяржава», а дзе рух знутры? Яго няма. Прыйшло інфантыльнае пакаленне. Канешне, інтэрнэт дае інфармацыйную свабоду, магчымасці кантактаў, але і адначасова растварае мазгі. Чалавек стаў мысліць кліпава, коміксна. Сюжэт, сэнс цяпер падмяняецца дынамікай, відовішчнасцю, спецэфектамі. Серыялы бяруць сваёй сентыментальнасцю, размазанасцю. Форма дамінуе над зместам. У Расіі вялікая праслойка рэжысёраў, якія здымаюць сумнае фестывальнае кіно з разлікам на прызы, сваё элітарнае месца ў грамадстве. Гэта традыцыя з 1980–1990-х гадоў, усе гуляюць у вялікіх мастакоў і хворыя на «таркоўшчыну» і «муратаўшчыну». Я сам люблю і Таркоўскага, і Сакурава. Але лічу, што агулам гэта кепска ўплывае на развіццё кінематографа. Такое кіно мусіць быць, толькі дзе іншыя жанры? Дзе трылеры, камедыі, добрыя дэтэктывы? Вельмі мала моладзевага кіно, дзіцячага ўвогуле няма. Серыялы неяк запаўняюць пустоты, але ў іх і планка ніжэйшая.
— І што спадабалася з апошніх прагледжаных стужак?
— З расійскіх фільмаў — «Пятніца 12-е». Свежы фільм, зроблены з гумарам, драйвам, добрым падборам акцёраў. «Шчаслівы канец» — цікавая інтэрпрэтацыя Гогаля.
— Значную частку сваіх фільмаў вы здымалі па сцэнарах Аляксандра Качана. Чым так глянуліся яго работы?
— Гэта ж добра, што ў рэжысёра ёсць «свой» сцэнарыст, які піша тое, што ты хочаш пабачыць. Феліні, напрыклад, многа працаваў з італьянскім драматургам Тоніа Гуэра. Насамрэч, асабліва гэта тычыцца жанравага кіно, цяпер цяжка знайсці добрага сцэнарыста, які мог бы якасна напісаць гісторыю, адчуваў, што запатрабавана ў грамадстве, не быў адарваны ад рэальнасці, меў не архаічнае мысленне. У Беларусі, і не толькі — вялікая праблема з адукацыяй сцэнарыстаў. Новых імёнаў амаль няма. Сітуацыю можна было б выправіць, стварыўшы якасную сцэнарную школу. Гэта можа быць, напрыклад, сумесны адукацыйны курс ва Усерасійскім дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі. Але галоўнае — павышэнне статусу сцэнарыста і ганарарнай базы. Насамрэч, гэта рэдкая і прэстыжная прафесія, і аплачвацца яна мусіць годна. У Беларусі ганарар сцэнарыста поўнаметражнага фільма — каля трох тысяч долараў, у Расіі — ад дваццаці да ста пяцідзесяці тысяч.
Тое ж тычыцца і рэжысуры. У 1990-я ў Беларусі выпускаліся тры курсы рэжысёраў, але за гэтыя гады ў прафесіі ў Беларусі засталіся адзінкі: ці апантаныя, ці тыя, каму пашанцавала. Многія з’ехалі за межы краіны.
— У «Масакры» занятыя ў тым ліку і расійскія акцёры. Не знайшлі годных тут?
— У мяне ёсць як беларускія, так і рускія. Усе, лічу, добрыя. Напрыклад, наша актрыса Паліна Сыркіна — вельмі перспектыўная, еўрапейскага ўзроўню. На ролю князя тут акцёра знайсці не атрымалася — ні па тыпажу, ні па патрабаваннях. Таму запрасілі Дзмітрыя Мілера. У Расіі вялікі выбар, вялікі акцёрскі рынак. На ролі часта запрашаюць расійскіх акцёраў, бо яны вядомыя, глядач ідзе на «зорак». Я падыходжу з іншага боку: трэба браць «незамыленыя» твары, новыя. Канешне, «зорка» нясе камерцыйны складнік, але часам, наадварот, раздражняе. На экране добра бачыць новых людзей.
— Не кожны рэжысёр можа сказаць, што пасля аднаго праекту адразу займаецца другім. Чым запаўняюцца паўзы паміж дзейнасцю?
— У любым выпадку, падчас аднаго праекта думаеш пра іншы. Шукаеш грошы, новыя ідэі, сцэнары, магчымасці іх рэалізацыі. Свае паўзы я часта запаўняю наперш фестывалямі. Гэта кантакты, новыя знаёмствы, людзі, месцы. З добрай стужкай па фестывалях можна ездзіць больш трох год, калі захацець. Другое — зноў-такі абдумванне новых ідэй і спосабаў іх увасаблення.
— Як прыходзяць ідэі? Ёсць варыянт, як стварыць фільм «Моцны арэшак»: чалавек пабіў у ваннай люстэрка, наступіў на яго босай нагою, і тут прыйшло натхненне, дзе і як можна выкарыстаць сітуацыю з босымі нагамі і бітым шклом...
— Па-рознаму. Сцэнарый можа паўстаць з жыцця, літаратуры, газетнай нататкі. Учора глядзеў фільм з удзела Рычарда Гіра, сцэнарый да якога быў напісаны на аснове артыкула ў «Эсквайры». Можа быць рымейк старога фільма, а можа — сон. Альфрэд Хічкок пісаў, што ўвесь час хацеў ухапіць ідэю са свайго сну, але ніколі не было пад рукою асадкі. Аднойчы запісаў, пабег чытаць нараніцу свае начныя нататкі, а там фраза «хлопец сустрэў дзяўчыну». Геніяльная ідэя!
— Да вас такія «ідэйныя» сны прыходзяць?
— Па-рознаму. Гэта можа быць як ідэя, адпраўная кропка. Мне падабаецца прынцып творчасці Міхаіла Чэхава: задай пытанні свайму ўяўленню і чакай адказу. Аднойчы яно дасць адказ у візуальных вобразах ці абстрактных рашэннях.