ЗША заяўляюць пра хакерскія напады на АЭС. Зноўку «расійскі след»?..
ЗША заяўляюць пра хакерскія напады на аб’екты атамнай энэргетыкі і іншыя энэргетычныя кампаніі 7 ліпеня. Кібэратакі, аднак, не паўплывалі на грамадзкую бяспеку і пастаўкі электраэнэргіі спажыўцам.
Як паведамляе агенцтва Bloomberg, атакі закранулі больш за дзесяць энэргетычных кампаній ЗША.
Bloomberg піша са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў, што хакеры «працуюць на замежны ўрад», і што ў дачыненні да нападаў падазраюць Расію.
У канцы мінулага месяца ФБР разам з амерыканскімі дэпартаментамі энэргетыкі і нацыянальнай бяспекі папярэдзілі, што энэргетычныя кампаніі знаходзяцца пад пастаяннай пагрозай кібэратакі.
У чэрвені супрацоўнікі ФБР правялі гутаркі з шэрагам супрацоўнікаў кампаніі Kaspersky Lab ў ЗША. Агенты адзначылі, што ФБР цікавіць, як дзейнічае Kaspersky Lab ў ЗША, у прыватнасці, якім чынам дадзеныя пра працу кампаніі перадаюцца ў Расію. У заяве Kaspersky Lab гаворыцца, што іх абвінавацілі без «якіх-небудзь пераканаўчых доказаў». Раней заканадаўцы ЗША выказвалі занепакоенасць, што расійскія чыноўнікі могуць выкарыстоўваць прадукты Kaspersky Lab для здзяйснення нападаў на амерыканскія кампутарныя сеткі.
Радыё Свабода